Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта патрэбная Дамова аб гандлі зброяй?


Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Кэры падпісаў на Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку Дамову, накіраваную на рэгуляваньне шматмільярднага сусьветнага гандлю канвэнцыйнай зброяй. Як гэтая дамова працуе і чаму важна, што ЗША падпісалі гэтае міжнароднае пагадненьне?


Якая мэта Дамовы?


Дамова аб гандлі зброяй ставіць перад сабой амбіцыйную мэту ў адказ на міжнародную занепакоенасьць тым, што 70 мільярдаў даляраў у год ад гандлю канвэнцыйнай зброяй пакідаюць магчымасьць для злачынстваў на гэтым шляху.

Дамова зьвязвае міжнародны гандаль зброяй з сытуацыяй з правамі чалавека.

Яна патрабуе ад краінаў стварэньня Палажэньня аб арганізацыі продажу зброі.

Яна заклікае праводзіць ацэнкі патэнцыйных угодаў па продажы зброі, каб вызначыць, ці могуць яны дазволіць пакупнікам ажыцьцяўляць генацыд, злачынствы супраць чалавечнасьці або ваенныя злачынствы.

Дамова таксама імкнецца прадухіліць, каб канвэнцыйная ваенная зброя ня трапіла ў рукі тэрарыстаў або арганізаваных злачынных групах, і спыніць угоды, якія парушаюць эмбарга ААН у гандлі зброі.

Што азначае падпісаньне дамовы Вашынгтонам?


Экспэрты кажуць, што подпіс Вашынгтона можа стаць пераломным момантам.

Злучаныя Штаты зьяўляюцца найбуйнейшым пастаўшчыком зброі ў сьвеце. Так што падтрымка ЗША і ратыфікацыя Дамовы мае важнае значэньне для яе посьпеху .
Выканаўчы дырэктар вашынгтонскай Асацыяцыі кантролю над узбраеньнямі Дэрыл Кімбал кажа, што афіцыйная падтрымка Злучаных Штатаў дае дамове патэнцыял, каб зьмяніць саму прыроду сусьветнага гандлю зброяй.

Якія віды зброі будуць рэгулявацца Дамовай?


Канвэнцыйная зброя паводле Дамовы ААН аб гандлі зброяй ўключае танкі і іншыя баявыя браніраваныя машыны, артылерыю, баявыя гелікоптэры, ваенна-марскія караблі, ракеты і ракетныя пускавыя ўстаноўкі, і стралковую зброю.

Дамова таксама ўстанаўлівае агульныя міжнародныя стандарты рэгуляваньня міжнароднага гандлю боепрыпасамі, часткамі ваеннай зброі і кампанэнтаў зброі.

Дамова не рэгулюе ўнутраны продаж або выкарыстаньне зброі ў любой краіне. Яна таксама прызнае законнасьць гандлю зброяй, які дазваляе дзяржавам забясьпечыць сваю ўласную бясьпеку.

Як ў Дамове вызначаны мэханізм яе выкананьня?


У тэксьце няма дакладнага мэханізму прымусовага выкананьня Дамовы аб гандлі зброяй. Таксама застаецца незразумелым, ці падпадаюць пад Дамову іншыя мэханізмы перадачы канвэнцыйных узбраеньняў, акрамя продажаў, такія як арэнда або падарункі.

Тым ня менш абаронцы кантролю над узбраеньнямі спадзяюцца, што дамова ўзмацніць ціск на экспарцёраў зброі, такіх як Расея, якая сьцьвярджае, што продаж зброі рэжыму сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада дазволены, бо не знаходзіцца пад эмбарга ААН.

Захад сьцьвярджае, што Расея, буйны гулец у сусьветным гандлі зброяй, павінна будзе спыніць пастаўкі зброі сырыйскаму рэжыму Асада, таму што сілы бясьпекі выкарыстоўвалі канвэнцыйную зброю дзеля забойства дзясяткаў тысяч мірных жыхароў падчас грамадзянскай вайны.

Хто падтрымлівае Дамову, а хто не?


Генэральная Асамблея ААН у красавіку сёлета зацьвердзіла Дамову аб гандлі зброяй, паклаўшы канец амаль дзесяцігодзьдзю перамоваў пра тое, наколькі строгай яна павінна быць.

154 члены ААН прагаласавалі за Дамову, 3 супраць, 23 краіны ўстрымаліся.

Іран, Паўночная Карэя і Сырыя, якіх даўно вінавацяць у распальваньні міжнацыянальных канфліктаў праз пастаўкі зброі, прагаласавалі супраць Дамовы.

Злучаныя Штаты прагаласавалі на карысьць Дамовы, нягледзячы на нязгоду з боку уплывовых амэрыканскіх лабістаў зброі.

Вялікабрытанія, Нямеччына, Францыя, Італія, Бэльгія, Нідэрлянды, Гішпанія і Канада таксама прагаласавалі за Дамову.

Сярод былых савецкія рэспублікі, якія прагаласавалі за Дамову, былі Ўкраіна, Грузія, Азэрбайджан, Малдова, Туркмэністан, Казахстан, Кыргызстан, і ўсе тры краіны Балтыі.

Расея і Кітай, якія зьяўляюцца аднымі з вядучых у сьвеце экспарцёраў канвэнцыйнай зброі, былі ў ліку краінаў, якія ўстрымаліся ад галасаваньня.

Ад галасаваньня ўстрымалася Беларусь, Эгіпет, Саудаўская Арабія, Емэн, Бахрэйн, Катар, Аман, Кувэйт, Індыя, Шры-Ланка, Інданэзія, Куба, Бірма і Ангола.

На сёньняшні дзень Дамову падпісалі 87 дзяржаваў, толькі чатыры зь якіх яго ратыфікавалі. Для таго, каб Дамова набыла моц, неабходна, каб да яе далучыліся 50 дзяржаваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG