Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выкладчыца, якая біла па руках Ясю Малашчанку за нежаданьне слухаць дзяржаўны гімн, магла быць у стане афэкту, лічыць маці.

Маці Ясі Малашчанкі, якую нібыта пабіла выкладчыца за нежаданьне слухаць дзяржаўны гімн, сустрэлася з адміністрацыяй школы. Паабяцалі, што больш такога не паўторыцца, але прабачэньня не папрасілі.

24 верасьня прэсавая служба БХД паведаміла, што вучаніцу адзінай у Баранавічах беларускамоўнай клясы Ясю Малашчанку зьбіла настаўніца за нежаданьне слухаць дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Інцыдэнт адбыўся на ўроку музыкі, калі настаўніца апавядала пра афіцыйныя дзяржаўныя сымбалі. Дзяўчынка адмовілася слухаць дзяржаўны гімн і дэманстратыўна закрыла вушы рукамі, патлумачыўшы, што ў ім не сьпяваецца пра Бога, а яе гімн — «Магутны Божа». Тады настаўніца нібыта накінулася на яе, пачала палохаць, біць па руках і адрываць іх ад вушэй.

Гэтая навіна хутка разьляцелася па сродках масавай інфармцыі і выклікала масавае абурэньне. Асобныя інтэрнэт-карыстальнікі прапанавалі нават стварыць грамадзкі трыбунал, прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці ўсю адміністрацыю школы, а настаўніцу ўнесьці ў чорны сьпіс неўязных у Эўразьвяз.



Як расказала Радыё Свабода маці дзяўчынкі Тацяна Малашчанка, сам інцыдэнт адбыўся 13 верасьня на перадапошнім уроку, але бацькі вырашылі не агучваць справу і чакалі выбачэньняў, якіх так і не дачакаліся. Дзяўчынцы дазволілі не прысутнічаць на выкананьні дзяржаўнага гімну.

Тацяна Малашчанка з дачкой Ясяй

Тацяна Малашчанка з дачкой Ясяй

Сёньня адбылася сустрэча Тацяны Малашчанкі з кіраўніцтвам школы наконт інцыдэнту. На сустрэчу не пусьцілі журналістаў. Малашчанка кажа, што ў прынцыпе яны з адміністрацыяй памірыліся:

«Яны ня думалі, што падымецца такі вэрхал, і вельмі шкадавалі. Баранілі выкладчыцу, нібыта яна больш за ўсіх пацярпела. І выкладчыца распавядала з такім жалем, у яе нават сьлёзы стаялі ў вачах. Магчыма, яна не ўсьведамляла, што робіць. Звальняць яе яны ня будуць. Мы дамовіліся, што гэта больш не паўторыцца. Яны сапраўды хацелі замірэньня. І дырэктар падміргваў неяк так. Усё вельмі пэдагагічна. А што я магла ім сказаць, калі іх было чацьвёра, а я адна?»

Дырэктар баранавіцкай школы № 14 пасьля сустрэчы заявіў Радыё Свабода, што канфлікт надуманы і што бакі дасягнулі згоды:

«Усё ў парадку. Што адбылося? Хай на гэта адказваюць тыя, хто даў гэтую інфармацыю ў інтэрнэце. Ніякага канфлікту не было. Будзем працаваць так, як і раней».
Ніякага канфлікту не было. Будзем працаваць так, як і раней

Дык ці зьбівалі Ясю Малашчанку? Маці кажа, што ў інтэрнэце журналісты перакруцілі і загаловак «занадта «брутальны»:

«Я ня згодная, як напісалі журналісты, што Ясю „зьбівалі“. Можна было неяк інакш. Але выкладчыца сапраўды ўжыла сілу, бо Яся супраціўлялася. Няўжо нельга было неяк больш пэдагагічна?»

Малашчанка кажа, што афіцыйнага прабачэньня ад адміністрацыі не дачакалася, а выкладчыца так і не прызнала сваёй віны. Яся Малашчанка будзе працягваць хадзіць у тую ж школу.

Прэсавы рэліз пра здарэньне быў разасланы прэсавай службай БХД. Тэкст складаў Павал Севярынец, які адбывае «хімію» ў Берасьцейскай вобласьці:

Павал Севярынец

Павал Севярынец

«Бацькі былі з самага пачатку падышлі да гэтага канфлікту з асьцярожнасьцю. Магу зразумець сям’ю Малашчанкаў, бо яны доўга дабіваліся беларускай клясы. І ўлады з рыпеньнем гэтую клясу адчынілі. Цяпер пад ударам стаіць уся гэтая справа», — кажа Павал Севярынец.

Паводле Севярынца, цяпер на бацькоў ціснуць, каб прыцішыць канфлікт:

«Калі ёсьць сам факт гвалту, як я даведаўся ад спадарыні Тацяны, то за гэта трэба цягнуць у суд, пазбаўляць магчымасьці выкладаць, і на гэтым пытаньне зачыняць. Настаўнік не павінен біць чалавека. Відавочна, сытуацыя мае ідэалягічную афарбоўку. Дзяўчына не хацела прызнаваць гімн, які ёсьць зараз, і гэта паслужыла прычынай неадэкватных паводзінаў з боку выкладніцы».

Палітык таксама апавёў, што неўзабаве плянуецца нацыянальны сход у абарону дзяцей, на якім будзе абмеркавана гісторыя з выкраданьнем дачкі Вячаслава Шэлега і справа Ясі Малашчанкі:

«Гэта зьвёны аднаго ланцуга. Рэжым б’е па дзецях, дзе сьвядома, дзе стыхійна. З гэтым трэба лічыцца, у Беларусі ад гэтага ніхто не застрахаваны. На памяці справа Саньнікава і маленькага Даніка. Таму бацькам трэба рабіць з гэтай гісторыі высновы і выступіць супраць рэжыму, які нападае на нашых дзяцей».

А вось што расказала сама Яся Малашчанка ў гутарцы з Аленай Радкевіч у эфіры Свабоды.

Радкевіч: «Яся, якога выніку гэтай справы ты хацела б, каб настаўніца папрасіла прабачэньня?»

Яся Малашчанка: «Так, праўда, я хацела б, каб настаўніца папрасіла прабачэньня, але і каб ўся гэтая справа скончылася добра».

Радкевіч: «Скажы, калі ласка, твае аднаклясьнік на чыім баку ў гэтай гісторыі — на баку настаўніцы ці на тваім?»

Яся Малашчанка: «Аліцыя на маім баку, а вось Вераніка — ня ведаю».

Радкевіч: «А ты пыталася ў Веранікі?»

Яся Малашчанка: «Ну, яна і за настаўніцу трохі, але больш за мяне».

Радкевіч: «А твае сяброўкі расказалі гэтую гісторыю сваім бацькам?»

Яся Малашчанка: «Я ў іх не пыталася, але Аліцыя па-мойму расказала бацькам».

Радкевіч: «А ты цяпер будзеш хадзіць на ўрокі сьпеваў?»

Яся Малашчанка: «Ня ведаю. Пакуль не папросіць прабачэньня, ня ведаю».

Радкевіч: «А чым табе гэтак не спадабаўся афіцыйны гімн. Ты ж магла проста пасядзець паслухаць гэтую музыку. Навошта ты ўступіла з настаўніцай у дыскусію?»

Яся Малашчанка: «Бо я адстойваю свае правы. Калі ён мне не падабаецца, дык я магу яго не вучыць».

Радкевіч: «А твой любімы гімн, я так зразумела — «Магутны Божа»?

Яся Малашчанка: «Так, яго нават у царкве сьпяваюць»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG