Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Магутная перамога Мэркель дае нам аптымізм»


Ангела Мэркель

Ангела Мэркель

Беларускія палітыкі камэнтуюць вынікі парлямэцкіх выбараў у Нямеччыне.

Блёк ХДС/ХССнабраў, паводле папярэдніх дадзеных, больш за 42% галасоў выбарцаў. Гэта азначае, што краіну зноў ачоліць канцлер Ангела Мэркель.

Чаго можа чакаць ад вынікаў гэтых выбараў Беларусь?

На пытаньне «Свабоды» адказваюць беларускія палітыкі і палітолягі.


Кароль: «Правы чалавека Нямеччынай не адкідаюцца»


Аляксей Кароль

Аляксей Кароль

Аляксей Кароль — кандыдат гістарычных навук, палітоляг — упэўнены, што прынцыповых зьменаў у палітыцы Нямеччыны адносна Беларусі ня будзе:

«Таму што каштоўнасьці палітычныя і правы чалавека нікуды ня дзенуцца, яны не адкідаюцца. І ў гэтым сэнсе палітыка адносна Беларусі зьменена ня будзе. Незалежна ад таго, хто будзе партнэрам ХДС па правячай кааліцыі.

Калі мець на ўвазе зьмены ў выглядзе пацяпленьня альбо дыялёгу зь беларускімі ўладамі, то, я думаю, гэтага ня будзе. Палітыка Нямеччыны будзе будавацца на тых жа асновах, што і раней. І перамены тут будуць залежаць толькі ад нас».


Лябедзька: «Магутная перамога Мэркель дае нам аптымізм»


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Лідэр аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька апошні раз сустракаўся з канцлерам Мэркель летась у Варшаве:

«Калі мы гаворым пра зьнешнія чыньнікі, то для Беларусі ў Эўрапейскім Зьвязе надзвычай важныя Літва і Польшча як нашыя бліжэйшыя суседзі. Але калі мы гаворым пра тых, хто ў значнай ступені вырашае палітыку Эўразьвязу, то для Беларусі ў першую чаргу гэта Нямеччына і Злучанае Каралеўства. З гэтага пункту гледжаньня моцная, магутная перамога Мэркель дае нам пэўны аптымізм. Мы можам мець важкага партнэра, які ў значнай ступені будзе вызначаць парамэтры таго ж „Усходняга партнэрства“.

Таму мы зараз у добрым пазытыўным стане. Тым больш што гэтая перамога здабытая ў сумленных, чэсных выбарах. Я думаю, што адкрываюцца добрыя пэрспэктывы. Так, Рональд Пафала, які вельмі заангажаваны на Беларусь і які зьяўляецца адным з бліжэйшых паплечнікаў канцлера Мэркель, будзе па-ранейшаму ў курсе ўсіх беларускіх спраў. Гэта азначае, што мы ня страцілі таго, што было, і маем пэрспэктыву нарошчваць пазытыў у выкарыстаньні Нямеччыны па беларускай праблематыцы».


Кастусёў: «Мэркель прапаноўвала „Плян Маршала — 3“ для Беларусі»


Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

Намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў таксама ўдзельнічаў у леташняй сустрэчы прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай супольнасьці з Ангелай Мэркель:

«Галоўная тэма, якую ўзьняў я на гэтай сустрэчы, — гэта праблемы эканомікі Беларусі. Я казаў, што эканоміка сама ўжо з кален не падымецца. І мы завялі размову пра магчымую дапамогу з боку Эўропы для выхаду нашай краіны з крызісу.

Размова зайшла пра плян, які мы назвалі «Плян Маршала для Беларусі». І мы прапанавалі назваць яго «Плян „Маршала — 2“. Канцлер жартам нам заўважыла, што мы спазьніліся, бо так многія назвалі плян дапамогі ад Эўразьвязу Грэцыі. Якраз у той час адбываліся вядомыя падзеі ў Грэцыі. І спадарыня Мэркель прапанавала назваць наш плян „Плянам Маршала — 3“.

Падчас размовы спадарыня канцлер больш слухала нас. Але зь яе заўваг у мяне склалася ўражаньне, што яна добра валодала інфармацыяй пра Беларусь. Ва ўсялякім разе, тымі тэмамі, пра якія мы размаўлялі, яна валодала добра. І таму нам было прыемна, што зь яе боку гэта была не дзяжурная сустрэча. Яна сустрэлася з намі ня дзеля фармальнасьці. А сустрэлася падрыхтаванай, каб абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі і акрэсьліць шляхі выхаду з гэтай сытуацыі».


Шушкевіч: «Мэркель цьвяроза ацэньвае сытуацыю ў Беларусі»


Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч, старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 га скліканьня: «Нямеччына і цяпер займае нядрэнную пазыцыю адносна сытуацыі ў Беларусі. І яна ад яе не адступае. У адрозьненьне ад розных эўрапейскіх чыноўнікаў, якія не заўжды бываюць пасьлядоўнымі.

На жаль, я ня змог быць у Варшаве, калі Мэркель сустракалася з прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай супольнасьці. Але мне пасьля падрабязна расказалі пра гэту сустрэчу. І таму мне ясна — спадарыня канцлер добра разумее тое, што адбывацца ў Беларусі.

Цяпер, калі яна зноў перамагла,, я не думаю, што яна будзе адступаць ад сваёй папярэдняй пазыцыі. А яе пазыцыя вельмі прыстойная. Галоўнае, што яна цьвяроза ацэньвае ўсё, што тут адбываецца. Яна не зьменіць свой падыход. І мне падаецца, што для Беларусі гэта вельмі важна».

Пазьней на сайце Радыё Свабода — водгукі іншых палітыкаў на вынікі выбараў у Нямеччыне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG