Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі апазыцыі сустрэліся з Гунарам Вігандам

абноўлена

Гунар Віганд
Гунар Віганд

24 верасьня ўвечары ў Менску прадстаўнікі беларускай апазыцыі сустрэліся з кіраўніком дэпартамэнта Расеі, «Усходняга партнэрства», Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЭ Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Гунарам Вігандам.

У сустрэчы бралі ўдзел лідэры АГП, партыі «Справядлівы сьвет», БХД, партыі БНФ, кампаніі «Гавары праўду», сацыял-дэмакраты і Руху «За свабоду».

Паводзячы вынікі сустрэчы старшыня АГП Анатоль Лябедзька сказаў, што сустрэча ў нефармальнай атмасфэры доўжылася амаль тры гадзіны:

Анатоль Лябедзкьа
Анатоль Лябедзкьа
«Частка размовы была закрытай, гэта што тычыцца камунікацый спадара Віганда з намесьніцай міністра замежных спраў Купчыной. Пасьля Менску Віганд ляціць у Маскву, то бок яго паездка адбываецца па ня простым маршруце.

Мае ўражаньні ад гэтай сустрэчы такія. Калі па палітычных вязьнях і іх вызваленьню ўсё застаецца нязьменным, хаця пра гэта трэба абавязкова нагадваць на кожнай такой сустрэчы. Але што тычыцца сумленных, свабодных выбараў як галоўнага прыярытэту для ЭЗ, то за гэта трэба яшчэ пазмагацца. Відаць, у Брусэлі ідзе выпрацоўка стратэгіі і ідзе дыскусія паміж прыхільнікамі таго, ці інтэграваць любымі сродкамі беларускі рэжым у нейкую дзейнасьць у фармаце Ўсходняга партнэрства. Ці ўсё ж такі выкарыстоўваць сытуацыю, якая складваецца ўнутры краіны і зьнешніх накірунках, каб паспрабаваць вырашаць нейкія грунтоўныя праблемы — свабодныя, сумленныя выбары для Беларусі».


Губарэвіч: унутры Беларусі павінны адбыцца пэўныя зьмены


Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч
Першы намесьнік старшыні Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч адзначыў, што спадар Віганд цікавіўся сытуацыяй у Беларусі і пра пляны на бягучы палітычны пэрыяд. Паводле Віганда, асноўнай тэмай размовы з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску была сытуацыя вакол удзелу Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве. Хто ж возьме ўдзел у саміце Ўсходняга партнэрства ў Вільні?

«Дакладна кандыдатура і асоба, якая будзе прадстаўляць Беларусь на саміце, не называлася. Аднак эўрапейскі бок зацікаўлены ў тым, каб Беларусь была прадстаўлена на гэтым мерапрыемстве. І зноў такі яны пацьвердзілі сваю зацікаўленасьць у паўнавартасным удзеле Беларусі ва ўсіх працэдурах Усходняга партнэрства. Аднак дзеля гэтага павінны адбыцца пэўныя зьмены ўнутры самой Беларусі».


24 верасьня на сустрэчы з журналістамі эўрачыноўнік адзначыў , што яго візыт зьяўляецца часткай спробаў ЭЗ стаць бліжэй да Беларусі ў межах «Усходняга партнэрства», саміт якога заплянаваны на канец лістапада ў Вільні. Ён заявіў, што вызваленьне і рэабілітацыя палітвязьняў застаюцца «неабходнай і абавязковай умовай для нармалізацыі стасункаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю і рэалізацыі іх поўнага патэнцыялу».

Падчас візыту ў Менск Віганд ужо правёў сустрэчу з намесьнікам кіраўніка МЗС Аленай Купчыной. Паводле прэс-службы беларускага МЗС, падчас сустрэчы Віганда і Купчыной абмеркаваныя пэрспэктывы дыялёгу і практычнага ўзаемадзеяньня. Яна закранула пытаньні ўдзелу Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве і падрыхтоўкі да саміту ў Вільні.

25 верасьня Віганд сустрэнецца з кіраўнікамі дыпмісій краін ЭЗ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG