Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Многія не ўспрымаюць Беларусь як асобную ваенную адзінку»


Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

Міністар абароны Латвіі Арцыс Пабрыкс заявіў, што маецца некалькі прычын лічыць, што расейска-беларускія вучэньні «Захад-2013», якія пачынаюцца ў пятніцу, маюць не абарончую мэту. Расейская амбасада ў Латвіі назвала гэтую заяву «недружалюбнымі і некарэктнымі» выказваньнямі. Ці могуць беларуска-расейскія вучэньні спрыяць павялічэньню напружанасьці ў рэгіёне? Наколькі моцна ўцягвае Беларусь у расейскую арбіту ваеннае супрацоўніцтва з Масквой? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Алесь Лагвінец.

— Наколькі можна прыгадаць, вайсковыя вучэньні «Захад» неаднаразова выклікалі пэўную насьцярожанасьць у беларускіх суседзяў: Польшчы, Літвы, Латвіі, якія ўваходзяць у блёк НАТО. Наколькі абгрунтаваная гэтая заклапочанасьць і ці сапраўды ваенныя вучэньні могуць павялічваць геапалітычную напружанасьць у рэгіёне?

— Любыя вучэньні — гэта павелічэньне пэўнага градусу, дэманстрацыя сілаў. З вайсковага гледзішча вядома, што балтыйскія краіны фактычна безабаронныя. Нават штабісты НАТО прызнаюць, што ў выпадку масіраванай агрэсіі фактычна немагчыма іх абараніць — можна будзе толькі пасьля гэтага вызваляць.

Наколькі расейска-беларускія вучэньні зьяўляюцца чыста абарончымі — пытаньне вельмі адкрытае. Для войска, нават калі абараняцца, трэба практыкаваць і наступальныя дзеяньні. Таму відавочна, што ў драбнейшых краінаў узьнікаюць пытаньні, перасьцярогі і заклапочанасьць, калі яны бачаць, што буйнейшыя суседзі, адзін зь якіх — вельмі магутная дзяржава, праводзяць каля іхніх межаў вайсковыя вучэньні.

— У беларускіх дачыненьнях бываюць канфлікты ў самых розных сфэрах — эканамічнай, палітычнай, ідэалягічнай — аднак пры гэтым амаль не бывае праблемаў з вайсковым супрацоўніцтвам. Наколькі моцна Беларусь уцягнута ў расейскую ваенна-палітычную арбіту праз сваё вайсковае супрацоўніцтва з Масквой?

— У вайсковай сфэры Беларусь вельмі залежная ад Расеі. Можна сказаць, што вайсковы чыньнік — галоўны козыр Лукашэнкі, і ён яго выкарыстоўвае даволі рэдка. Ягонае апірышча ў супрацьстаяньні з Крамлём — ваенна-прамысловы комплекс, які застаўся Расеі яшчэ з савецкіх часоў. Таму ён баіцца кранаць падчас канфліктаў вайсковую сфэру. Вядома таксама, што менавіта тут было найбольш падпісана розных пагадненьняў, у тым ліку пра гандаль зброяй.

То бок тут цэлы комплекс дачыненьняў, якія сапраўды абмежавалі беларускі вайсковы сувэрэнітэт. Шмат якія дасьледчыкі на Захадзе па сутнасьці фактычна не ўспрымаюць Беларусь як асобную вайсковую адзінку. Бо з вайсковага гледзішча Беларусь сапраўды вельмі залежная ад Расеі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG