Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па кашулі Лукашэнкі можна прадказваць палітычнае надвор’е


Іміджмэйкеры кажуць, што палітык у чырвоным гальштуку настроены на агрэсію і раяць надзяваць яго на важныя перамовы. Расшплены верхні гузік на афіцыйнай кашулі — сыгналізуе, што размова нефармальная, а за надта сьветлы колер касьцюма можна расплаціцца і дзяржаўнай пасадай.

Пра што сьведчыць колер кашулі беларускага прэзыдэнта? І ў якім гальштуку ён будзе сустракаць Уладзімера Пуціна?

Той, хто пільна сочыць за калійным канфліктам, заўважыў: падчас сустрэчаў з «дарадцамі» расейскага прэзыдэнта Ігарам Сечыным і Германам Грэфам беларускі прэзыдэнт быў апрануты мякка кажучы нефармальна. Кашулі-пола невыразнага колеру на Аляксандры Лукашэнка амаль зьліваліся з колерам пінжаку і выразна кантраставалі з пратакольным выглядам расейскіх візіцёраў.
Цікавая дэталь — дакладна ў такіх жа кашулях беларускі прэзыдэнт сёлета наведваў Гомельскую і Магілёўскія вобласьці. На афіцыйных відэа выразна відаць, як у Хойніках ён адказвае на пытаньні журналістаў, сіняй кашулі-пола, праўда, без пінжаку.

Сіняя кашуля-пола

Падчас сустрэчы з Ігарам Сечыным

Падчас сустрэчы з Ігарам Сечыным

Лукашэнка ў Хойніках

Лукашэнка ў Хойніках

Шэрая кашуля-пола
Падчас сустрэчы з Германам Грэфам

Падчас сустрэчы з Германам Грэфам

Лукашэнка ў Магілёўскай вобласьці

Лукашэнка ў Магілёўскай вобласьці


«Гэта азначае, што Лукашэнка не прымаў Сечына і Грэфа як людзей, роўных сабе, — кажа расейскі палітоляг Станіслаў Бялкоўскі. — Гэта была не палітычная сустрэча, а сустрэча з мэтай урэгуляваньня калійнага канфлікта, дзе Аляксандр Лукашэнка, як чалавек, які вырашае ў Беларусі ўсё, грае ключавую ролю. Ён ня мог даць зразумець суразмоўцам, што ён прымае іх на дзяржаўным узроўні. На дзяржаўным ён можа прымаць толькі Ўладзімера Пуціна».

А былы міністар замежных справаў Славакіі Павол Дэмеш увогуле лічыць, што такім чынам Аляксандр Лукашэнка дэманструе сваю перавагу над суразмоўцамі.

Павол Дэмеш: «Ён паказвае, што пачуваецца вельмі камфортна ў гэтай вайне з Масквой».


Бойка на чырвоных гальштуках


Назіраньне за прэзыдэнцкім гардэробам занятак ня надта цікавы.

«Гэта ў савецкі час былі такія вар’яты, якія на трыбунах выглядалі, хто стаіць бліжэй да Брэжнева, — кажа расейскі палітоляг Леанід Радзіхоўскі. — Усё вылічалі, хто там у капелюшы, хто ў „піражку“, а хто ў пыжыку».
«Гэта трызьненьне, — заключае ён. — На вырашэньне праблемаў у краіне гэта не ўплывае!»

Да таго ж, як кажа піцерскі палітоляг Аляксандр Марозаў, «імідж Лукашэнкі — стандартны дзелавы касьцюм, — кажа, — Ён стараецца апранацца акуратна, пад свой густ. Разынкі ў яго няма, але дзелавы этыкет ён вытрымлівае».

І вытрымлівае старанна. Вось у 2011 годзе Ўладзімір Пуцін прыяжджае ў Менск у якасьці прэм’ер-міністра. Лукашэнка сустракае яго ў загараднай рэзыдэнцыі ў сіняй кашулі. Канечне, без гальштуку. Пуцін, мала што былы і будучы прэзыдэнт, у кашулі і ў гальштуку.

Этыкет выкананы: Лукашэнка хоць і сустракае «па-хатняму», але з усёй павагай.
А вось іншая карцінка: Лукашэнка прыехаў у Расею прасіць крэдыт у два мільярды. Сустракаюцца з Пуціным у Канстанцінаўскім дварцы. Лукашэнка апрануты ў сіні касьцюм з ярка-чырвоным гальштукам. Пуцін — у чорным ці цёмна-шэрым касьцюме з гальштукам бардовым. Здаецца, выглядаюць прыблізна аднолькава, але крэдыт у той раз застаўся для Лукашэнкі пад пытаньнем.

Праўда, да такога вытрыманага вобразу беларускі кіраўнік прыйшоў не адразу. Былі ў ягоным мінулым і клятчастныя пінжакі, славуты «зачос» і турэцкія джэмперы.

Беларускіх чыноўнікаў катуюць уніформай


«Лукашэнку стварае асяродьдзе: калі б побач не стаялі беларускія чыноўнікімі з разгубленымі тварамі і панікшымі поглядамі, яму было б нашмат цяжэй існаваць у такім вобразе», — упэўнены палітоляг Марозаў.

І сапраўды, беларускі кіраўнік надзвычай часта дазваляе сабе нефармальнае адзеньне ў сытуацыях, калі ўсе вакол зацягнутыя ў ня надта добра пашытыя дзелавыя касьцюмы і гальштукі. Пры летняй сьпёцы роспачна глядзець на чыноўнікаў, якія круцяцца вакол па надвор’і апранутага прэзыдэнта ў такой уніформе.

І ніхто зь беларускай намэнклятуры не дазволіць сабе ільняную кашулю. У адрозьненьне, дарэчы, ад пуцінскай Расеі, дзе кожны чыноўнік імкнецца імітаваць стыль прэзыдэнта. Хаця б і ў адзеньні. Ёсьць і гісторыі пра тое, нібыта прэзыдэнт асабіста выказвае незадавальненьне зьнешнім выглядам сваіх падначаленых — занадта фрывольны.

Лыжная шапачка – “дыямэнт” прэзыдэнцкага гардэроба


Тым не менш ў Беларусі, дзе палітычны ландшафт не мяняецца дзесяцігодьдзямі, назіраць даводзіцца выключна за зьменай колеру гальштука і формамі лыжнай шапачкі — любімага нефармальнага галаўнога ўбору прэзыдэнта.

«Калі б ён спрабаваў атрымаць давер народу за кошт сьвецкага блеску, яму б ніхто не паверыў. Ён не спрабуе мяняцца, але менавіта за гэта яго і любяць», — кажа Марозаў.

Яшчэ адна адметнасьць: імідж беларускага прэзыдэнта можа і ня надта разнастайны, але свой, самародны. Калі Ўладзімер Пуцін са сваім Brioni яўна нагадвае Джеймса Бонда, то Аляксандр Лукашэнка заўжды застаецца Аляксандрам Лукашэнка.

Сапраўды, там, дзе Ўладзімер Пуцін дазваляе сабе зьявіцца ў майцы-баксёрцы, штанах-мілітары і высокіх ботах, Аляксандр Лукашэнка красуецца ў надзвычай кароткіх шортах і кепцы. Але ўсім адразу ясна, гэта не нейкі амэрыканскі каўбой, а сапраўдны «чалавек з народу», такі ж, як мы.

Дый нават лыжная шапачка ў яго такая ж, якую можна пабачыць на хлопцах у ягоным родным Шклове.

«Ён верны адной лініі паводзінаў, яна дзейнічае, і будзе дзейнічаць эфэктыўна яшчэ пэўны час, — пераконвае расейскі паліттэхноляг.

Палітолягі горача абмяркоўваюць, калі адбудзецца сустрэча беларускага і расейскага прэзыдэнта. Лічыцца, што яна можа стаць вырашальнай кропкай у калійным канфлікце. Але расейскі палітоляг Леанід Радзіхоўскі перакананы ў наступным:

«Абслютна ня важна, як яны там будуць апранутыя, — працягвае Радзіхоўскі. — Якія б гальштукі яны б не надзелі, выбару ў Пуціна няма, бо іншага „бацькі“ няма і яму ён ня трэба. Пасьля таго, як Украіна абвясьціла пра падпісаньне асацыяцыі з ЭЗ, у нас застаўся адзін саюзьнік. Прычым такі, што на замову не прыдумаеш».
XS
SM
MD
LG