Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Францішак выкінуў кнігу правіл для пап


Пабочным назіральнікам часта здаецца, што папа Францішак выкінуў кнігу правілаў, як павінен паводзіць сябе рымскі пантыфік.

Папа Францішак любіць сацыяльныя сеткі, ня хоча езьдзіць куленепрабівальным «папамабілем» і кажа, што Царква не павінна засяроджваць сваю ўвагу на гомасэксуалістах і абортах, піша вашынгтонская карэспандэнтка Радыё Свабода Хэзэр Маэр.

Першая прыкмета таго, што Папа Францішак будзе адрозьнівацца ад сваіх папярэднікаў, зьявілася, калі ён выйшаў на балькон сабору Сьвятога Пятра ў Рыме пасьля ягонага абраньня ў сакавіку: 76-гадовы пантыфік меў на сабе простае белае адзеньне, а не каштоўныя шоўкавыя ўбраньні, якія наогул зьвязваюць з папскай пасадай.

Як біскуп у сваёй роднай Аргентыне, Францішак наведваў бедныя кварталы, езьдзіў на аўтобусе і сам сабе гатаваў ежу. Стаўшы папам, ён адмовіўся ад некаторых раскошных атрыбутаў папства – прыкладам, стаў езьдзіць «фордам-фокусам» замест куленепрабівальнага «papamobile» і пасяліўся ў звычайным доме на тэрыторыі Ватыкану, замест пакарыстацца Апостальскім палацам. Папа Францішак сам носіць свой уласны багаж і засядае на драўляным крэсьле замест залатога трону сваіх папярэднікаў.

Папа таксама выкарыстоўвае сацыяльную сетку Twitter (https://twitter.com/Pontifex) для заклікаў дапамагаць бедным. Часам ён бярэ трубку тэлефону і звоніць людзям, якія яму напісалі лісты, каб перадаць ім словы суцяшэньня і надзеі.

Любой з гэтых зьменаў у папскіх паводзінах было б дастаткова, каб зьвярнуць увагу сьвету на яго як, магчыма, на самага сьціплага і даступнага папу ў сучаснай гісторыі.

Але папа Францішак праявіў сябе яшчэ больш радыкальна ў сваіх выказваньнях, у якіх закрануў праблемы людзей, на якіх раней Царква глядзела як на маргіналаў або яўна асуджала, як, прыкладам, гомасэксуалістаў і атэістаў.

Для шмат каго найбольш паказальным прыкладам гэтага зруху ў афіцыйным тоне Царквы было выказваньне папы Францішка ў ліпені, калі ён, адказваючы ў самалёце на пытаньне журналістаў аб сваіх адносінах да гомасэксуалістаў, замест працытаваць каталіцкую дактрыну, якая асуджае гомасэксуалізм як распусту і вычварэнства, сказаў:

«Калі чалавек зьяўляецца геем і шукае Бога, і мае добрую волю, дык хто я такі, каб судзіць яго?»

Джэймс Гічкок, гісторык Каталіцкай царквы, кажа, што папа Францішак настолькі моцна зацікаўлены распаўсюджваньнем сваёй пастырскай езуіцкай філязофіі – якая падкрэсьлівае дабрачыннасьць і сацыяльную справядлівасьць – што ён часта выказваецца імпульсіўна, без дапамогі загадзя падрыхтаваных нататак:

«У мінулым папскія заявы рыхтавалі вельмі старанна. Яны, хутчэй за ўсё, пераглядаліся рознымі асобамі дзеля іх удасканаленьня. Ён мае значна больш свабодны стыль працы» – сказаў нашаму радыё Джэймс Гічкак.

Адсутнасьць такога нагляду за папскімі заявамі была відавочная і ў нядаўнім інтэрвію папы Францішка езуіцкаму часопісу «La Civilta Cattolica», у якім папа сказаў, што Царква занадта засяроджваецца на пытаньнях абортаў, аднаполых шлюбаў і кантролю за нараджальнасьцю ды можа рассыпацца, як «картачны дамок», калі ня знойдзе «новую раўнавагу».

Разам з тым назіральнікі за жыцьцём Ватыкану выразна падкрэсьліваюць, што папа Францішак у сваіх выказваньнях гаворыць толькі аб зьмене падыходу Царквы да некаторых пытаньняў, а не аб зьмене яе вучэньня.

«Відавочна, што ён не зьбіраецца ўхваляць такія паводзіны, ён не зьбіраецца сказаць, што гомасэксуальны лад жыцьця зьяўляецца прымальным. Тут справа ў тым, як найлепш падысьці да гэтага пытаньня» – кажа гісторык Царквы Джэймс Гічкак.
XS
SM
MD
LG