Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады праігнаравалі канфэрэнцыю ў гонар паўстаньня Каліноўскага


Арганізатары канфэрэнцыі падчас адкрыцьця: Зьбігнеў Карпус — прафэсар унівэрсытэту Торуні, Яцэк Міхалоўскі — кіраўнік канцылярыі прэзыдэнта Польшчы, Лешак Шарэпка — амбасадар Польшчы ў Беларусі, Уршуля Дарашэўская — дырэктар Польскага інстытуту ў Менску

Арганізатары канфэрэнцыі падчас адкрыцьця: Зьбігнеў Карпус — прафэсар унівэрсытэту Торуні, Яцэк Міхалоўскі — кіраўнік канцылярыі прэзыдэнта Польшчы, Лешак Шарэпка — амбасадар Польшчы ў Беларусі, Уршуля Дарашэўская — дырэктар Польскага інстытуту ў Менску

У Менску распачалася беларуска-польская навуковая канфэрэнцыя «Да 150-годзьдзя паўстаньня 1863–1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага». Канфэрэнцыя праходзіць пры ўдзеле навукоўцаў абедзьвюх краін, а таксама прадстаўнікоў дыпляматычнага корпусу Польшчы. У рамках канфэрэнцыі яны наведалі Курапаты і ўсклалі кветкі да мэмарыяльнай шыльды Кастусю Каліноўскаму. Беларускія ўлады ўдзелу ў імпрэзе не бяруць.

Беларуска-польская канфэрэнцыя да юбілею паўстаньня Кастуся Каліноўскага ў Менску — пятая гістарычная канфэрэнцыя, якая арганізаваная і праходзіць пры непасрэдным удзеле навуковых і дыпляматычных прадстаўніцтваў Польшчы: амбасады Рэспублікі Польшча ў Беларусі, Польскага інстытуту ў Менску, а таксама ўнівэрсытэту ў Торуні. Гэтым разам, акрамя амбасадара Лешака Шарэпкі, уступнае слова на адкрыцьці прамовіў і кіраўнік канцылярыі прэзыдэнта Польшчы Яцэк Міхалоўскі:

Яцэк Міхалоўскі

Яцэк Міхалоўскі

Лешак Шарэпка й Уршуля Дарашэўская

Лешак Шарэпка й Уршуля Дарашэўская

Гісторык Алег Латышонак робіць даклад

Гісторык Алег Латышонак робіць даклад

«Я хацеў бы перадаць прывітаньне ад прэзыдэнта Рэспублікі Польшча і ягоную радасьць як гісторыка з нагоды падзеі, якая тут адбываецца. Паўстаньне 1863–1864 гадоў займае вялікае месца ў ягоным сэрцы, асабліва такія постаці, як Траўгут і Каліноўскі. Яны асабліва важныя, бо сымбалізуюць сувязь гістарычных лёсаў беларусаў і палякаў. І паказваюць, наколькі мы ўвогуле адзін да аднаго блізкія».

Як паведамілі арганізатары, канфэрэнцыю ў гонар паўстаньня Кастуся Каліноўскага яны плянавалі правесьці разам з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, але не атрымалі такой згоды. Гэткім чынам, навуковы форум распачаўся ў будынку амбасады Польшчы і ў адсутнасьць прадстаўнікоў афіцыйных уладаў Беларусі ці іх прывітальных пасланьняў. З гэтай нагоды адзін з удзельнікаў форуму, дасьледчык гісторыі Язэп Янушкевіч сказаў наступнае:

«Тая атмасфэра, якая пануе на радзіме Кастуся Каліноўскага, таксама на радзіме Рамуальда Траўгута, спараджае непаразуменьне. Паколькі нават гэтая канфэрэнцыя праходзіць такімі абмежаванымі магчымасьцямі, што сюды можна прайсьці толькі па пашпарту, а кампутар застаўся за гэтымі дзьвярыма. Тым ня менш спадзяюся, што гэтая канфэрэнцыя паставіць праблемы, якія ёсьць перад намі. А праблема простая: гэтая тэма, гэтае паўстаньне за савецкім часам ніколі па-сапраўднаму не распрацоўвалася. І нам трэба працаваць, закасаўшы рукавы».

Акрамя навуковых дакладаў на названай тэме, у праграме канфэрэнцыі — выезд на Гарадзеншчыну. Гісторыкі праедуць па месцах, зьвязаных з паўстаньнем каліноўцаў. Таксама ў рамках канфэрэнцыі польскія дыпляматы пабывалі ў Курапатах, дзе Яцэк Міхалоўскі і Лешак Шарэпка запалілі сьвечкі і ўсклалі кветкі да крыжа і памятных знакаў ахвярам сталінскіх палітычных рэпрэсіяў. Суправаджаў дэлегацыю намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі:

«Я шчыра быў усьцешаны, што дыпляматы, гэтым разам і Яцэк Міхалоўскі, блізка да сэрца прымаюць трагедыю Курапатаў. Яны там і маліліся. Цікавіліся крыжамі, якія вырабленыя ўручную, засяродзілі ўвагу і на габрэйскім камені, і каля лавы Клінтана спыніліся, пра тыя акты вандалізму ўзгадалі, пацікавіліся надпісамі на крыжах. А на разьвітаньне быў такі пасыл, што дай Бог, каб пра гэта ведалі больш людзей і ня толькі ў Беларусі».

Каля крыжоў у Курапатах амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка яшчэ раз выказаў сваё бачаньне сучаснага стаўленьня да супольнай беларуска-польскай гісторыі:

«Тут ёсьць польская прысутнасьць: тут ёсьць польскі крыж, тут ёсьць былыя грамадзяне Польшчы, многія зь іх тут былі забітыя. Мы пра гэта ведаем, і ў нас ёсьць такая традыцыя, што ў месцах, дзе ляжаць забітыя людзі, мы запальваем сьвечкі. Гэтую традыцыю мы стараемся падтрымліваць і ў Беларусі. Мы суседзі, і ў нас шмат агульнага, нашай гісторыі тысяча гадоў. Мы хочам, каб мы больш гаварылі пра паўстаньне, пра агульнагістарычныя падзеі ў цэлым. І каб мы знайшлі магчымасьць увесь час гэта вывучаць і дасьледаваць, а ня толькі з нагоды юбілейнай гадавіны. Канфэрэнцыя, якую мы арганізавалі, — гэта пачатак такой дыскусіі. Для мяне як гісторыка паводле адукацыі гісторыя заўсёды была вельмі важнай. І я думаю, што кожны народ павінен ведаць сваю гісторыю. Калі гэтага няма, тады ўзьнікаюць складанасьці, у тым ліку і паміж народамі. Бо калі народы ня ведаюць праўдзівай гісторыі, як гэта было ў мінулым, то на гэтым можна спэкуляваць. А калі ёсьць веданьне гісторыі, то тады спэкуляваць на гістарычных падзеях вельмі цяжка».

Кіраўнік канцылярыі прэзыдэнта Польшчы Яцэк Міхалоўскі і амбасадар Лешак Шарэпка таксама ўсклалі кветкі да мэмарыяльнай шыльды Кастусю Каліноўскаму на аднайменнай вуліцы ў Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG