Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ад 100-даляравай пошліны выйграюць інвэстары расейскай эканомікі


Дзяржаўная прапаганда рыхтуе насельніцтва да ідэі спаганяць па 100 даляраў з тых беларусаў, хто выпраўляецца за мяжу на закупы. А як да падобнай ініцыятывы ставяцца замежныя бізнэсоўцы?

Ці можна разглядаць так званую таварную пошліну ўскосным падаткам на прадукцыю, вырабленую па-за Беларусьсю? Як з гледзішча бізнэсу можна ацаніць ідэю беларускіх уладаў здымаць выяздное мыта к з людзей, якія хочуць набыць больш якасны і таньнейшы тавар у суседніх Літве ці Польшчы?

З улікам, што сярод спажыўцоў значная частка тых, хто купляе за мяжой бытавую тэхніку ці электраінструмэнты, адрасую пытаньне прэзыдэнту кампаніі «Робэрт Бош» у Расеі, Беларусі, Сярэдняй Азіі і на Каўказе Герхарду Пфайфэру — напярэдадні нямецкі гігант адчыніў у Менску новы офіс сваёй рэгіянальнай штаб-кватэры. І хоць падобнай нормы няма ні ў адной іншай эўрапейскай краіне, спадар Пфайфер намагаецца быць паліткарэктным:

Герхард Пфайфэр

Герхард Пфайфэр

​«Адкажу наступным чынам: мы прадпрымальнікі, а не палітыкі. Мы робім добры бізнэс, у тым ліку і тут, у Беларусі, нашы брэнды добра пазнавальныя. Усе астатнія тэмы для абмеркаваньня, падобныя гэтай, не наша справа, бо гэта ўнутраная справа Рэспублікі Беларусь. Яшчэ раз падкрэсьліваю: мы займаемся бізнэсам, а не палітыкай. Разам з тым, хачу адзначыць, што, дзякуючы Мытнаму саюзу, у які ўваходзіць Расея, Беларусь і Казахстан, мы можам забясьпечваць мясцовы рынак, дзякуючы нашай вытворчасьці ў Санкт-Пецярбурзе».

Летась у Стрэльне пад Санкт-Пецярбургам запрацавала прадпрыемства па вытворчасьці пральных машынаў, халадзільнікаў і маразільных камэраў пад маркамі Bosch і Siemens. Такім чынам, у выпадку ўвядзеньня 100-даляравай пошліны дывідэнды ад пераарыентацыі беларусаў на ўсход атрымаюць як расейскія вытворцы замежнай прадукцыі, так і інвэстары расейскай эканомікі. Зразумела, што спадара Пфайфэра такі камэрцыйны разварот ня можа ня цешыць:

«Штогод у Стрэльне вырабляецца блізу 1 мільёну адзінак самай рознай тэхнікі. Прычым, гэтыя тавары мы не экспартуем у краіны Заходняй Эўропы, яны адпачатку вырабляюцца для рынкаў удзельнікаў Мытнага саюзу. Акрамя таго, гэтая тэхніка распрацаваная з улікам асаблівасьцяў мясцовага рынку і адаптаваная пад гэтыя ўмовы. Такім чынам, беларускія спажыўцы таксама могуць скарыстацца з нашых новых магутнасьцяў пад Санкт-Пецярбургам».

Генэральны дырэктар замежнага прадпрыемства «Робэрт Бош» у Менску Ўладзімер Рыбалоўлеў ня верыць, што такую глябальную ідэю можна рэалізаваць увогуле — хоць бы таму, што незразумела, па якіх прыкметах адрозьніць таго, хто едзе на шопінг, ад звычайнага турыста:

Уладзімер Рыбалоўлеў

Уладзімер Рыбалоўлеў

​«Сапраўды, на гэты конт ідзе вельмі шмат дэбатаў, але нават прадстаўнікі Дзяржаўнага мытнага камітэту вымушаныя прызнаць: вельмі цяжка адрозьніць, хто выяжджае за мяжу на адпачынак, а хто за пакупкамі. А калі ўжо мытнае ведамства так ставіць пытаньне, то, напэўна, вы прысьпешваеце падзеі, што адпаведнае рашэньне будзе абавязкова прынятае. Так, ініцыятыва бурна і эмацыйна ў грамадзтве абмяркоўваецца, але зусім ня факт, што яна будзе ажыцьцёўленая. Як мне падаецца, паколькі дастаткова складана высьветліць, хто зь якімі мэтамі выяжджае, то нават тэхнічна рэалізаваць такую норму праблематычна».

Разам з тым, замежныя інвэстары не сьпяшаюцца абіраць Беларусь у якасьці вытворчай пляцоўкі, каб у выпадку форс-мажору з рознага кшталту непрагназаванымі пошлінамі забясьпечыць мясцовае насельніцтва прадукцыяй эўрапейскай якасьці. Не сакрэт, што бальшыня беларускіх аналягаў да міжнародных стандартаў не дацягваюць, таму і прадаюцца з цяжкасьцю. Герхард Пфайфэр прызнае: хоць пытаньне адкрыцьця прамысловай вытворчасьці і абмяркоўвалася, але праекты пакуль застаюцца толькі на паперы:

«Кожны раз, калі прымаецца рашэньне аб будаўніцтве новага прадпрыемства, мы кіруемся наступнымі парамэтрамі: глядзім на аб’ём будучага рынка, на расходы, якія прыйдзецца панесьці ў выніку інвэстыцый, на даступнасьць матэрыялаў і сыравіны, на наяўнасьць кваліфікаванага пэрсаналу, які мог бы абслугоўваць новыя аб’екты, на фінансавую сытуацыю ў краіне і агульныя рамачныя ўмовы эканомікі. Наша рашэньне праінвэставаць у вытворчасьць у Самары ці Саратаве прынятае не зь меркаваньняў зрабіць гэта супраць Беларусі, гэтыя месцы нас зацікавілі перадусім з гледзішча лягістыкі і аб’ёмаў рынку. Завод у Самары, які будзе вырабляць дэталі для аўтамабіляў, месьціцца за 100 кілямэтраў ад Тальяці, дзе прадукуецца асноўная маса расейскіх аўто. Зь любога месца Беларусі да Тальяці занадта далёка. З гледзішча лягістыкі неабходна разьмяшчаць вытворчасьць у самым цэнтры таго рынка, які будзе галоўны спажыўцом такога прадукту. Калі мы ўбачым у Беларусі такія спрыяльныя ўмовы, а менавіта — рынак, магчымасьць збыту — то чаму не? Але сёньня мы ня маем нейкіх дадатковых праектаў, які варта рэалізоўваць. Калі наступныя пілётныя праекты зноў будуць разглядацца, то мы правядзём поўны аналіз аб’ектаў, якія падыходзяць для інвэстыцыяў».

У Беларусі прысутнасьць нямецкага канцэрну носіць больш глябальны характар, маючы пад сабой пастаўкі аўтакампанэнтаў і гідраўлічнага абсталяваньня на БелАЗ, МАЗ, МТЗ, Менскі маторны завод і сумеснае прадпрыемства па вытворчасьці кітайскіх легкавікоў «БелДжы» у Барысаве.
XS
SM
MD
LG