Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэстовец супраць расейскіх авіабазаў скардзіцца на турэмныя ўмовы


Мікалай Гладышаў

Мікалай Гладышаў

Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Магілёва Мікалай Гладышаў патрабуе ад пракурора Маскоўскага раёну Менску пакараць супрацоўнікаў сталічнага Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў.

Гладышаў кажа, што калі ён адбываў дзесяцісутквы арышт, адміністрацыя ізалятара парушыла правілы і ўмовы яго ўтрыманьня.

За дзесяць сутак актывіст пабываў у трох камэрах менскай турмы на Акрэсьціна. Як ён кажа, за час арышту яго толькі двойчы выводзілі на шпацыр. У зьняволеньні Гладышаў ня меў магчымасьці чытаць.

«Чытаў я толькі па тры гадзіны ў суткі, бо асьвятленьне было кепскае. Паводле раскладу асуджаныя мелі права на гадзіну шпацыру штодня. Адзін шпацыр для мяне зрабілі трыццаціхвілінны, а другі пятнаццаціхвілінны. У камэрах на ўсіх не хапала падушак. У адной з камэраў было шэсьць чалавек і тры падушкі. Мелася быць па дзьве прасьціны, а было па адной. Коўдры замусоленыя. Не давалі галіцца, хоць у мяне быў бясьпечны станок для галеньня. У камэрах не было халоднай вады. Толькі гарачая. У адной камэры са мной сядзелі крымінальнікі, што забаронена заканадаўствам. Адзін зь іх меў судзімасьць за забойства і замах на забойства», — распавёў Мікалай Гладышаў Радыё Свабода.

Асноўны кантынгент асуджаных, паводле актывіста, адбываў пакараньні за правапарушэньні, якія яны зрабілі нападпітку. Ніхто зь іх не выказваў пратэсту супраць умоваў зьняволеньня.

«Я і сам бы не пісаў скаргаў, калі б па вызваленьні ня стаў высьвятляць, якімі павінны быць умовы ўтрыманьня адміністрацыйна асуджаных. У ізалятары на Акрэсьціна парушаецца амаль усё, што запісана, напрыклад, у працэсуальна-выканаўчым кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэньнях у частцы правоў асуджаных. Прыкра, што грошы на парады ёсьць, а вось забясьпечыць умовы ўтрыманьня асуджаных на „сутках“, як таго патрабуе заканадаўства, то няма. Я пісаў скаргу з разьлікам, што рана ці позна ў Беларусі пачуцца масавыя пратэсты і, магчыма, мае калегі па грамадзкай дзейнасьці туды могуць трапіць, і, можа, пасьля маёй скаргі нешта ў ізалятары палепшае», — кажа Мікалай Гладышаў.

Мікалай Гладышаў мусіць заплаціць 450 тысяч рублёў за арыштанцкае харчаваньне.

У Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў Мікалай Гладышаў трапіў 26 жніўня, пасьля таго як зладзіў адзіночны пікет супраць намераў разьмясьціць у Беларусі расейскую авіябазу. Акцыю пратэсту з плякатам «Не — замежным ваенных базам! Расейскія вайскоўцы прэч» актывіст праводзіў насупраць расейскай амбасады. Суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў Гладышава дзесяцісуткавым адміністрацыйным арыштам.

Пратэставаў супраць расейскіх авіябазаў Мікалай Гладышаў ня толькі ў Менску, але і ў Магілёве. 4 ліпеня ён зладзіў аднаасобны пікет насупраць Магілёўскага гарвыканкаму. Суд Ленінскага раёну Магілёва аштрафаваў яго за гэта на 1 мільён рублёў.
XS
SM
MD
LG