Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сем палітычных партыяў і рухаў заявілі пра стварэньне кампаніі «Права выбару», якая мае на мэце назіраць за выбарамі мясцовых саветаў.

Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі 19 верасьня паведамілі прадстаўнікі кампаніі. Гэткім чынам дэмакратычная апазыцыя распачынае падрыхтоўку да новага палітычнага сэзону.

Кампанію «Права выбару» стварылі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», грамадзянская кампанія «Гавары праўду», Партыя БНФ і рух «За свабоду», Беларуская партыя «Зялёныя» і аргкамітэт па стварэньні Партыі свабоды і прагрэсу. Як паведамілі арганізатары, у асноўным дзейнасьць кампаніі «Права выбару» будзе акцэнтавацца на працы з кандыдатамі і сябрамі іх камандаў, а таксама на мабілізацыі выбарцаў у справе адстойваньня сапраўдных вынікаў галасаваньня. Гаворыць прадстаўнік кампаніі Ігар Лялькоў:

Ігар Лялькоў

Ігар Лялькоў

«Гэтая кампанія зьяўляецца наўпроставай пераемніцай кампаніі назіраньня за выбарамі „За справядлівыя выбары“. Асноўнай рысай нашай кампаніі ёсьць тое, што галоўным чынам дзейнасьць будзе акцэнтавацца на працы з кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў і сябрамі іх камандаў. Фактычна можна казаць пра тое, што само назіраньне — гэта толькі інструмэнт. Асноўная мэта — гэта ўзмацненьне камандаў кандыдатаў, мабілізацыя людзей на ўдзел у кампаніі і — самае галоўнае — на адстойваньне свайго права выбару».

Заснавальнікі заяўляюць, што падрыхтуюць больш за 1500 назіральнікаў дзеля адстойваньня праўдзівых вынікаў галасаваньня, ці, сама меней, — фіксацыі фальшаваньня. Таксама — што іх кампанія адкрытая для супрацоўніцтва зь іншымі палітычнымі партыямі і рухамі і не выключаецца таксама супрацоўніцтва з ранейшай кампаніяй назіраньня «За справядлівыя выбары». Прадстаўнік «Справядлівых выбараў» Віктар Карняенка стварэньне новай кампаніі-пасьлядоўніцы пракамэнтаваў гэтак:

Віктар Карняенка

Віктар Карняенка

«Безумоўна, пераемніцай кампаніі „За справядлівыя выбары“ будзе сама кампанія „За справядлівыя выбары“. Нашыя структуры падрыхтаваныя да працы, і мы спрачацца ня будзем, а будзем рабіць сваю справу. Безумоўна, мы сустракаліся раней і ведаем, што ў нас ёсьць прынцыповыя разыходжаньні. Нашыя калегі лічаць, што гэта павінна быць гэтак званае партыйнае назіраньне. Але назіраць можна ўсё жыцьцё, і гэта ні на што не паўплывае. Таму мы лічым, што з вузкага апазыцыйнага мерапрыемства кампанія павінна перарасьці ў шырокую грамадзянскую з удзелам дзясяткаў тысяч людзей. Калі мы гэтага ня зробім, то гэта будзе імітацыя дзейнасьці».

Напярэдадні пра ўдзел у выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў заявіў Малады Фронт. Гэткім чынам дэмакратычная апазыцыя распачынае палітычны сэзон, кажа палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

«У апазыцыі сканчаецца „мёртвы сэзон“, яна прачынаецца ад сьпячкі, бо наперадзе мясцовыя выбары, а затым прэзыдэнцкія выбары. Хіба ў тым, што палітыка ў Беларусі мае цыклічны характар, бо апазыцыя ня ўключаная ў сыстэмную палітыку. І сёньня вось гэтае кааліцыйнае будаўніцтва, тое, што нібыта грыбы пасьля дажджу растуць кампаніі назіраньня за выбарамі, — гэта нібыта плюс. Аднак ізноў мы бачым разыходжаньне па розных лягерах, не паводле нейкіх ідэйных ці стратэгічных меркаваньняў, а таму, што найперш не стыкуюцца амбіцыі пэўных лідэраў. І плюс — ідзе банальная барацьба за рэсурсы. Таму часта гэтыя ініцыятывы маюць бутафорскі і імітацыйны характар. Але я б гэтак ня бэсьціў апазыцыю, бо гэткая сытуацыя — вынік жорсткай аўтарытарнай палітыкі, якая не пакідае абсягу для палітыкі. Цяперашнюю стратэгію апазыцыі я б назваў стратэгіяй „жабы ў сьмятане“, якая мае тузацца і варушыцца і рана ці позна, але складуцца ўмовы, калі будзе зьбітае нейкае масла».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG