Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Акадэміі МУС Беларусі распрацаваны размоўнік для міліцыянтаў, якія будуць несьці службу падчас чэмпіянату сьвету па хакеі ў 2014 годзе. Ён уключае 5 моваў: ангельскую, нямецкую, польскую, францускую і гішпанскую.

Паводле аўтараў выданьня, замежныя грамадзяне, якія размаўляюць на гэтых мовах, часьцей за іншых наведваюць спартыўныя спаборніцтвы, якія праходзяць у Беларусі, паведамляе сайт МУС Беларусі.

Размоўнік выйдзе фарматам 10×14,5 см, пад памер кішэні міліцэйскай курткі. У ім крыху больш за 100 старонак.

Першы такі дапаможнік распрацавалі ў міліцэйскай ВНУ яшчэ ў 1980 годзе, перад Маскоўскай Алімпіядай, некаторыя спаборніцтвы якой праходзілі ў Менску. Тады гэта быў толькі расейска-ангельскі размоўнік.

У кніжцы чатыры разьдзелы: «Зварот да грамадзян», «Арыентаваньне ў горадзе», «Дзяржаўная аўтаінспэкцыя» і «Зносіны ў крымінальных сытуацыях».

Апошні разьдзел павінен дапамагчы паразумецца з замежнікам, які стаў ахвярай злачынства. У ім — стандартныя ў такіх сытуацыях фразы: «Як выглядалі злачынцы?», «У якім кірунку яны ўцяклі?», «Як вы сябе адчуваеце?», «Ці можаце даваць паказаньні?» і г.д.

З 1 кастрычніка ў Акадэміі МУС Беларусі пачнуць вучыць ангельскую мову 75 міліцыянтаў зь Менску і Менскай вобласьці. Яшчэ 75 чалавек — з 20 студзеня 2014 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG