Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Маркіяновіч яшчэ не вярнулася ў Беларусь


Грамадзянка Беларусі Сьвятлане Маркіяновіч (cправа) ў палоне ў сырыйскіх паўстанцаў, архіўнае фота

Грамадзянка Беларусі Сьвятлане Маркіяновіч (cправа) ў палоне ў сырыйскіх паўстанцаў, архіўнае фота

«Учора Сьвятлана патэлефанавала мне і паведаміла, што прыедзе, як толькі будуць гатовыя дакумэнты. Але яны яшчэ не гатовыя», — паведаміла Радыё Свабода цёця Сьвятланы Маркіяновіч Ірына Канстанцінаўна.

Размова доўжылася некалькі секунд, кажа Ірына Канстанцінаўна. Тэлефанавала Сьвятлана з чужога тэлефона.

23 верасьня Сьвятлана патэлефанавала дахаты і паведаміла, што зьбегла з сірыйскага палону.

Паводле Ірыны Канстанцінаўны, супраць тых, хто выкраў малдаванку Карыну Кольца і Сьвятлану Маркіяновіч, ужо заведзеная крымінальная справа, яны затрыманыя. «Хто яны, я ня ведаю. Яны патрабавалі выкуп, але не ад нас асабіста. Якраз пра гэта я ня ведаю». У палоне дзяўчаты прабылі больш за месяц.

«Яны з другога паверху выскачылі. Пра выкуп я падрабязнасьцяў не зразумела», — кажа Ірына Канстанцінаўна. Пасьля ўцёкаў дзяўчаты схаваліся ў мячэце, імам якога і зьвязаўся зь беларускім консулам.

Сьвятлана мае вярнуцца дахаты ў бліжэйшыя дні.

«Цяпер яна задаволеная, радасная, што жывыя. Там ужо пайшлі пагрозы пра растрэл, таму яны і вырашылі ўцячы», — кажа Ірына Канстанцінаўна.

«Беларуская грамадзянка знаходзіцца ў бясьпечным месцы, яе жыцьцю нічога не пагражае», — заявіла Інтэрфаксу намесьніца начальніка ўправы інфармацыі МЗС Марыя Ваньшына.

Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных адмовіўся камэнтаваць справу Сьвятланы Маркіяновіч, спаслаўшыся на клопат пра яе асабістую бясьпеку.

МЗС таксама не паведамляе, калі Сьвятлана вернецца ў Беларусь.


Беларуска Сьвятлана Маркіяновіч і малдаванка Карына Кольца зьявіліся ў відэароліку, які, верагодна, быў зьняты адным з атрадаў паўстанцкай Сырыйскай свабоднай арміі. Ролік разьмясьціў 9 жніўня карыстальнік Shaker Motlak на канале Youtube пад назвай «Расейская сям’я прызнаецца ў працы на „Хізбулу“».

У прысутнасьці мужчын у масках і з аўтаматамі дзяўчаты кажуць, што прыбылі ў Сырыю пад выглядам журналістак і працуюць на ваенізаваную ісламскую групоўку «Хізбула», якая ваюе на баку ўрадавых войскаў.

Міністэрства замежных спраў Беларусі 15 жніўня пацьвердзіла беларускае грамадзянства Сьвятланы Маркіяновіч. А яшчэ празь некалькі дзён беларускія праваахоўныя органы заявілі, што беларуска ня раз выяжджала ў Лібан працаваць танцоўшчыцай у начных клюбах.

«Пра гэтую жанчыну вядома, што яна была пазбаўленая бацькоўскіх правоў за неадпаведны догляд за сынам. Цяпер яе дзіця, 2007 году нараджэньня, усыноўлена прыёмнымі бацькамі. Маральнае аблічча гэтай жанчыны, якое нам вядома, таксама пакідае жадаць лепшага», — заявіў на прэс-канфэрэнцыі намесьнік начальніка ўправы наркакантролю і супрацьдзеяньня гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Беларусі Сяргей Колтун.
XS
SM
MD
LG