Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне ўздоўж бойкіх аўтамабільных дарог шырока разгарнуўся грыбны гандаль.

Некаторыя нават адмаўляюцца ад працы ў калгасах, бо тыя грошы, якія ў сэзон можна зарабіць пры дарозе, несувымерныя з калгаснымі заробкамі. Многія гандлююць зь лета і да позьняй восені. Улетку найчасьцей выстаўляліся на продаж чарніцы, цяпер — баравікі, падасінавікі, масьлякі, зялёнкі, а часам і журавіны.

Да шашы Гомель — Жлобін, што непадалёк ад павароткі на вёску Пірэвічы, вясковыя грыбнікі прыехалі фурманкай. У кожнай кабеты — поўныя вёдры сьвежых грыбоў:

«Сабіраем! Вунь на кані езьдзім з мужам. Прыгажуны — гэта пасьля дажджу пайшлі. Ну, і трэба яшчэ месцы ведаць».

Прыгожыя на выгляд баравікі й падасінавікі жанчыны расклалі па вёдрах — пяці- і дзесяцілітровых. Адпаведна й цэны:

«Баравікі й падасінавікі — па сто тысяч. Гэтыя, у большых вёдрах, — па 150».

Жанчыны не хаваюць, што ніхто зь іх грыбы на радыяцыю не правярае:

«Ніхто нічога не правярае — гэта ж лес. Сабралі — і адразу да шашы вынесьлі».

Спадарыня Ала раіць не зважаць на радыяцыю, бо, маўляў, наеліся яе пасьля Чарнобылю ці не па самыя вушы:

«Нічога мы не правяраем. Ядзім і не памерлі — з 1986 году радыяцыя. Не памерлі ж! Каму й колькі наканавана, я заўсёды так кажу, столькі ён і пражыве. І каму што прызначана, тое трэба ў жыцьці выпрабаваць».
Ядзім і не памерлі — з 1986 году радыяцыя. Не памерлі ж!

Суразмоўца кажа, што не ад добрага жыцьця людзі цягнуцца ў лес. У калгасе, калі ты не камбайнэр, не кіроўца і жніво скончылася, асабліва не заробіш. Сацыяльныя ўстановы ў вёсцы закрываюць — клюбы, пошту, камбінаты бытавога абслугоўваньня. Нават настаўнікі, ня кажучы ўжо пра школьных тэхнічных работнікаў, апынаюцца на вуліцы. Так, прынамсі, сталася зь некаторымі пэдагогамі Пірэвіцкай школы-інтэрнату:

«Мы беспрацоўныя: у нас закрылі школу, і я не працую. Да пэнсіі заставалася тры з паловай гады, як закрылі. Зараз ужо засталося паўгода. Атрымліваецца, што тры з паловай гады мне трэба быць бяз працы. Так вось і жыву — не памерла ж. Не зайздрошчу на многае. Галоўнае — здароўе».

У Пірэвіцкім сельскім савеце апавялі, што ў навакольных лясах грыбы і ягады зьбіраюцца ледзь не канвэерным спосабам:

«Там канвэер цэлы: адны — зьбіраюць, іншыя — прадаюць. Яны там зь лета й да позьняй восені, пакуль ягады й грыбы ёсьць. Потым яшчэ журавіны сабіраюць — і ўсё гэта пры шашы прадаюць».

Такім чынам уладкоўваюць сваё жыцьцё ня толькі вяскоўцы, але й многія гараджане.

Спадарыня Валянціна ўжо дзясятак гадоў зьбірае й прадае грыбы на гарадзкім рынку, забясьпечваючы сабе больш-менш прыстойнае жыцьцё. Кажа, што вырасла на Палесьсі й змалку прызвычаілася да такога занятку:

«Бяруць у мяне з задавальненьнем — кожны год бяруць. Я кожны год прадаю. Люблю гэтую справу й кожны год прадаю. Я вырасла на Палесьсі ў Лоеўскім раёне. Там такія, у бок Брагіна, балоцістыя мясьціны. Ведаеце, колькі там грыбоў?! Блізу Ліпнякоў, Церабееўкі, Уборак. Бачыце, падбярозавікі, лісічкі — усё прадала. Чалавеку ж таксама хочацца супчыку зварыць. А то мяса тое жары й гній ад таго мяса — альбо во, бачыце, дабро зьесьці. Розьніца ёсьць?»

Многія гараджане, купляючы грыбы, ведаюць, што яны далёкія ад радыяцыйнай чысьціні. Але працягваюць экспэрымэнтаваць на сваім здароўі, разважаючы прыкладна так, як і спадарыня Тамара:

«Усё-ткі комплекс чарнобыльскі застаўся. З апаскай на грыбы глядзім. Без фанатызму, але сяды-тады хочацца. Дзеткам нельга, а мне адной — мне ўжо шэсьцьдзесят — можна пацешыцца. Таму паўкілё я куплю. Самы лепшы грыб — белы. Хачу з падбярозавікамі супчык згатаваць. Ячны супчык з падбярозавікамі — любата».
XS
SM
MD
LG