Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эфір 25 верасьня 2013 году

Аблічча сёньняшніх беларускіх гарадоў цяжка ўявіць бяз помнікаў Леніну. Бронзавыя, чыгунныя, бэтонныя, гіпсавыя — яны застаюцца на сваіх пастамэнтах у самым цэнтры паселішчаў, на галоўных вуліцах і плошчах, нагадваючы пра эпоху, якая мінула больш як два дзесяцігодзьдзі таму. Ля іх ужо не праводзяць, як калісьці, мітынгі і дэманстрацыі, рэдка хто прыносіць кветкі. Тым ня менш улада ўпарта трымаецца за гэтыя скульптуры зрынутага правадыра збанкрутаванай рэвалюцыі. Чаму?

З аднаго зь лістоў на гэтую тэму пачну сёньняшнюю размову. Наш даўні слухач і аўтар Кастусь Сырэль з Ушачаў піша:

«Помнікамі Леніну застаўлены звыш усякай меры ўсе нашыя вялікія і малыя гарады (апроч, бадай, Наваполацку). Стаіць такі помнік і ў нашым мястэчку. Пра такія помнікі звычайна кажуць: „Ня мае гістарычнай і мастацкай каштоўнасьці“. Нашага Ільіча гэта тычыцца асабліва. Яшчэ зусім нядаўна — пару месяцаў таму — ён вянчаў сабой грувасткую трыбуну з паліраванага граніту, на якой магло зьмясьціцца ня толькі наша раённае кіраўніцтва, але і ўсё Палітбюро на чале з дарагім Леанідам Ільічом. Але гэтым летам трыбуну зьнесьлі, пакінуўшы толькі пастамэнт з правадыром. У выніку такой мэтамарфозы помнік, калі на яго глядзець з пэўнага ракурсу, пачаў нагадваць сваімі абрысамі вялізную дулю, накіраваную вэртыкальна ў нябёсы (цікава, каму яна прызначана?). Асабліва гэтае падабенства выявілася, калі пастамэнт часова аздобілі чорнай тканінай.

Ня буду ставіць рытарычнае пытаньне, якое дачыненьне мае правадыр усясьветнага пралетарыяту да нашага мястэчка; адразу скажу — ніякага, і перайду да графіні Эміліі Францаўны Плятэр. Яна нарадзілася ў Вільні, пахаваная ў маленькім мястэчку Капчамясьціс, што недалёка ад беларускай мяжы ў Лазьдзіяйскім раёне Літвы — там устаноўлены помнік гераіні. Жыла ў Дынабургу, дзе быў маёнтак яе бацькоў (сёньня Даўгаўпілс, Латвія). Многа часу праводзіла ў сваякоў на Віцебшчыне. У час паўстаньня 1831 году сабрала атрад і пасьпяхова ваявала з расейскімі войскамі.

Якое дачыненьне мае Эмілія Плятэр да мястэчка Ўшачы? Вельмі блізкае — калісьці роду Плятэраў належаў маёнтак Ушачы. Так што прыгажуня і разумніца Эмілія магла бываць у сваякоў менавіта тут і сьпяваць беларускія песьні з ушацкімі сялянкамі — а сьпяваць беларускія песьні яна вельмі любіла; дарэчы, дасканала валодала такой манерай выкананьня, як „галашэньне“.

Вось чый помнік, на мой погляд, годна мог бы вянчаць сабой гранітны пастамэнт у цэнтры нашага мястэчка»
.

Нядаўна праяжджаў праз Ашмяны. Уразіла тое, што ашмянскі бронзавы Ленін пасьля рэканструкцыі цэнтральнай плошчы кудысьці зьнік. Адметнае на гэты конт тлумачэньне чыноўнікаў. Маўляў, правадыр замінаў усталяваньню на плошчы навагодняй ёлкі. Помнік абяцаюць паставіць недзе непадалёк, але ўжо не на самым ганаровым месцы...

Мяркую, рана ці позна гэтыя помнікі зьнікнуць паўсюль у Беларусі. Найперш, вядома, там, дзе іх рэстаўрацыя ці рэканструкцыя патрабуе значных выдаткаў (такія выпадкі ў некаторых гарадах і пасёлках ужо былі: бэтонныя і гіпсавыя фігуры зьнікаюць і ўжо не вяртаюцца на пастамэнты). Ну, а канчатковае разьвітаньне адбудзецца, відавочна, разам з заканчэньнем прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Дарэчы, вялікага піетэту да ленінскай спадчыны ўладная вэртыкаль не дэманструе і цяпер. Зусім магчыма, што Лукашэнка ў марах бачыць на месцы, якое вызваліцца на ленінскіх пастамэнтах, уласную фігуру: нездарма ж апошнім часам раз за разам паўтарае вельмі спрэчную тэзу пра тое, што ён збудаваў першую ў гісторыі незалежную беларускую дзяржаву. Але наўрад ці нашчадкі захочуць бачыць яго на гэтым месцы.

Наш слухач Барыс Руцько зь Менску, разважаючы пра сёньняшнія беларускія рэаліі, задумваецца над магчымымі сцэнарамі не такіх ужо далёкіх прэзыдэнцкіх выбараў. У сваім лісьце на Свабоду ён піша:

«Сёньня ўжо ўсе на ўласныя вочы бачаць: ні прагрэсу ў эканоміцы, ні стабільнасьці ў фінансавай сфэры ў нас няма. Шалёна растуць цэны (асабліва на прадукты харчаваньня). Даражэюць камунальныя паслугі. Двойчы за апошнія два тыдні вырас кошт бэнзіну.

Відавочна, што ўлада сутаргава шукае грошы. Адна за адной зьяўляюцца нейкія фантасмагарычныя прапановы наконт таго, як можна злупіць скуру зь беднага беларуса. То пастанаўляюць не плаціць пэнсію тым, хто ня ўсё жыцьцё пералічваў складкі ў пэнсійны фонд. То агучваецца прапанова зьдзіраць па 100 даляраў з усіх, хто едзе на закупы за мяжу. То прапануюць браць грошы за наведваньне паліклінік... Карацей, справа ясная: у бюджэце грошай няма. А да прэзыдэнцкіх выбараў застаецца менш як два гады. Ці зьявяцца за гэты час грошы?

Для мяне адказ адназначны: не. Адкуль іх можна ўзяць? Пазычыць на Захадзе? А хто дасьць, калі Лукашэнка з усімі пасварыўся? Чарговы раз ісьці на паклон да Расеі? Але ж ён і з Расеяй пасварыўся.

Ісьці на выбары пры цяперашнім становішчы спраў Лукашэнку вельмі небясьпечна. Застацца пры ўладзе ён можа толькі праз рэпрэсіі. Так што ўсіх нас чакае няпросты час. Думаю, многія беларусы ў такой сытуацыі захочуць проста зьехаць адсюль. А на апазыцыю асаблівых спадзяваньняў ніхто ня мае. Яна ў нас — проста пустое месца»
.

У канчатковым выніку, спадар Барыс, усё будзе залежаць ад беларускага грамадзтва. Сапраўды, тая эканамічная і сацыяльная мадэль, якую за два дзесяцігодзьдзі выбудаваў Лукашэнка, перажывае глыбокі крызіс. Улада адну за адной адбірае ў людзей усе так званыя «сацыяльныя заваёвы», якімі яшчэ нядаўна так ганарылася. Амаль зьнікла бясплатная вышэйшая адукацыя. Абрэзваюцца пэнсійныя праграмы. Вялікай праблемай стала ўладкаваць дзіця ў садок. Пакрысе адыходзяць у нябыт ільготныя крэдыты на будаўніцтва жыльля. Таго сацыялізму, пад сьцягам якога Лукашэнка ішоў да ўлады, ужо няма. Застаўся ад яго, па сутнасьці, адзін чырвона-зялёны сьцяг...

І тым ня менш амаль ні ў кога няма сумневу, што і ў гэтай сытуацыі аддаваць уладу Лукашэнка ў 2015 годзе не зьбіраецца. Якім чынам ён будзе гэта рабіць — здагадацца няцяжка. Пытаньне ў адным: ці гатовае грамадзтва і далей моўчкі цярпець гэта.

З арыгінальнымі ідэямі адносна таго, ува што павінны апранацца і абувацца беларусы, зьвяртаецца да нас Міхаіл Мялешка з Магілёва. Ён піша:

«Даўно пара дзяржаве зьвярнуць увагу на шкодніцкую сутнасьць сучаснай моды. Яна ж прыносіць вялікія страты народнай гаспадарцы. Напрыклад, да чаго вядуць голыя сьпіны, якія мы бачым на кожным кроку? Да радыкуліту, хандрозу, артрозу, рэўматызму ды іншых хваробаў. І вось гэтую модніцу, якая яшчэ ўчора была на 100 працэнтаў здаровай працоўнай адзінкай, сёньня ўжо трэба лячыць — марнаваць грошы на мэдыцыну ды на аплату лістка непрацаздольнасьці. І, дарэчы, мала каго цалкам вылечваюць.

Я ўжо не кажу пра высачэзныя абцасы. Тыя, хто іх носіць, — гэта будучыя інваліды і новыя страты для дзяржбюджэту. Адны пакалечаць ногі, другія зламаюць пальцы, трэція будуць пакутаваць ад скрыўленьня пазваночніка.

А яшчэ многія жанчыны нарошчваюць пазногці, вейкі. А потым на вытворчасьці і ў праектных бюро гоняць брак, не трапляюць пальцамі па патрэбных клявішах. Зьнікаюць добрыя адмыслоўцы, павялічваецца колькасьць трутняў.

Лічу, што гэта якраз той выпадак, калі лепш хваробы і калецтвы папярэдзіць, чым потым лячыць. А таму ўлада павінна быць заклапочана гэтай праблемай і распачаць яе вырашэньне. Магчыма, хтосьці і будзе абурацца, але гэта галоўным чынам вытворцы і гандляры, якія зарабляюць на модзе. А дзяржава павінна рабіць тое, што ёй выгадна. А выгадна ёй, каб усё насельніцтва было здаровым і працаздольным. Дзеля гэтага інтарэсамі моднай індустрыі і гандляроў-спэкулянтаў можна і ахвяраваць»
.

Калі кіравацца вашай, спадар Мялешка, лёгікай, дык найлепшае адзеньне — гэта ватоўка, а найлепшы абутак — кірзавыя боты. Ніякіх голых сьпінаў, ніякіх абцасаў. Мінімальныя выдаткі на вытворчасьць, і адначасова — поўная гатовасьць апранутага такім чынам чалавека да працоўных зьдзяйсьненьняў — ці ў шахце, ці на чыгунцы, ці на лесапавале... Нешта ў гэтым бачыцца знаёмае, вельмі падобнае да сталінскіх працоўных лягераў, куды гвалтам была загнана ледзь не палова насельніцтва... Вось там і апранутыя, і абутыя ўсе былі аднолькава. Можа, спадар Міхаіл, усё ж варта даверыць самім людзям вызначаць, як ім апранацца і абувацца, якую касмэтыку ўжываць (ці не ўжываць ніякай)? Гісторыя сьведчыць: калі такімі праблемамі пачынае займацца дзяржава — нічым добрым для людзей гэта не канчаецца.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG