Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бел-чырвона-белы сьцяг параўналі са свастыкай


Яўген Ворсін
Яўген Ворсін

У рамках чарговага прэс-туру расейскіх журналістаў кіраўнікі спартовай галіны расказалі пра падрыхтоўку да хакейнага чэмпіянату сьвету 2014 году.

Чыноўнікі пераконвалі, што першынства ў Менску адбудзецца, нягледзячы на пратэсты міжнароднай супольнасьці, а на трыбуны трапяць толькі «правільныя» заўзятары.

Старшыня Фэдэрацыі хакея Беларусі Яўген Ворсін назваў марнымі спробы дамагчыся пераносу ці байкоту чэмпіянату сьвету па хакеі ў беларускай сталіцы, адкрыцьцё якога заплянаванае на 9 траўня наступнага году. У прыватнасьці, ён сказаў, што некалькі дзён таму Міжнародная фэдэрацыя хакея абмеркавала рэзалюцыю Эўрапарлямэнту ад 16 верасьня, у якой утрымліваўся заклік не праводзіць усясьветнае першынство ў краіне, дзе застаюцца палітзьняволеныя і парушаюцца фундамэнтальныя асновы чалавечага права і свабоды слова.

Як удакладніў спадар Ворсін, прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі Рэнэ Фазэль чарговым разам даў зразумець: пытаньне вырашанае канчаткова:

«Калі раней казалі пра перанос, то цяпер патрабаваньне — давайце ўвогуле адмовімся ад чэмпіянату сьвету ў Менску, каб не бударажыць грамадзкую і ўсясьветную думку. Днямі адбылося паседжаньне рады Міжнароднай фэдэрацыі хакея, на якой гэтае пытаньне не разглядалася, а проста была даведзена інфармацыя — зьявіліся падобныя выказваньні. На што прэзыдэнт фэдэрацыі адказаў адназначна: дадзенае пытаньне закрытае яшчэ ў 2012 годзе, калі мы рабілі сваю прэзэнтацыю на чэмпіянаце сьвету ў Фінляндыі. Ужо тады было заяўлена: чэмпіянат сьвету-2014 пройдзе ў Беларусі, і ніякіх спрэчак вакол гэтага быць ня можа. Гэта з пастаяннай пэрыядычнасьцю ўкідалася яшчэ на чэмпіянаце сьвету ў Швэцыі, у Стакгольме, нават былі спробы асобных таварышаў выставіць нешта кшталту транспарантаў, арганізоўваліся невялікія групкі. Але міма праходзілі натоўпы народу, не зьвяртаючы на іх ніякай увагі. І цяпер з боку прэзыдэнта фэдэрацыі было абвешчана: няма чаго абмяркоўваць, пытаньне вырашанае канчаткова».
Сёлета ў Швэцыі спадар Ворсін назваў «анучай» бел-чырвона-белыя палотнішчы, разгорнутыя на трыбунах, а «няправільных» заўзятараў — «отребьем».

Спартовыя функцыянэры настроеныя негатыўна ў адносінах да аматараў хакея, якія б хацелі падтрымаць беларускую зборную нацыянальнымі сьцягамі. Сёлета ў Швэцыі спадар Ворсін назваў «анучай» бел-чырвона-белыя палотнішчы, разгорнутыя на трыбунах, а «няправільных» заўзятараў — «отребьем». На пытаньне журналіста, ці будзе дазволена прыносіць бел-чырвона-белыя сьцягі ў Менску, спадар Ворсін адказваў пад воклічы незадаволеных прадстаўнікоў афіцыйных СМІ: маўляў, дурныя пытаньні няма чаго камэнтаваць увогуле:

«Ну як адказаць, каб нікога не пакрыўдзіць? Мне такое пытаньне задавалі падчас чэмпіянату сьвету ў Швэцыі, шмат там розных калізій было. Што было насамрэч? Невялікая колькасьць маладых людзей прыходзілі са сьцягамі „бело-червоных“ (арыгінал сп. Ворсіна — РС). Але ўнутраныя ахоўнікі парадку, якія забясьпечвалі ўнутраную бясьпеку, прапаноўвалі маладым людзям гэта ўсё зьняць. Яны здымалі, потым дзесьці ў завугольлях зноў вывешвалі. Дзеля чаго гэта рабілася? Зусім ня дзеля таго, каб адстаяць нацыянальную годнасьць. Я думаю, там падаплёка была абсалютна іншая. І я магу нават патлумачыць, якая менавіта, проста ня хочацца на гэта нават траціць час. Мне вельмі многія розныя пытаньні задавалі і нават ставілі ў віну, што ледзьве не агітаваў за тое, каб гэтыя сьцягі здымалі. Хай гэта застанецца на сумленьні тых, хто гэтыя пытаньні ўздымаў».

Скончыў кіраўнік хакейнай фэдэрацыі пад рэпліку дзяржаўнай журналісткі, якая зрабіла ўласную выснову — маўляў, паглядзелі б вы на рэакцыю арганізатараў, каб кудысьці прыехалі... нямецкія заўзятары са свастыкай.

Эмблема Чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску
Эмблема Чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску


Што да замежных гасьцей, дык калі яны бяз свастыкі і бел-чырвона-белых атрыбутаў, то прыём абяцаецца на вышэйшым узроўні. Усяго падчас чэмпіянату чакаецца прыбыцьцё да 20 тысяч чалавек. Відавочна, што пры адсутнасьці межаў з Расеяй асноўны паток чакаецца менавіта адтуль. Наступныя па колькасьці, як прагназуе дырэктар прадпрыемства «Цэнтракурорт» Алег Міхайлаў, будуць заўзятары з Латвіі:

«Калі мы ў канцы траўня праводзілі прэзэнтацыю ў Рызе, акурат калі праходзіў чэмпіянат сьвету, больш за ўсё мы турбаваліся, каб латышы ня вылецелі з элітнага дывізіёну. І першае, з чаго я пачаў выступ, дык гэта са слоў — дзякуй
2–3 тысячы, а можа, нават да 5 тысяч заўзятараў з Латвіі можа прыехаць
Богу, што і вы, і мы засталіся ў гульні і на наступны год. Хоць на перадапошніх месцах, але засталіся. І сёньня мы нават праз сацыяльныя сеткі адчуваем проста непадробны інтарэс з боку латыскіх заўзятараў. Бяруся прадугадаць, што наступнымі па колькасьці пасьля расейцаў будуць менавіта латышы. Спадзяёмся, што 2–3 тысячы, а можа, нават да 5 тысяч заўзятараў з Латвіі можа прыехаць. Што да іншых рэгіёнаў, то, зразумела, мы чакаем заўзятараў перадусім з тых краінаў, якія будуць удзельнічаць у спаборніцтвах. Практычна ўва ўсіх гэтых дзяржавах у нас ёсьць партнэры, зь якімі мы вызначыліся і якія будуць займацца як прасоўваньнем уласна чэмпіянату, так і рэалізацыяй турпакетаў».

Нягледзячы на запэўніваньні беларускіх чыноўнікаў, што чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году нічога не пагражае, днямі прэзыдэнцкім указам мерапрыемства было застрахаванае на выпадак яго адмены ці пераносу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG