Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі зьнікне філязофія рабунку, зьнікне і філязофія вайны». Каб давесьці 26 верасьня 1960 году гэтую няхітрую тэзу да сваіх слухачоў, Фідэлю Кастра спатрэбілася ажно чатыры з паловай гадзіны. Абсалютны рэкорд па балбатні сярод прамоўцаў ААН, не пабіты дагэтуль. Калі быць дакладным, ягоная прамова трывала чатыры гадзіны дваццаць дзевяць хвілін — усяго хвіліны не хапіла да роўнага ліку: глядзіш, і давёў бы... А так ні адна, ні другая філязофіі, калі такія сапраўды існавалі, нікуды не падзеліся: ня думай пра хвіліны звысака, як казаў Марцін Борман. Усё гэтак жа рабуюць, усё гэтак жа ваююць, і ўсё гэтак жа балбочуць.

Падзея адбылася на сэсіі Генэральнай асамблеі ААН у Нью Ёрку. Вядома, Кастра можна зразумець. Ён выступаў перад самымі неадукаванымі, самымі цёмнымі слаямі насельніцтва плянэты, якім усё трэба так разжаваць, каб дайшло і ў працэсе спажываньня ня вывалілася з правага вуха. Людзі, якія сядзелі перад ім, на яхтах не танулі, за бараду сябе з балотаў не выцягвалі і ў гарах да апошняга не адстрэльваліся. Што й казаць, адукацыі ім відавочна не хапала. Так, кембрыджы розныя, оксфарды і іншыя ПТВ... Пралетары. Просты люд. Філямата ад Філярэта не адрозьняць, ня тое што вайну ад рабунку.

Кастра уразіў публіку, павесяліў журналістаў і давёў да гістэрыкі перакладчыкаў. У шоку былі ўсе — але толькі не яго таварышы па дэлегацыі. Тыя яшчэ і падзякавалі Фідэлю за ляканічнасьць. Суайчыньнікі добра памяталі прамову Кастра за год да таго ў Гаване з нагоды перамогі кубінскай рэвалюцыі. Тады кубінскага лідэра сапраўды панесла: ён гаварыў без паперкі і без супынку сем гадзін запар і, кажуць, пераплюнуў турэцкага правадыра Кемаля Атацюрка, які ў свой час напісаў урачыстую прамову на сямсот старонак — праўда, чытаў ён яе па пяць гадзін на дзень зь ліста. Цяжка сабе ўявіць, што давялося б вынесьці Кубе, калі б Кастра быў амбітным чалавекам і вырашыў бы напісаць сямсот старонак тэксту: рабіць паўзы было не ў традыцыях кубінскага лідэра, ён абавязкова прачытаў бы яе за раз, на адным дыханьні, не зазіраючы ў тэкст... Геній.

Хаця, відаць, за сваё жыцьцё Кастра нагаварыў значна больш за нейкія ўбогія сямсот старонак. Тоны словаў, цэнтнэры абяцаньняў, кубічныя гектары пагрозаў і вагоны праклёнаў. І ўсё без паперкі. І пры гэтым ні імпэрыялісты, ні Саветы, ні Чэ Гевара, ні Батыста, ні брат Раўль — ніхто так і не даведаўся, дзе ў Яго тая самая запаветная Кнопка.
XS
SM
MD
LG