Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы ўспаміналі паэта Юрыя Гуменюка


Кніга Юрыя Гуменюка «Назаві мяне геніем»

Кніга Юрыя Гуменюка «Назаві мяне геніем»

Паэт Анатоль Брусевіч павітаў прысутных «у эпіцэнтры гарадзенскага літаратурнага жыцьця», назваўшы так галерэю «Крыга», дзе адбылася вечарына і прэзэнтацыя кнігі вершаў Юрыя Гуменюка «Назаві мяне геніем». Сёньня дзень народзінаў паэта, падкрэсьліў Брусевіч.

Пра Юрыя Гуменюка ўспаміналі літаратары, чыталі яго вершы, выступалі барды. Вольга Хвашчынская, у прыватнасьці, выканала свае песьні на вершы Юрыя. Прысутныя прывіталі маці паэта Крысьціну Казіміраўну. Выступілі прафэсар Аляксей Пяткевіч, паэтка і літаратуразнаўца Ала Петрушкевіч, якая, па словах вядучага, чытае вершы найлепей ад усіх у Горадні. Пра паэзію Гуменюка гаварыў прафэсар Ігар Жук, паэтка Ганна Аўчыньнікава.

Укладальнікам кнігі вершаў Юрыя Гуменюка стаў паэт, журналіст Алесь Аркуш, які прыехаў зь Беластоку. Пасьля сьмерці Гуменюка ён вырашыў, што самым лепшым будзе сабраць яго творы і выдаць. Пад адной вокладкай удалося зьмясьціць усе вершы паэта 1989-2012 гадоў, вядомыя на сёньняшні дзень. Большасьць раней друкавалася, яны ўзятыя з прыжыцьцёвых зборнікаў. Асноўны — «Вуліца тыгровых архідэяў» выйшаў у Беластоку. Некалькі раньніх вершаў укладальнік знайшоў у «Чырвонай Зьмене». У кнізе таксама каля трох дзясяткаў новых твораў.
Укладальнік кнігі «Назаві мяне геніем» Алесь Аркуш.

Укладальнік кнігі «Назаві мяне геніем» Алесь Аркуш.


На чарзе кніжка эсэістыкі. У ёй біяграфічны нарыс, у якім апавядаецца пра сям’ю паэта, што друкаваўся ў беластоцкім «Часопісе», публікацыі з «Калосься». Сярод іх — пра Таварыства вольных літаратараў, сябрам якога ён быў, пра любімую Горадню, пра творчасьць гарадзенскіх мастакоў. Гумянюк дакладна ўпісаў сваё імя ў гісторыю беларускай літаратуры і ён у ёй застанецца, кажа Алесь Аркуш:

«Так, як пісаў Юра, ніхто раней не пісаў, ні побач зь ім пры яго жыцьці не пісаў, і сёньня ніхто так ня піша».
XS
SM
MD
LG