Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«...І паказаў рукою на езуітаў:
— Бяры іх, Лаўр. Ваўка не заўсёды
забіваюць, але змяі раструшчваюць галаву заўсёды.
Цвёрда і сурова кінуў:
На зубцы».


У самім слове «езуіт» сучаснаму, разбэшчанаму Караткевічам беларускаму вуху чуецца нешта паўзучае, падступнае, фальшыва-прыязнае...

Зашмат галосных плюс зьмяінае «з» — горш не прыдумаеш. І наагул назву нейкай нехарошай хваробы нагадвае. Дарма што з-за галосных выглядвае, падміргваючы, сам Ісус — езуітаў за стагодзьдзі іхнага існаваньня здолелі дэманізаваць ня менш за кажаноў, і збольшага на абшарах, дзе пануе яно, залатазубае бізантыйскае праваслаўе. Ясная рэч — у магутным Ордэне апошняе заўжды бачыла заклятага ворага, і, вядома ж, зайздросьціла ўвішным рымскім папам: такое гестапа маюць, нам бы нешта падобнае... Увесь сьвет бы навучылі, як правільна хрысьціцца.

Між тым, згадваючы езуітаў, масавая праваслаўная сьвядомасьць неяк забываецца пра школы і калегіюмы, пра сіроцкія прытулкі і ахвяраваньні для бедных, пра манаскія вычыны, місіянэрства і іншы які-ніякі, а пазытыў. Так што лічыць Ордэн такім сабе сярэднявечным кадэбэ, які мясам не кармі, дай яму каго-небудзь замучыць, атруціць, пашантажаваць або на вогнішчы падсмажыць, будзе несправядліва... Як і прыпісваць чужыя лёзунгі: мэта пачала апраўдваць сродкі задоўга да таго, як тата з мамай зачалі ў сонечнай Басконіі маленькага Ігнасіё. Да таго ж езуіты шаснаццатага стагодзьдзя адрозьніваліся ад езуітаў дзевятнаццатага і дваццатага, як Фэлікс Эдмундавіч Дзяржынскі ад Авар’яна Дзеружынскага, аўтара кніг «Конікі-будаўнікі» і «Цягнік-працаўнік». Што-што, а павевы часу езуіты адчувалі добра. Усімі антэнамі і «жучкамі» сваіх неабыякавых сэрцаў. Неабыякавых да каталіцкай веры, вядома — але ж, як казаў чалавек з прапэлерам, «ня ўсім жа звацца Карлсанамі».

А пачалася гісторыя Ордэну 27 верасьня 1540 году, калі папа Павал ІІІ зацьвердзіў дасланы яму праект манаскай арганізацыі, якая б вярнула каталіцтву былую магутнасьць. Праект быў складзены пад кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле таго самага баска, 49-гадовага гішпанскага афіцэра Ігнасіё Лопэса дэ Рэкальда Ляёлы. Ляёла ваяваў, быў цяжка паранены, вывучаў багаслоўе, езьдзіў у Ерусалім, дзе паляваў на непакорныя мусульманскія душы — здабыча была ня надта, і ён вырашыў сканцэнтравацца на Эўропе, дзе набірала моц клятая Рэфармацыя. Ягоныя пасьлядоўнікі і наступнікі дабяруцца да месцаў значна больш аддаленых: зь імі пазнаёмяцца ў Кітаі і Японіі, у абедзьвюх Амэрыках і на Філіпінах. Ім цяжка будзе супрацьстаяць. У іх будзе толькі адзін сур’ёзны супернік — літаратура... Якая што б ні пісала — цяжка потым адмыцца. Як, напрыклад, беларуская. Як там далей было ў Караткевіча?

«Зрэшты, я ўсё адно лепей сядзеў бы зь дзесяцьцю сьмярдзючымі капуцынамі, чым з адным езуітам. Душэўны смурод горшы».
XS
SM
MD
LG