Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Магілёва судзіцца зь міліцыяй за 4 тысячы рублёў


Аляксандар Хамратаў

Аляксандар Хамратаў

Жыхар Магілёва Аляксандар Хамратаў праз суд намагаецца спагнаць з патрульных міліцыянтаў панесеныя празь іх страты ў памеры чатырох тысяч пяцісот рублёў.

24 верасьня судзьдзя Ленінскага суду абласнога цэнтру Валянціна Лапаціна распачала грамадзянскую справу па пазове магілёўца.

Як апавядае Аляксандар Хамратаў, інцыдэнт з двума міліцыянтамі адбыўся сёлета 9 траўня, калі ён з прыяцелем адзначаў сьвята Перамогі ў адным з паркаў гораду. Да іх падышлі патрульныя і зьвінавацілі, што яны п’юць піва ў грамадзкім месцы. У бутэльцы ж, як сьцьвярджае Хамратаў, быў квас. Пасьля непрацяглай спрэчкі міліцыянты напой вылілі на зямлю, бутэльку выкінулі й сышлі.

У пазове ў суд Аляксандар Хамратаў адказчыкамі зрабіў двух патрульных з асобнага батальёну міліцыі войскаў Міністэрства ўнутраных спраў, які дысьлякуецца ў Магілёве. На папярэдняе слуханьне зьявіўся, кажа Хамратаў, адзін зь іх — Аляксандар Несьцярэнка. Судзьдзя вызначыла, што адказнасьць за дзеяньні патрульных мусіць несьці кіраўніцтва батальёну.

«Калі я апавядаў пра інцыдэнт сваім знаёмым, яны амаль усе казалі, што такія выпадкі нярэдкія. Я стаў вывучаць заканадаўства і высьветліў, што калі мы, на іхную думку, расьпівалі сьпіртное, яны павінны былі нас затрымаць і далей высьвятляць, што мы пілі і ў чым наша віна, а не зьнішчаць адразу без разбору нашу маёмасьць. У судзе я свае патрабаваньні выклаў каротка: „Вярнуць мне 4500 рублёў за напой і каб суд вынес прыватнае вызначэньне на адрас адказчыка, што быў парушаны закон“. На мой погляд, патрульныя дзейнічалі незаконна. Я хачу, каб міліцэйскае начальства больш увагі аддавала прафэсійнай падрыхтаванасьці сваіх падначаленых, якія працуюць зь людзьмі. Наша грамадзтва задужа памяркоўнае, яно не заяўляе гучна пра парушэньні правоў. Вось гэта і спараджае адчуваньне беспакаранасьці ў супрацоўнікаў міліцыі, таму яны дапускаюць самаўпраўства ў адносінах зь людзьмі, правы якіх і грамадзкі парадак павінны бараніць», — тлумачыць сваю пазыцыю Аляксандар Хамратаў.

Адразу пасьля інцыдэнту Аляксандар Хамратаў зьвяртаўся са скаргай да кіраўніцтва Ленінскага аддзелу міліцыі Магілёва. У ёй ён вінаваціў патрульных у перавышэньні службовых паўнамоцтваў ды запатрабаваў прыцягнуць іх да адказнасьці. У лісьце з адказам Хамратаву паведамілі, што ў дзеяньнях міліцыянтаў ня выяўлена складу правапарушэньня.
XS
SM
MD
LG