Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк вывучаў на мяжы чаўночны гандаль

абноўлена

Апытаньне грамадзян пра меркаваныя выдаткі за мяжой праводзілася на памежных пунктах Беларусі дзеля вывучэньня «чаўночнага гандлю», неарганізаванага ўвозу-вывазу тавараў фізычнымі асобамі.

Так Нацыянальны банк патлумачыў свае нечаканыя дзеяньні 20-21 верасьня.

Да анкетаваньня былі таксама падключаныя Дзяржаўныя мытны і памежны камітэты, а таксама Белстат.

«Акрамя вывучэньня таварных патокаў, анкета абсьледаваньня ўтрымлівала шэраг пытаньняў для дасьледаваньня аб’ёмаў і скіраванасьці патокаў міжнароднага турызму, які набывае для краіны ўсё большае значэньне», — адзначае Нацбанк.

Пасьля апрацоўкі вынікаў анкетаваньня будуць прымацца «рашэньні пра неабходнасьць карэкціроўкі дзейнай сыстэмы статыстычнага ўліку зьнешняга гандлю таварамі і паслугамі».

Раней у інтэрнэце зьявіліся здымкі анкеты Нацыянальнага банка для «ананімнага абсьледаваньня тых, хто выяжджае зь Беларусі». Анкеты раздалі на мяжы ў Берасьці.

Анкета зробленая на дзьвюх мовах: па-ангельску і па-расейску.

У анкеце пыталіся пра мэты выезду за мяжу, працягласьць паездкі, плянаваныя выдаткі падчас падарожжа, а таксама чым падарожнік зьбіраецца разьлічвацца. Апошні пункт — якія тавары вывозяцца зь Беларусі і ў якой колькасьці. Хоць анкета называлася ананімнай, адсачыць, хто яе запаўняў, досыць проста.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў пра магчымасьць увесьці ў краіне так званую «выязную пошліну» , каб абмежаваць спажывецкі імпарт. Па словах кіраўніка дзяржавы, пошліна павінна скласьці «100 даляраў з носа».

Віцэ-прэм’ер Беларусі Пётар Пракаповіч адзначаў, што ўрад вывучае гэтае пытаньне і мае намер на працягу месяца-паўтара прадставіць мэханізм зьбіраньня такіх пошлін.

Раней у прэс-службе Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі паведамілі, што
анкетаваньне было арганізавана з ініцыятывы Нацыянальнага банку Беларусі, распаўсюджваньнем анкет сярод грамадзян у пунктах пропуску займаліся супрацоўнікі Дзяржпагранкамітэту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG