Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бульба. Дорага


Прадавец бульбы на «Цэнтральным» гарадзенскім рынку
Прадавец бульбы на «Цэнтральным» гарадзенскім рынку

Асноўны беларускі харч — бульба — сёлета на гарадзенскім рынку надзвычай дарагі: мех адборных клубняў — 200 тысяч рублёў.

Прадаўцы ўпэўненыя, што таньнець бульба ня будзе, а пакупнікі ўсё ж спадзяюцца набыць яе пазьней і таньней, бо інакш многім давядзецца ад яе адмовіцца.

На гарадзенскім «Цэнтральным» рынку гароднінай, у тым ліку і бульбай, гандлююць пераважна жыхары навакольных вёсак. Кошты ўва ўсіх аднолькавыя: адборная бульба — 4 тысячы за кіляграм, трохі драбнейшая — па 3 з паловай, а нават і па 3 тысячы. Хоць летась адборную бульбу можна было набыць за паўтары тысячы.

Вось адборная бульба, але няма цэньнікаў. Прадавец кажа, што кіляграм каштуе 4 тысячы, а мех бульбы ў яго ўжо ўзважаны — 200 тысяч рублёў. Калі куплю некалькі мяхоў, абяцае завезьці дахаты задарма. Пытаюся — ці не завысокая цана?

«Усё даражэе, і паралельна ўсяму даражэе і бульба. Гэта ня тое, што нехта з нас захацеў, а ўсё адбываецца паралельна. У дзяржаўных крамах вунь бульба па 5 тысяч і болей».

Побач прадае бульбу спадарыня. Яна таксама далучаецца да нашае размовы:

«Яна будзе яшчэ даражэйшая, бо сёлета надвор’е не для бульбы было і ўраджай меншы. Дый бульба не сказаць, каб сёлета ўдалая вырасла. Шмат брыдкай бульбы, але ёсьць і добрая. Папраўдзе кажучы — аўчынка ня варта вычынкі. Лепей купіць на аптовым рынку, дзе людзі таньней здаюць».

Гандляры кажуць, што пакуль людзі масава бульбы не купляюць на зіму, прыглядаюцца і чакаюць, каб цэны ўпалі. Бачу, як пакупнікі прыцэньваюцца да бульбы. Шмат хто толькі цікавіцца коштамі і адыходзіць. Вось спадарыня і спадар, пачуўшы, што бульба каштуе 4 тысячы, адыходзяць ад прылаўка:

«Дарагая, вядома, бо і па 5 тысяч, і па 4 тысячы. Напэўна, у гэтым годзе будзе зусім дорага нават на зіму купіць».

Спадар: «У параўнаньні зь мінулым годам, вядома, дорага. Але што зробіш — давядзецца купляць, бо жыць жа трэба…»

Яшчэ адна спадарыня кажа, што бульба ў яе не ўрадзіла, а па тых коштах, што на рынку, яна на ўсю зіму ня купіць:
Ну то што, будзем патроху макарону есьці

«Ну то што, будзем патроху макарону есьці. Вядома, бяз бульбы мы ж не прызвычаеныя, але, от, трохі яшчэ, можа, прыкупім. Ну, у некага, можа, дзе і ўродзіць…»

Пытаюся ў гандляроў — ці не баяцца яны, што навязуць таньнейшай бульбы з Польшчы і тады ім ня будзе куды падзець сваю, тым болей, што сьвіней наўкола пазьнішчалі. Спадар, усьміхаючыся, кажа, што і ў Польшчы бульба сёлета даходзіць да 2 злотых за кіляграм, а летась каштавала толькі 80 грошаў. А што да сьвіное хваробы, то таксама ня ўсё так, як пішуць СМІ.

Спадар: «Напачатку зьнішчалі сьвіней, а цяпер гляджу — паціху ізноў пачынаюць гадаваць. Шуміха гэтая ўжо прыціхла, і я бачу, што людзі ізноў пачалі купляць парасят. І бульбу можна збыць хоць куды, нават дробную — і тую можна прадаць».

Спадара падтрымлівае яшчэ адзін гандляр, упэўнена сьцьвярджаючы, што ў Беларусі яшчэ няма такіх харчоў, якія б маглі замяніць бульбу:

«Цана бульбы засталася на ўзроўні працы, якую ўкладае чалавек. Вось ён уклаў на 4 тысячы — яна і каштуе 4 тысячы. Таньнейшай яна можа быць, а можа і ня быць — гэта залежыць ад унутраных і зьнешніх фактараў. А тое, што народ плача — ён і будзе плакаць, бо становіцца больш прагматычным, хітрэйшым і хоча набыць таньней. Але бульбу будуць купляць. І будуць купляць па гэтай цане, і яшчэ будуць казаць, якая яна танная. Альтэрнатывы няма».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG