Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэль гатовы імгненна зьнізіць кошты шэнгенскай візы для беларусаў


Пра гэта заявіў кіраўнік дэпартамэнту Расеі, «Усходняга партнэрства», Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЭ ў Эўрапейскай службе зьнешніх дзеяньняў Гунар Віганд. Высокі эўрапейскі чыноўнік знаходзіўся 24–25 верасьня зь візытам у Менску. Ён правёў перамовы з прадстаўнікамі МЗС і дэмакратычнай супольнасьці Беларусі.

Гунар Віганд — уплывовы чыноўнік з апарату кіраўніцы зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Кэтрын Эштан. Андрэй Дзьмітрыеў, адзін зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», непасрэдна размаўляў з брусэльскім чыноўнікам:

«Спадар Віганд сказаў, што на сёньняшні дзень Эўразьвяз адкрыты для супрацы зь Беларусьсю. Мы размаўлялі пра кошт шэнгенскіх візаў. І ён сказаў, што зьнізіць іх кошт можна імгненна, як толькі беларускі бок падпіша дакумэнты, зьвязаныя з такой прапановай Эўразьвязу. І тады візы будуць каштаваць удвая таньней. І гэта будзе выгадна ўсім — і беларусам, і эўрапейцам».

Андрэй Дзьмітрыеў сказаў, што ўдзельнікі сустрэчы прапаноўвалі, каб Брусэль, не чакаючы згоды беларускіх уладаў, зьменшыў кошт уязных дакумэнтаў у аднабаковым парадку. Аднак спадар Віганд адказаў, што такія рэчы немагчыма рабіць бяз згоды афіцыйнага Менску.

«І гэта сапраўды так», — кажа «Свабодзе» дырэктарка офісу «За дэмакратычную Беларусь» у Брусэлі Вольга Стужынская, якая даўно займаецца гэтай праблемай:
Эўракамісія ўжо амаль два гады таму даслала беларускім уладам запрашэньне пачаць перамовы пра візавую фасілітацыю і рэадмісію

«Эўракамісія ўжо амаль два гады таму даслала беларускім уладам запрашэньне пачаць перамовы пра візавую фасілітацыю і рэадмісію. Таму што кошт візы можа быць зьніжаны да 35 з цяперашніх 60 эўра толькі пры ўмове, што беларускі бок пагодзіцца на гэты дыялёг. Гэта магчыма толькі, калі абодва бакі пагаджаюцца. У аднабаковым парадку Эўразьвяз ня можа такога зрабіць. Таму што гэта дамова».

«Беларускія ўлады наўмысна не пачынаюць адпаведных перамоваў», — кажа палітоляг Алесь Лагвінец:

«Для ўладаў Беларусі супрацоўніцтва з Эўрапейскім Зьвязам ня ёсьць прыярытэтам. Яны б не хацелі шырэйшых кантактаў грамадзянаў Беларусі з грамадзянамі краін Эўрапейскага Зьвязу. Нават з апошніх заяваў Лукашэнкі бачна, што ён хоча прыпыніць частыя вандроўкі беларусаў за мяжу дзеля набыцьця тавараў штодзённага попыту. Гэта эканамічна нявыгадна рэжыму. І гэтым усё тлумачыцца.

І другое — я ўпэўнены, калі беларусы будуць вольна вандраваць у краіны блізкага замежжа за нашай заходняй мяжой, то яны будуць параўноўваць становішча тут і там і задаваць пытаньні. Таму тут усё зразумела. Дзяржава хоча кантраляваць сваіх грамадзянаў і ня хоча рабіць такія саступкі. Гэта робіцца на шкоду інтарэсам Беларусі і яе простых грамадзянаў».

Высокі эўрапейскі чыноўнік, дарэчы, паведаміў, што дамова аб палягчэньні візавага рэжыму і аб рэадмісіі Эўразьвязу з Армэніяй хутка ўступіць у сілу. На саміце «Ўсходняга партнэрства» ў Вільні напрыканцы лістапада плянуецца падпісаць падобныя дакумэнты з Азэрбайджанам. І тады Беларусь застанецца ў найгоршым становішчы з усіх шасьці краін «Усходняга партнэрства».

Андрэй Дзьмітрыеў кажа, што патрабаваньне з боку Брусэля да беларускіх уладаў вызваліць усіх палітычных вязьняў застаецца нязьменным:

«Спадар Віганд падкрэсьліў, што асноўнай умовай пачатку сапраўднага дыялёгу і тых магчымасьцяў, якія Беларусь можа атрымаць ад Эўразьвязу, зьяўляецца вызваленьне палітычных вязьняў. І яшчэ вельмі важна, што ён падкрэсьліваў: Эўразьвяз чакае, што ў Беларусі ня будуць зьяўляцца новыя палітычныя вязьні. Таму што вельмі важна вызваліць ня толькі тых, хто ўжо ёсьць, але і не працягваць такую практыку».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG