Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Знос «Маскоўскага»: на «Газпром» падалі ў суд на 20 мільёнаў даляраў


«Маскоўскі» аўтавакзал

«Маскоўскі» аўтавакзал

Беларуская будаўнічая кампанія «Аляксандраў-Строй» праз суд дамагаецца 20 мільёнаў даляраў кампэнсацыі ад «Газпрома», якому менскія ўлады перадалі зямельны ўчастак насупраць Нацыянальнай бібліятэкі для будоўлі офіса.

Кампанія «Аляксандраў-Строй» падала ў Менскі гаспадарчы суд перадпазоўную заяву да расейскага манапаліста «Газпром» і Менгарвыканкаму. Калі цягам 10 дзён канфлікт ня будзе вырашаны праз пагадненьне, справай зоймуцца гаспадарчыя судзьдзі. Кампанія «Аляксандраў-Строй» дамагаецца 184 мільярдаў рублёў, альбо 20 мільёнаў даляраў кампэнсацыі за ўкладзеныя грошы і за страчаную выгаду. Часу, каб пайсьці на міравую з уласьнікамі «Аляксандраў-Строй», у «Газпрома» і Менгарвыканкаму засталося да канца верасьня.

Адзін з пацярпелых беларускіх бізнэсмэнаў настроены рашуча і параўноўвае сытуацыю зь беларуска-расейскай калійнай вайной.

«Калі вам цікавая гэтая пляцоўка насупраць Нацыянальнай бібліятэкі, тады, пэўна, трэба заплаціць. Але плаціць жаданьня няма, ёсьць жаданьне проста забраць. Манапаліст, як заўсёды, хоча забраць, скарыстаўшы сваю моц і ўплыў. Як яны прызвычаіліся рабіць гэта ў Расеі. Гэтак ня выйдзе. Як яны хацелі забраць і „Беларуськалій“, „апусьціць“ яго і забраць. Ня выйшла. І тут таксама ня выйдзе».
Як яны прызвычаіліся рабіць гэта ў Расеі. Гэтак ня выйдзе. Як яны хацелі забраць і „Беларуськалій“, „апусьціць“ яго і забраць. Ня выйшла. І тут таксама ня выйдзе

Кампанія «Аляксандраў-Строй» атрымала ў арэнду да 2014 году пляцоўку каля Маскоўскага аўтавакзала, дзе на заказ «Белгазпрамбанку» мелася пабудаваць офісны цэнтар, прычым з захаваньнем аўтавакзалу. Але два гады таму «Белтрансгаз» быў куплены «Газпромам», а празь месяц у Менск прыехаў кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер. Магчыма, азіраючы сталіцу Беларусі з пляцоўкі Нацыянальнай бібліятэкі, ён і ўпадабаў якраз тую пляцоўку, якую арандавалі «Аляксандраў-Строй» і яшчэ тры фірмы. У выніку пляцоўку аддалі «Газпрому» пад будоўлю тут 182-мэтровага хмарачоса і забаўляльнага комплексу коштам 500 мільёнаў даляраў. Будоўлю плянуецца завяршыць у 2018 годзе. Маскоўскі аўтавакзал паводле гэтых плянаў будзе зьнішчаны.

Беларускім бізнэсоўцам, якія пацярпелі ад зьмены плянаў, паабяцалі выплаціць кампэнсацыю. Менгарвыканкам сам прызначыў арганізацыі, якія меліся правесьці экспэртызу выкананых прац і панесеных стратаў. Гэта былі праектны інстытут «Белгіпразем» ды іншыя ўстановы. Кампаніі «Аляксандраў-Строй» , якая сама і плаціла за экспэртызу, прызначылі ў якасьці кампэнсацыі 104 мільярды рублёў, альбо 11,5 мільёна даляраў. Але грошы так і ня выплацілі. У фірме «Аляксандраў-Строй» зьдзіўляюцца, чаму гэтага не было зроблена:

«Незразумела. Паводле іхніх жа даручэньняў была зроблена экспэртыза. І прадстаўнік „Белгазпрамбанку“ прысутнічаў, і з гарвыканкаму. РНТЦ, „Белгіпразем“ — хто яшчэ мог гэта зрабіць, усе прысутнічалі. І гэтак неяк вывернулі, што нічога не заплацілі», — згадаў супрацоўнік кампаніі.

У красавіку 2013 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб пытаньнях будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу ў Менску», якім прызначыў установы, якія маюць права праводзіць экспэртызу стратаў беларускіх забудоўшчыкаў. У Менгарвыканкаме вырашылі, што ў лік названых устаноў не ўваходзяць тыя, якія ацэньвалі страты «Аляксандраў-Строя». На кампанію ў Менскі гаспадарчы суд быў накіраваны пазоў, каб дамагчыся датэрміновага скасаваньня дамовы арэнды. «Газпром» у гэтай спрэчцы выступіў трэцім бокам. Спрэчка дагэтуль не разьвязаная.

У бізнэс-колах Менску адзначаюць пэўную зацікаўленасьць гарадзкіх чыноўнікаў у разьвязаньні спрэчкі менавіта на карысьць расейскага газавага манапаліста і не выключаюць карупцыйнага складніка ў гэтай гісторыі. У Менгарвыканкаме судовыя прэтэнзіі кампаніі «Аляксандраў-Строй» пакуль ніяк не камэнтуюць.

Адмовіўся ад камэнтару і заснавальнік «Аляксандраў-Строя» Ігар Александровіч. «Я б не хацеў палітычнай афарбоўкі гэтай гісторыі. Гэта звычайная гаспадарчая спрэчка», — сказаў Ігар Александровіч.
XS
SM
MD
LG