Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 22 верасьня: Фэстываль ткацтва ў Гомелі; дзень народзінаў Ніка Кейва


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.


ПАДЗЕІ ДНЯ

Фэстываль ткацтва «Кросенцы» ў філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р.Шклярава ў Гомелі (пл. Леніна, 4, тэрыторыя Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, за саборам Пятра і Паўла). Пачатак а 11.00.

«ДА!БРО!» — міжнародны рэгі-фэстываль у клюбе «Re:public» у Менску (вул. Прытыцкага, 62; ст. м. Кунцаўшчына). Пачатак а 17.00.

У Нямеччыне адбываюцца парлямэнцкія выбары.

22 верасьня — Сусьветны дзень без аўтамабіля.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1888 — выйшаў першы нумар часопісу National Geographic Magazine.

1869 — У Мюнхэне прайшла прэм’ера опэры Рыхарда Вагнера «Золата Рэйну», якая зьяўляецца пралёгам да ягонага опэрнага цыклю «Кальцо Нібэлюнгаў».

1903 — нарадзіўся Хвядос Шынклер, беларускі пісьменьнік. Загінуў у 1942 на фронце пад Сталінградам. Дэбютаваў допісамі ў газэты ў 1922 годзе. Першае апавяданьне надрукаваў у 1928 годзе. Асобнымі выданьнямі выйшлі апавяданьне «Ічэ» (1929), зборнік апавяданьняў «Стрэлачнік Мігай» (1930), апавяданьне «Блок» (1933), аповесьці «Сонца пад шпалы» (1933), «Запіскі інструктара Томана» (1934), «Пульс жыцьця» (1950). Аўтар аповесьці для дзяцей «Петрык-завадатар» (1935). У 1960 выйшлі «Выбраныя творы», у 1984 — кніга апавяданьняў, аповесьцяў, успамінаў «Апошні рэйс».

1938 — нарадзіўся Дын Рыд, амэрыканскі актор і сьпявак. Рыд нарадзіўся ў штаце Каларада ў ЗША, але на пачатку 1960-х пакінуў краіну і жыў у Аргентыне, потым у Італіі, урэшце ў ГДР, дзе запісваў альбомы зь песьнямі, зьнімаўся ў фільмах і актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцьці (выступаў за забарону ядзернай зброі, супраць вайны ў Віетнаме, ладзіў канцэрты, увесь збор ад якіх ішоў зьняволеным у турмах). У 1986 сьпявак быў знойдзены мёртвым у возеры недалёка ад свайго дома ва ўсходнім Бэрліне. Афіцыйна было абвешчана, што ён патануў. Нямецкія сябры Рыда лічылі гэта самагубствам. Пасьля рассакрэчаньня архіваў усходненямецкай службы бясьпекі — Штазі — вэрсія пра самагубства атрымала яшчэ адно пацьверджаньне, калі сярод дакумэнтаў быў знойдзены разьвітальны ліст Дына Рыда, які ён напісаў перад сьмерцю.



1939 — адбыўся супольны парад нямецкага і савецкага войскаў у Берасьці.

1957 — нарадзіўся Нік Кейв, аўстралійскі рок-музыка, паэт, пісьменьнік, аўтар музыкі да фільмаў, сцэнарыст. Лідэр гуртоў «Grinderman», «Nick Cave and the Bad Seeds», «The Birthday Party», «Boys Next Door».




ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Але калі ты будзеш вячэраць з канібаламі
Рана ці позна, сонейка, цябе зьядуць...»

Нік Кейв
XS
SM
MD
LG