Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Частая зьява ў менскіх паліклініках — даўгія чэргі на прыём да лекараў. На думку чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя, іх ствараюць іншагароднія грамадзяне. Адмыслоўцы ж сьцьвярджаюць, што галоўная прычына чэргаў — у недахопе спэцыялістаў і недасканалай сыстэме мэдычнага абслугоўваньня.

Каб трапіць да лекара-тэрапэўта альбо іншага спэцыяліста, наведнікі менскай паліклінікі № 37 мусяць запісацца да яго папярэдне альбо выстаяць чаргу па талёнчык ад 7-й ранку. Ці ўсім хапае талёнчыкаў і колькі трэба чакаць прыёму, цікаўлюся ў супрацоўніцы рэгістратуры:

«На прыём да эндакрыноляга можна запісацца на 1 кастрычніка — гэта папярэдні запіс лічыцца. Альбо, калі хочаце, то прыходзьце ранкам, а 7.00 — тады на заўтра талёнчык возьмеце. Талёнчыкі ёсьць, але вельмі мала».

Акрамя праблемы чэргаў, наведнікі менскіх паліклінік скардзяцца і на непаважлівае стаўленьне да іх з боку мэдпэрсаналу:

Юначка: «Вядома, чэргі — усё гэта ёсьць, і нэрвы ад гэтага ёсьць. Хацелася б усё хутчэй, але нічога ня зробіш».

Спадарыня: «Адседзела ў чарзе, а калі зайшла, то лекар з мэдсястрой абмяркоўвалі тое, што пацыенты прыходзяць позна. І ў такой форме... Маўляў, прыперліся а 19.00 — і гэта пры мне, пры такім жа пацыенце. То бок альбо абыякава да людзей ставяцца, альбо груба. У маім выпадку было груба, і гэта было вельмі непрыемна».

Спадарыня: «Па запісе вельмі доўга чакаць, вельмі доўга. А калі так ідзеш да лекара, то не прапусьцяць людзі, якія таксама доўга чакалі. Трапіць да лекара практычна немагчыма».

Старшыня камітэту аховы здароўя ў Менгарвыканкаме Віктар Сірэнка заявіў журналістам, што прычына вялікіх чэргаў — наплыў іншагародніх наведнікаў, на якіх чалавечыя і тэхнічныя рэсурсы сталічных устаноў аховы здароўя не разьлічаныя. Аднак гэтая ж праблема добра вядомая і жыхарам іншых гарадоў.

Пра становішча ў паліклініцы Мар’інай Горкі гаворыць жыхарка гораду Ірына Лазарчык:

«Чэргі ня проста заўсёдныя, а заўсёдныя-празаўсёдныя. Асабліва да хірурга, дык там не знайсьці, дзе пачатак, дзе канец тае чаргі, там не дастаяцца. А, да прыкладу, да нэўрапатоляга трэба запісвацца за месяц. І напярэдадні яшчэ раз папярэдзіць — прыйдзеш ці не. Калі ж нешта тэрміновае здараецца са здароўем, то хіба хуткую трэба выклікаць. Бо, па-першае, калі прыйсьці пад дзьверы, то іншыя людзі не прапусьцяць, якія месяц чакалі. А па-другое — „мы без талончика не принимаем“ — вось увесь адказ у лекара. Мо хіба каб пакаціўся каля гэтага кабінэту, то толькі тады, можа, прынялі б без талёна. Да акуліста я ўвогуле ў вайсковы гарадок хадзіла, бо ў нас не было такога лекара. Бо працаваць абсалютна няма каму».

Адмыслоўцы, абазнаныя ў праблемах сучаснай мэдыцыны, заяўляюць, што вялікія чэргі — вынік недахопу спэцыялістаў-мэдыкаў, які ў Беларусі існуе здаўна і мае сыстэмны характар. У сваю чаргу, мэдыкі не жадаюць працаваць за нізкія заробкі, асабліва мізэрныя ў маладых спэцыялістаў. Гаворыць Іна Андрэева — маці сёлетняй выпускніцы мэдынстытуту, якую разьмеркавалі на працу ў Дзяржынск:

«Яна працуе гінэколягам у шпіталі: там і прыёмы, і дзяжурствы, і роды — паўнавартаснае жыцьцё маладога лекара. Яна атрымлівае пяць мільёнаў, і гэта значна больш, чым яе сяброўкі-аднакурсьніцы, якія засталіся ў Менску. Тут, у паліклініках, яны сядзяць у жаночых кансультацыях і атрымліваюць па два з паловаю мільёны. Адказнасьць вялікая, а заробкі малыя — што тут казаць».

Сталы недахоп мэдычных кадраў — галоўная, але не адзіная прычына вялікіх чэргаў у паліклініках. Яшчэ адзін істотны фактар — грувасткая і недасканалая сыстэма мэдычнага абслугоўваньня, якая патрабуе рэфармаваньня, кажа менскі лекар Валяр’ян:

«У сярэднім каэфіцыент сумяшчальнасьці ў Беларусі — 1,4 стаўкі. Гэта азначае, што лекар абслугоўвае адзін участак цалкам і часткова другі. Ёсьць, што працуюць на паўтары-дзьве стаўкі. У паліклініках людзі не затрымліваюцца,
сыстэма пабудаваная такім чынам, што абавязвае чалавека шмат цягацца ў паліклініку
бо праца гэтая няўдзячная і малааплатная. Найбольш у мэдыцыне атрымліваюць людзі, якія працуюць у шпіталях і задзейнічаныя ў выкананьні высокатэхналягічных прац. Памятаеце ж крылатую фразу, кшталту: высокатэхналягічную працу выконваеш — будзеш атрымліваць больш. А калі па ўчастку цэлы дзень ходзіш, то і заробак такі. То бок у „вярхах“ ёсьць такое разуменьне, што хадзіць па ўчастку — розуму шмат ня трэба, і гэтым людзям неабавязкова плаціць. Плюс сама сыстэма пабудаваная такім чынам, што абавязвае чалавека шмат цягацца ў паліклініку. Да прыкладу, дзіцяці трэба афармляць мэдычную даведку ў школу. Дзеля гэтай даведкі паліклініку неабходна наведаць як мінімум двойчы — узяць накіраваньне на аналізы, здаць іх і атрымаць даведку. Бальнічны адзін доктар можа выпісаць толькі на пяць дзён. Калі чалавеку не палепшала за гэты час, то ён мусіць прыйсьці ў паліклініку і прадоўжыць яго. Плюс дадатковыя абсьледаваньні прафэсійныя, калі чалавеку для працы патрэбная флюараграфія ці іншыя дасьледаваньні, па якіх трэба браць даведку ў тэрапэўта. У маштабах краіны такіх людзей набіраецца вельмі шмат».

Як сьведчыць афіцыйная статыстыка, у Беларусі на 10 тысяч жыхароў краіны прыпадае 30 лекараў — гэта найменшая колькасьць сярод краінаў СНД і Эўропы. У краінах СНД на 10 тысяч жыхароў прыпадае 37,7 лекараў, Эўразьвязу — 31,5, у краінах Эўропы — 33,8.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG