Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Класкоўскі: «Вучэньні вучэньнямі, а трэба паважаць свой народ»


Два дні запар пасажырам мэтро давялося хвалявацца. 23 верасьня ў мэтро праходзілі вучэньні. 24 верасьня на 1-й лініі спыніўся рух праз кароткае замыканьне.

Прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі адзначае, што інфармацыйны вакуўм, які ўзьнік вакол падзеяў у менскім мэтро цягам апошніх двух дзён, спрыяў панічным настроям сярод пасажыраў:

«Сытуацыя з так званымі вучэньнямі ў менскім мэтро чарговы раз паказвае закрытасьць беларускай улады як ад журналістаў, так і ад усяго грамадзтва. Зусім, здавалася б, бяскрыўдныя вучэньні могуць спрыяць паніцы сярод насельніцтва проста праз тое, што ўлада адмаўляецца паведамляць нейкія зьвесткі. Калі б улады агучылі плян гэтых вучэньняў ніхто б так сур’ёзна ня ставіўся, не панікаваў, не пісаў тых пастоў, паведамленьняў, якія зьяўляюцца ў сацыяльных сетках. Калі людзі проста ня ведаюць, што ім рабіць і як рыхтавацца да гэтага. Некалькі дзясяткаў журналістаў за гэты час, незалежных журналістаў, таксама спрабавалі высьветліць сытуацыю, але, як гэта часта бывае, учора цягам дня абсалютная бальшыня сілавых ведамстваў, Міністэрства надзвычайных сытуацыяў наогул не маглі даць напачатку нейкую ўцямную ацэнку сытуацыі. Сёньня тое ж самае адбывалася».

Чаму такія вучэньні пачаліся якраз пасьля ад’езду кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы, ці ёсьць тут пэўная сувязь? Палітоляг Аляксандар Класкоўскі кажа, што ня схільны шукаць тут нейкія кансьпіралягічныя вэрсіі.

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

«Аднак гэты вось вэрхал, які ўзьняўся, гэты пярэпалах у сталіцы сьведчыць пра тое, што, калі і быў такі сцэнар адпачатку задуманы, то чыноўнікі, людзі ў пагонах, якія гэта ўсё задумвалі, ня надта ўзважылі наступствы. Тут самае першае, што трэба памятаць, — што засечка ў памяці ў менчукоў і ў беларусаў наагул — гэта тэракт у мэтро. І таму без папярэджаньня ладзіць нейкія вучэньні — гэта значыць паставіць на вушы сталіцу. Ну, і плюс побытавыя невыгоды. Вучэньні вучэньнямі, а трэба паважаць свой народ. А ў гэтым выпадку нейкія моманты, якія тычацца дзеяньняў сілавых і іншых ведамстваў, ставяцца вышэй за інтарэсы грамадзтва».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG