Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У тую ноч Вільгельм Кубэ спаў кепска: яму ўшчэнт разьнесла левы бок грудзей і адарвала руку. У выніку ён прачнуўся зусім разьбіты. Настолькі, што яго паклалі ў скрыню і самалётам адаслалі ў Бэрлін — закапаць у зямлю. Добры сродак ад бяссоньніцы.

Душа генэрал-камісара Вайсрутэніі, якая паволі адлятала ў цёмнае неба над Менскам, разьвіталася зь целам грузным гітлергрусам, а цела... Цела ў свае апошнія хвіліны яшчэ пасьпела пазайздросьціць служанцы Кубэ Алене Мазанік, якой надоечы таксама ня спалася. У дзень, які папярэднічаў прыкрай начной нечаканасьці, Мазанік паскардзілася Кубэ, што ёй да раніцы балеў зуб і яна зусім не заплюшчыла вачэй... Дык ці не адпусьціць яе гер гаўляйтэр да лекара? Вядома, спагадліва сказаў Кубэ, якому заставалася жыць менш за суткі. Ідзі, махнуў ён рукой, і ідзі да нямецкага дантыста, ён дапаможа... Яна і пайшла, не абарочваючыся. А ён прыехаў з працы і лёг спаць з пачуцьцём выкананага абавязку. У ложак з ангельскай мінай пад матрасам.

Так 23-га (або 22-га) верасьня 1943 году на Тэатэрштрасэ, 27 у Менску Вільгельм Кубэ скончыў сваё зямное існаваньне і пачаў іншае. Міталягічнае. Мала ёсьць згнілых у зямлі нацыстаў, якіх бы так імкнуліся апраўдаць пасьля сьмерці. «Слаўны сын беларускага народу, які ахвяраваў жыцьцём дзеля шчасьця Бацькаўшчыны» — здаецца, так яго пакуль што не называлі. Але маглі б: часам здаецца, у пантэоне беларускіх нацы Кубэ стаіць калі ня побач з Альгердам, дык за яго сьпінай дакладна. Альгерду гідка, узяў бы, разьвярнуўся дый пасек мячом шырокую тэўтонскую пысу — але што ты зробіш з удзячнымі нашчадкамі, якія цягнуць у свае пантэоны і жука, і жабу, і гаўляйтэраў.

А Вільгельм Кубэ быў сапраўдны нацыст. Перакананы — без падробак і сумневаў. Ад гэтага ні яго, ні ягоны прывід не ўратуюць ні нацыянальны сьцяг, ні «Пагоня», ні мова, ні беларускія школы, ні «заступніцтва за мірнае насельніцтва». Бо гісторыя Вільгельма Кубэ пачалася не ў Беларусі. Яна тут проста скончылася. Добры твар школьнага настаўніка з Сылезіі разьядае, як гнюсная хвароба, адказнасьць за ўсе забойствы і катаваньні. Яму ўжо нікуды не ўцячы ад ўсіх тых пачварных багоў, якім ён так верна і самааддана служыў. Ён выконваў заданьне, так... Апраўдваць яго, захутваючы ў хустачку нацыянальных колераў — значыць сказаць: не было Асьвенціму, Трэблінкі, Трасьцянца, не было печак і газавых камэраў, не было зьнішчэньня беларусаў і беларускіх яўрэяў, не было генацыду.

А Алена Мазанік была сапраўдны савецкі чалавек. І яна таксама выконвала заданьне. Гэта і лучыць іх навек — Кубэ і яго служанку. Як і тое, што ад іх абаіх зьбіраліся пазбавіцца «свае»: ад Кубэ за неспакойны характар, а Мазанік проста не магла адмовіцца: «прыйдзе час, і кожны адкажа перад усім савецкім народам, што ён зрабіў для перамогі, жывучы і працуючы на акупаванай тэрыторыі». Калі толькі жыў і толькі працаваў — гэта ўжо здрада. Ад кожнага трэба подзьвіг.

Падаецца, адзінае, чаго не аспрэчыш у выпадку з Кубэ — гэта тое, што ў нейкім сэнсе мы яго сапраўды зацікавілі, і ня толькі як аб’ект рабунку. Беларусь зрабілася для яго адкрыцьцём. Ён і падумаць ня мог, што тут, на гэтых абшарах, зусім не Расея. І, як гэта часам бывае, ён дзесьці ў глыбіні сваёй нацыстоўскай душы, якая так маляўніча ляціць над Менскам ў верасьні 1943-га проста ў пекла, міжволі пранікнуўся гэтай дзіўнай краінай — і сам сябе ненавідзеў за такую слабасьць. Пачвара, якая ня ў змозе супрацьстаяць магіі гэтых таямнічых, размытых асеньнімі дажджамі земляў — якіх нібыта й няма і якія, тым ня менш, трэба неяк скарыць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG