Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей знаходзіцца зь візытам у Нью-Ёрку на чале беларускай дэлегацыі, якая бярэ ўдзел у 68-й сэсіі Генэральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Макей возьме ўдзел у шэрагу міжнародных мерапрыемстваў высокага ўзроўню. Сярод іх — агульная дыскусія ГА ААН, спэцыяльнае мерапрыемства старшыні ГА ААН па мэтах разьвіцьця тысячагодзьдзя, міністэрская сустрэча групы сяброў па барацьбе з гандлем людзьмі, сустрэча высокага ўзроўню па ядзерным раззбраеньні, міністэрская сустрэча Руху Недалучэньня і іншыя, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.

Акрамя таго, заплянаваныя сустрэчы Макея з кіраўніцтвам міжнародных арганізацый сыстэмы ААН, міністрамі замежных спраў краін-сяброў ААН дзеля абмеркаваньня дынамікі і пэрспэктыў узаемадзеяньня.

Макей, які раней быў кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта, да 2013 году знаходзіўся ў сьпісе беларускіх чыноўнікаў, якім быў забаронены ўезд у шэраг заходніх краінаў. У сьпіс неўязных ён быў унесены як асоба, датычная да жорсткага разгону акцыі 19 сьнежня 2010 году і перасьледу апазыцыі.

У ліпені 2013 году адбыўся першы за тры гады візыт Уладзімера Макея ў Брусэль на паседжаньне міністраў краін «Усходняга партнэрства».
XS
SM
MD
LG