Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Згадваючы славутую «сустрэчу на Эльбе», варта не забывацца на іншыя гістарычныя «стрэлкі» з удзелам слаўнай Чырвонай арміі — ранейшыя і ня менш важныя. Інакш Эльба пачынае ўпадаць у Буг, а Тэрэспаль робіцца сталіцай Нямеччыны.

22 верасьня 1939 году ў Берасьці, на вуліцы Вуніі Любельскай, будучай Леніна, перад будынкам, дзе цяпер месьціцца аблвыканкам, была ўсталяваная шыбеніца... Не, якая яшчэ шыбеніца, хіба могуць ставіць шыбеніцы гэтыя суворыя воі зь іх сьветлымі бровамі і памкненьнямі? Ну і што, што форма ў іх розная: мэта апраўдвае сродкі, як судзьдзя хабарніка, а серп і молат ператвараецца ў свастыку адным элегантным рухам рукі. Шыбеніцы будуць заўтра, а пакуль што тут — усяго толькі невялікая драўляная трыбуна. Менавіта на яе ў той дзень, пахрустваючы ботамі, узьняліся савецкі камбрыг Крывашэін і нямецкі генэрал Гудэрыян. Каб прыняць супольны парад сваіх войскаў, якія нядаўна супольнымі намаганьнямі зьнішчылі польскую дзяржаўнасьць. Вось яно, вайсковае братэрства — ня горшае, чым праз шэсьць гадоў на Эльбе.

Які сымбаль!.. Якая сіла!... Можна толькі ўявіць сабе, як бы яны зьмянілі сьвет, калі б разам, адным жалезным кулаком, аб’яднаўшыся, зьліўшыся ў параксізьме ідэйнай блізкасьці... Якое было б «Саюзнае гасударства»!...

Але неяк ня склалася. Недачалавек і расейская сьвіньня Крывашэін і ваенны злачынца і недабіты фрыц Гудэрыян парукаліся і пайшлі кожны сваёй дарогай. Няшчаснае каханьне — іначай не назавеш.

Гудэрыян у сваіх успамінах потым так і напіша: прымаў парад з чырвоным генэралам. А Крывашэін будзе ўсяляк выкручвацца: маўляў, не парад гэта быў, а так, перадача Берасьця нашым часьцям, і нічога ўрачыстага не адбывалася, ну, прайшлі радамі міма, ну, сьцягі, ну, тэхніка праехала, ну, пастаяў побач — але ж не цалаваліся, не абдымаліся, не...

Карацей, ніякага сэксу. Таму саромецца няма чаго, гонар захаваны і наагул забудзьце вы пра той парад. Не было — і ўсё тут. Лепш пра Сталінград і ўзяцьце Бэрліну — там дэкарацыі прыгажэйшыя і героікі болей. І наш вэрмахт перамагае іхны. Ура? Ура.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG