Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Анімаёўцы» перамог беларускамоўны мультфільм


Апошні дзень “Анімаёўкі” ля магілёўскага кінатэатру “Радзіма”
Апошні дзень “Анімаёўкі” ля магілёўскага кінатэатру “Радзіма”

Беларускамоўная мультыплікацыйная стужка «Як служыў жа я ў пана» адзначана на міжнародным фэстывалі анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2013». Фільм рэжысэра-аніматара Міхаіла Тумелі перамог у намінацыі «Найлепшы экспэрымэнтальны фільм».

У намінацыі «Прыз майстру» перамагла рэжысэрка-аніматар з нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Алена Пяткевіч. На фэстывалі яна прадстаўляла сваю працу «Белоснежка и алый цветик».

Мульцік «Як служыў жа я ў пана» зроблены таксама на «Беларусьфільме». Паводле Міхаіла Тумелі, гэта другі ягоны фільм, які адзначаецца на «Анімаёўцы». Раней у той жа намінацыі «Найлепшы экспэрымэнтальны фільм» перамагала ягоная стужка «Мячык».

«Для мяне гэта ганарова. Праўда я ня ведаю, які ў маім фільме вялікі ўжо экспэрымэнт. Ён, гэтак мовіць, традыцыйны для мяне. Хіба што ён з музыкай і гукам. Вось тут ён атрымаўся добрым і экспэрымэнтальна. Тыя, хто яго глядзеў, аднак, кажуць, што для дзяцей ён троху дэпрэсіўны. У ім не зусім добры канец. Але ж як для мяне, то дзеці яго ўспрымаюць добра, бо яны ж ведаюць, якое складанае жыцьцё вакол, асабліва калі працуеш на пана», — камэнтуе перамогу Міхаіл Тумеля.

Беларускамоўныя стужкі рэдка паказваюць на Беларускім тэлебачаньні. Міхаіл Тумеля лічыць, што такую сытуацыю можа зьмяніць толькі цікавасьць усяго грамадзтва да беларускамоўнай прадукцыі. Сам жа ён робіць мульцікі па-беларуску ад 2006 году, і гэта ягоны асабісты выбар.

Усяго на фэстываль кінастудыя «Беларусьфільм» прадставіла 12 мульцікаў. Палова зь іх была на беларускай мове.

Акрамя перамог у дзьвюх фэстывальных намінацыях, мульцікі, зробленыя на «Беларусьфільме», атрымалі яшчэ тры дыплёмы.

Перамог на фэстывалі польскі фільм на гістарычную тэматыку «Згублены горад Сьвіцязь». Найлепшым фільмам для дзяцей прызнаная латвійская стужка «Вожыкі ў горадзе». Фільм з Ірану «Кацянё» перамог у намінацыі «Найлепшае выяўленчае рашэньне». «Прыз глядацкіх сымпатыяў» дастаўся расейскай стужцы «Сказ Хатанскага кіліма».

На сёлетнім фэстывалі «Анімаёўка», які праходзіў 16-ты раз, былі прадстаўленыя 194 анімацыйныя стужкі з 27 краінаў сьвету. 71 фільм удзельнічаў у фэстывальным конкурсе. Інтэрнацыянальнае журы конкурснай праграмы фэсту ўзначальваў расейскі мастак і аніматар Леанід Носараў.

Фільмы фэстывалю паказвалі ня толькі ў магілёўскіх кінатэатрах, але і ў кіназалях шэрагу райцэнтраў вобласьці. Заяўляецца, што фэстываль быў самаакупны.

Адкрыцьцё фэстывалю праходзіла 16 верасьня на пляцоўцы ля магілёўскага кінатэатру «Радзіма». Пляцоўку абгарадзілі турнікетамі. Парадак пільнавалі супрацоўнікі міліцэйскага спэцназу. 18 верасьня адбылося ўрачыстае закрыцьцё фэсту, а 19-га магілёўскай дзятве паказалі лепшыя фільмы сёлетняй «Анімаёўкі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG