Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Садаўскас-Квяткявічус: КДБ вэрбуе ў Друскеніках


Ромас Садаўскас-Квяткявічус
Ромас Садаўскас-Квяткявічус

Літоўскі журналіст Ромас Садаўскас-Квяткявічус, рэдактар тыднёвіка "Druskininkų naujienos" піша пра эканамічную вайну Расеі супраць Літвы, пра ўплыў беларускай прапаганды на жыхароў Друскенікаў.

У маіх любых Друскеніках, дзе мы ўвесь тыдзень слухалі, як тут жа, адразу за літоўска-беларускай мяжой, на палігоне ў Гожы беларускія і расейскія вайскоўцы рэпэтуюць захоп нашай краіны, разявіць рот аб тым, што самапавага і адчуваньне сваёй вартасьці важнейшыя за аднадзённы эканамічны інтарэс, публічна выказаць ня надта ёмка.

Бо тут у кожным доме беларускія тэлеканалы, якія штодня аблайваюць Эўропу і Літву, ідуць больш якасна, чым літоўскія, а падарожжы празь мяжу кормяць усіх, хто ня хоча задавольвацца сацыяльнай дапамогай або пэнсіяй. Сярод іх нямала былых і цяперашніх службовых асобаў, супрацоўнікаў дзяржаўных установаў і мясцовага самакіраваньня, якія маюць магчымасьць карыстацца ня толькі адкрытай інфармацыяй. Паводле аднаго былога службоўца, які часта езьдзіць у Беларусь, афіцэры беларускага КДБ бяз доўгіх прадмоваў запрапанавалі яму магчымасьць ня мець праблемаў у памежжы ўзамен за за рэгулярна падаваную інфармацыю наконт асобаў і ўстановаў, якія іх цікавяць.

Колькі ўсяго такіх падарожнікаў празь мяжу было завэрбавана, застаецца толькі здагадвацца. Месцам сустрэчаў такіх зьбіральнікаў інфармацыі пра Літву адпаведныя літоўскія органы ўжо некалькі гадоў таму называлі падпарадкаваную Беларусі мэдычную ўстанову, якая дзейнічае ў Друскеніках. Прапановы папрацаваць на Беларусь паступалі і польскім турыстам, якія спыняліся ў гатэлях гэтага курорту.

Мне ўжо цяжка зразумець, каторы жыхар Друскенікаў, гаворачы пра даваныя ў суседняй краіне кватэры маладым сем’ям, незьдзірванелыя палеткі неразагнаных там калгасаў, цэны на паліва без эўрапейскіх акцызаў, але ня згадваючы пра памеры тамтэйшых заробкаў і пэнсіяў, занадта часта глядзіць прапагандысцкія перадачы замежнай дзяржавы, а каторы ўжо на яе і працуе. Рэха стрэлаў з палігону ў Гожы іх не палохае, а толькі натхняе — бо там жа, паводле іх, страляюць свае.

Таму, радуючыся срэбру, заваяванаму літоўскімі баскетбалістамі, давайце не забудзем уголас нагадаць, што каманда Расеі з эўрапейскага чэмпіянату вярнулася дадому ўжо пасьля некалькіх ганебных паразаў у папярэдняй падгрупе. Тыя стрэлы ў паветра каля нашых межаў і забарона на ўвоз літоўскіх малочных прадуктаў азначаюць толькі тое, суседзі лютуюць і трацяць кантроль над сабою, бачачы нашу цьвёрдую пазыцыю, якая становіцца прыкладам для мільёнаў людзей на постсавецкай прасторы: вось тыя самыя «лабусы», якія разам зь імі былі ў Савецкім Саюзе, цяпер ня толькі перабеглі да ворагаў, але і кіруюць Эўразьвязам і запрашаюць далучыцца да праграмы Ўсходняга партнэрства Ўкраіну і іншыя краіны. Езьдзячы на закупы ў буйныя літоўскія гандлёвыя цэнтры, нават паслухмяныя Аляксандру Рыгоравічу беларусы вяртаюцца, страціўшы веру ў дасканаласьць сваёй сыстэмы.

Маё пакаленьне і старэйшыя за мяне людзі яшчэ памятаюць эканамічную блякаду 1991 году, калі жыхары друскеніцкіх мікрараёнаў варылі ежу на раскладзеных у дварах вогнішчах і залівалі ў «жыгулёнкі» бэнзін, выменены ў гарадзенскіх вайскоўцаў за літоўскую гарэлку. Калі мы выстаялі тады, дык цяпер нас тым болей не перамагчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG