Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 21 верасьня: Багач у Вязынцы, Oktoberfest, дзень народзінаў Фёдара Янкоўскага


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.


ПАДЗЕІ ДНЯ

Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашаюць у Вязынку адзначыць традыцыйнае восеньскае сьвята Багач. У беларускім календары Багач прымеркаваны да заканчэння збору ўраджаю і першага запальвання хатняга агменю — васковай сьвечкі ў лубку з жытам, якую ставяць на покуць і захоўваюць там на працягу ўсяго году, што прыносіць у дом багацьце і шчасьце. Пачатак — а 12:00.



У вёсцы Чырвоны Кастрычнік Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласьці адбудзецца арт-фэстываль «Чароўны кастрычнік»

У Мюнхэне пачынаецца традыцыйнае штогадовае сьвята піва Oktoberfest, якое патрывае да 6 кастрычніка.

21 верасьня — Міжнародны дзень міру. Генэральная Асамблея ААН абвясьціла гэты дзень у 1981 годзе як дзень адмовы ад гвалту і спыненьня агню ва ўсім сьвеце. Усім краінам было прапанавана ўстрымлівацца ад правядзення ваенных дзеяньняў у гэты дзень.

21 верасьня — Міжнародны дзень распаўсюджваньня інфармацыі пра хваробу Альцгэймэра.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

19 да н. э. — памёр Вэргілій, рымскі паэт.

1848 — памёр Міхал Баброўскі, беларускі славіст.

1860 — памёр Артур Шапэнгаўэр, нямецкі філёзаф.

1918 — нарадзіўся Фёдар Янкоўскі, беларускі мовазнаўца і пісьменьнік. Сябар Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 1968 году. З 1983 — прафэсар катэдры беларускага мовазнаўства. Складальнік зборнікаў крылатых словаў і афарызмаў, прыказак і прымавак, параўнаньняў, фразэалягізмаў.

1933 — у Бэрліне распачаўся судовы працэс па справе падпалу Райхстагу. Падпал Райхстагу адбыўся 27 лютага 1933 году і адыграў вялікую ролю ва ўмацаваньні ўлады нацыстаў у Нямеччыне. Непасрэдна ў падпале Рэйхстагу былі абвінавачаныя пяць камуністаў: галяндзец Марынус ван дэр Любэ, лідэр парламенцкай фракцыі кампартыі Нямеччыны Эрнст Торглер і тры баўгары, Георгі Дзімітраў, Васіль Танеў і Благай Попаў. Зь пяці абвінавачаных сваю віну прызнаў толькі Ван дэр Любэ. Торглеру удалося даказаць сваё алібі — ён падчас пажару знаходзіўся ў рэстаране. Дзімітраў, Танеў і Попаў таксама мелі алібі — яны даказалі, што падчас пажару наогул знаходзіліся не ў Бэрліне, а ў Мюнхэне. Суд прызнаў вінаватым Ван дэр Любэ і вынес яму сьмяротны прысуд.

Пажар у Рэйхстагу

Пажар у Рэйхстагу



1937 — пабачыла сьвет кніга Дж. Р. Р. Толкіна «Хобіт».

1943 — у ноч з 21 на 22 верасьня быў забіты кіраўнік нямецкай акупацыйнай адміністрацыі Беларусі гаўляйтэр Вільгельм Кубэ. Ён загінуў ад выбуху міны, якую прычапіла да спружынаў ягонага ложка пакаёўка і падпольшчыца Алена Мазанік.

1975 — памёр Міхась Лынькоў, беларускі пісьменьнік.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Найбольш моцны імпульс для філязофскага разважаньня і мэтафізычнага зразуменьня сусьвету надае нам сьвядомасьць нашай немінучай сьмерці і бачаньне пакут і няшчасьцяў жыцьця. Калі б наша жыцьцё ня мела канца і ня поўнілася пакутамі, то, магчыма, нікому б і ў галаву не прыйшло спытаць, зь якой прычыны існуе сьвет і чаму ён менавіта такі, які ёсьць».

Артур Шапэнгаўэр
XS
SM
MD
LG