Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 верасьня, пачынаючы з 20:00, Украіна мяняе правілы ўезду на сваю тэрыторыю.

25 верасьня, пачынаючы з 20:00, Украіна мяняе правілы ўезду на сваю тэрыторыю. Праз пункты спрошчанага пропуску з прычыны санітарна-карантынных мерапрыемстваў забараняецца ехаць аўтамабілямі, матацыкламі і нават роварам. Прайсьці можна толькі пешшу. Любы транспарт скіроўваюць на стацыянарныя міжнародныя пераходы. Пра гэта паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі з спасылкай на памежную службу Ўкраіны.

На тэрыторыі Гомельскай вобласьці дзейнічае паўдзясятка пунктаў спрошчанага пропуску. Абмежаваньні на ўезд закранулі сотні жыхароў прымежных паселішчаў Украіны й Беларусі.

На поўдні Гомельскага раёну ўжо больш за дзясятак гадоў існуюць пункты спрошчанага пропуску на ўкраінскую тэрыторыю: Глыбоцкае — Ільмаўка, Паддабранка — Дабранка. Людзі карыстаюцца імі, каб не губляць сваяцкіх сувязяў, дапамагчы адзін аднаму ў якой патрэбе ці купіць неабходны тавар. Цяпер гэта наўпрост забараняецца, бо пешы пераход дзяржаўнай мяжы робіцца адначасова й беставарным — мытнага кантролю тут няма, а дзейнічае толькі памежны.

Гаворыць жыхарка вёскі Глыбоцкае спадарыня Надзея:
Гэта жах адзін! Чаго ўжо забараняць той самы ровар?

«Гэта жах адзін! Чаго ўжо забараняць той самы ровар? Круціш сам — і едзеш. Гэта ж не матацыкл, не машына. Хочаце ўжо — забараніце часова праезд на аўтамашыне. Едуць да бацькоў туды — людзі ўсе на роварах. Яны ж да бацькоў едуць! Усе людзі старыя, вёскі выміраюць — пра што тут ужо можна гаварыць?»

У спадарыні Валянціны на другім баку беларуска-ўкраінскай мяжы жыве старэнькая маці, да якой цяпер напрасткі дабрацца складана:

«Гэта вельмі кепска! Канечне, вельмі кепска. У мяне брат і сястра ў Гомелі, а я ў вёсцы тут жыву. Маці нашай за семдзесят ужо. Таксама езьдзім на выходныя — забіраем праньне, забіраем усё, бо ў мацеры няма ані сілаў, ані пральнай машыны. Іншы раз у шпіталь сюды яе прывозім. А як пешшу несьці хаця б тую ж бялізну, каб памыць? Раней хоць можна было праз восем дзён прыехаць дапамагчы, а зараз ня ведаю, як і што яно будзе. Зрабілі зусім для народу кепска».

У вёсцы Глушкавічы Лельчыцкага раёну таксама дзейнічае спрошчаны пункт пераходу да ўкраінскага паселішча Майдан Капішчанскі. І сваякоў тут паабапал мяжы багата як у беларусаў, так і ва ўкраінцаў.

У спадарыні Тацяны, напрыклад, ва ўкраінскім Алеўску жыве бальшыня радні, у тым ліку й маці:

«Канечне, нязручна. Ні ўнукі бабу ня будуць бачыць, ні баба ўнукаў. Гэта ж немагчыма! Раней можна было колькі хочаш праяжджаць. Потым жа беларускі бок абмежаваў — два разы на пятнаццаць дзён. Плаціш, зялёную карту купляеш — і можна было ехаць ва Ўкраіну. Калі цяпер пешшу, то ўкраінскі Майдан — побач, а калі па раёне, то ня пойдзеш. Калі мне, напрыклад, у Алеўск, за 50 кілямэтраў, то я ж нагамі не зайду».
Калі мне, напрыклад, у Алеўск, за 50 кілямэтраў, то я ж нагамі не зайду

Жанчына кажа, што ўкраінскі бок забараняе прыватнікам увозіць і прадукты харчаваньня, прычым ня толькі мясныя, але й малочныя:

«Ні малочныя, ні мясныя — абсалютна нічога нельга. Забарона! Неяк і ў мінулым годзе забаранялі, потым дазволілі. І цяпер зноў забаранілі, як тая афрыканская чума прыйшла. Нічога нельга — ані хатняга, ані з крамы. Нават згушчонку, нават хатні тварог. Ніякай каўбасы — анічога. Брат да мяне прыяжджаў у госьці, я яму купіла малако канцэнтраванае і згушчонку. Украінцы на мяжы акт напісалі, забралі і ўтылізавалі».

Некаторыя жыхары памежных раёнаў лічаць, што абмежаваньні на ўезд і на ўвоз прадуктаў выкліканыя ня столькі санітарна-карантыннымі захадамі, колькі навядзеньнем парадку на мяжы ў зьвязку з жаданьнем Украіны ўступіць у Эўразьвяз. Прынамсі, да такой высновы прыходзіць і спадар Васіль са згаданых ужо Глушкавічаў, дазнаўшыся пра чарговыя абмежаваньні ўкраінцаў на пунктах спрошчанага пераходу:

«Што яны ўжо, у Эўразьвяз уступаюць, ці што? Ці што яны там надумалі? Калі чалавек жыве ва Ўкраіне і едзе, напрыклад, у Глушкавічы, дык ён мусіць у Мазырскі раён у Новую Рудню кіравацца? Ужо праз нас нельга? На цэнтральны пераход — так атрымліваецца. Дык гэты наш пераход трэба наагул закрыць, а мяжу абнесьці калючым дротам. Гаварылі ж, што яны зьбіраюцца ў Эўразьвяз».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG