Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лазавік: аўтар — Лукашэнка


Мікалай Лазавік
Мікалай Лазавік

Праект закону пра зьмены ў Выбарчы кодэкс, які паступіў у Палату прадстаўнікоў, дагэтуль не апублікаваны.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік патлумачыў гэта карэспандэнту Свабоды так:

«Гэта ня наша ўласнасьць. Праект закону ўносіў прэзыдэнт у парлямэнт, які і зьяўляецца гаспадаром гэтага дакумэнту. Мы ўдзельнічалі ў яго падрыхтоўцы. Але па сутнасьці яго аўтарам фармальна зьяўляецца прэзыдэнт. Мы сёньня гэтым дакумэнтам не распараджаемся».

Начальнік Упраўленьня інфармацыйна-аналітычнай працы Палаты прадстаўнікоў Мікалай Ліс са спасылкай на камісію па заканадаўстве сказаў, што ня ведае, чаму гэты законапраект не апублікаваны.

Распаўсюджана толькі тлумачальная запіска Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў. Згодна зь ёй, чакаецца 13 асноўных зьменаў.

1. Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў прапануецца праводзіць у адзін тур, а іх вынікі вызначаць паводле прынцыпу адноснай большасьці.

2. Мяняецца сыстэма камісіяў па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Прапануецца ствараць абласныя і Менскую гарадзкую тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, якія будуць прымаць скаргі на рашэньні акруговых камісіяў.

3. Мяняецца палажэньне аб сябру камісіі з правам дарадчага голасу. Цяпер такія сябры ў ЦВК будуць уваходзіць толькі падчас прэзыдэнцкіх выбараў, а падчас парлямэнцкіх — толькі ў акруговыя выбаркамы.

4. Мяняецца парадак фінансаваньня выбарчых кампаніяў кандыдатаў. Сярод іншага, мяркуецца выключыць палажэньне пра выдзяленьне кандыдатам у прэзыдэнты і ў дэпутаты сродкаў з рэспубліканскага бюджэту на выраб агітацыйных друкаваных матэрыялаў.

5. Замацоўваецца забарона на правядзеньне агітацыі за байкот выбараў.

6. Кандыдаты ня могуць быць даверанымі асобамі ў іншых кандыдатаў.

7. Кандыдаты павінны пазначаць у біяграфічных дадзеных зьвесткі пра ранейшую судзімасьць, а выбаркамы — інфармаваць пра гэта выбарцаў у інфармацыйных матэрыялах. Кандыдаты таксама павінны пазначаць у дэклярацыях крыніцу існаваньня, калі няма крыніцы даходаў.

8. Выключаецца працэдура прызнаньня паўнамоцтваў дэпутата на першым пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў ці мясцовых Саветаў.

9. Абмяжоўваецца кола асобаў, якія маюць права падаваць заявы пра паўторны падлік галасоў. Такое права надаецца толькі кандыдатам, а таксама выбаркамам.

10. Абмяжоўваецца тэрмін падачы зваротаў пра парушэньне выбарчага заканадаўства пасьля правядзеньня выбараў ці рэфэрэндуму. Гэта можна зрабіць цягам 10 дзён.

11. Вылучацца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў дазваляецца толькі па адной выбарчай акрузе, а на мясцовых выбарах — па адной акрузе аднаго ўзроўню мясцовага Савету дэпутатаў.

12. Асобам, якія вылучаюцца кандыдатамі, і кандыдатам мяркуецца даць права абскарджваць у судзе папярэджаньні, якія выносяць выбаркамы, а таксама адмену рэгістрацыі іх кандыдатамі.

13. Да пытаньняў, якія забаронена выносіць на рэфэрэндумы, дадаецца ўстанаўленьне, зьмена і адмена збораў (пошлін).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG