Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвет бяз гукаў


У Беларусі каля 13 тысяч інвалідаў слыху. У той ці іншай ступені на парушэньне слыху церпяць каля 370 тысяч жыхароў краіны.

Нямыя ў сьвеце іншых


Віталю Жалезку 20 гадоў. Такіх, як ён, называюць глуханямымі. Хоць карэктна казаць — «чалавек з парушэньнем слыху». Бо Віталь ня можа гаварыць якраз таму, што ня чуе.

Тамара, маці Віталя, — таксама інвалід па слыху. Аднак дзякуючы слыхавому апарату і ўменьню чытаць па вуснах яна можа камунікаваць зь людзьмі.

«Была нядаўна па справах у пастарунку міліцыі, я гучна гаварыла, таму што праз парушэньне слыху мне здаецца, што я ціха гавару. Дык мне там зрабілі вымову і пагражалі штрафам за шум. Я сказала міліцыянтам, што я інвалід і гучна гавару, бо сама сябе амаль ня чую, аднак разуменьня ад іх не атрымала», — кажа спадарыня Тамара.

А вось Віталь ня можа гаварыць так, каб яго разумелі. Ён нават саромеецца сваіх спробаў вымаўляць словы.

Кажа, што людзі вакол крыва глядзяць на яго.

Хлопец карыстаецца толькі моваю жэстаў.

«Бывае, што хочуць пазнаёміцца дзяўчаты... Перапісваемся смскамі ці на паперцы, але зь цягам часу кантакт губляецца, бо вельмі складана кантактаваць са „звычайнымі“. Мы не разумеем шмат словаў з вашага лексыкону, а вы ня ведаеце жэстаў», — скардзіцца на сваю долю Віталь.


«Дайце працу!» — «Вы што, з глузду зьехалі?»


Віталь скончыў адмысловую школу для дзяцей-інвалідаў, а затым атрымаў будаўнічую спэцыяльнасьць у каледжы для людзей з парушэньнямі слыху.

Але ў такіх, як ён, мала шанцаў, каб атрымаць добрую працу. Калі пашанцуе, то завод ці будоўля. Браць на працу хлопца не сьпяшаюцца.

29 верасьня — Міжнародны дзень глухіх
«Не бяруць працаваць, а пэнсія ў яго 650 000 рублёў. Віталік можа ўсё рабіць, яму проста трэба паказаць і патлумачыць, рукі ў яго залатыя. Яны ўсе, з парушэньнямі слыху, добрыя працаўнікі, аднак іх не бяруць нікуды», — кажа Тамара.

«Я вось тэлефанавала ў будаўнічую арганізацыю, каб паспрабаваць уладкаваць сына. Дык там кажуць: „Вы што, з глузду зьехалі? Пад чыю адказнасьць мы яго возьмем?“ А я думаю, бывае, што здаровых трэба пад адказнасьць браць, а гэты такі выхаваны, такі старанны. Проста дайце працу, скажыце, што рабіць, і яны будуць працаваць, бо ў іх залатыя рукі. Але ж каму гэта трэба? Працадаўцы бачаць для сябе дадатковую адказнасьць у такіх працаўніках. Прасьцей адмовіць».

Глухі, які хоча ў БАТЭ


Віталь знайшоў, як камунікаваць з аднагодкамі. Праз спорт.

Зь дзяцінства ён — лідэр дваровых футбольных матчаў.

Яго часта запрашаюць гуляць у аматарскія каманды.

Аднак аматарскі ўзровень не задавальняе хлопца. Ён не разумее, чаму тыя, хто гаворыць, могуць займацца спортам прафэсійна, а глухія — не.

Віталь просіць маці «ўладкаваць» яго ў БАТЭ, бо лічыць свой узровень дастатковым для гэтай каманды.

Тамара тлумачыць сыну, што прабіцца глухому ў прафэсійную каманду немагчыма.

А хлопец параўноўвае стан рэчаў у Беларусі і ў краінах Эўропы:

«Там сытуацыя іншая — глухія могуць і займацца спортам, і яшчэ заробак за гэта атрымліваюць. Чаму такога няма тут? Чаму, калі я глухі, то ў лепшым выпадку магу працаваць на заводзе? Чаму я не магу рабіць тое, да чаго ляжыць душа, што мне падабаецца? Ці можна тут чагосьці дамагчыся, ці трэба ехаць у Польшчу, Нямеччыну?»

Віталік задае пытаньне і ўжо ведае для сябе адказ. Хлопец марыць зьехаць у Эўропу, каб паспытаць футбольнага шчасьця там.


Фотагалерэя: Словы на кончыках пальцаў


Мова жэстаў — жэсты, міміка, форма ці рух рота і вуснаў.

На мове жэстаў камунікуюць некалькі мільёнаў чалавек ва ўсім сьвеце.

На просьбу Радыё Свабода сям’я Петрусевічаў зь Менску (бацькі і дзеці — інваліды слыху) паказваюць словы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG