Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хоць гендырэктар «Уралкалія» Ўладзіслаў Баўмгертнэр, арышт якога распачаў калійны канфлікт, застаецца ў турме, відаць яўныя прыкметы таго, што справа ідзе да замірэньня. Скандал, які пачынаўся як трылер, так і не перарос у паўнавартасную беларуска-расейскую вайну. На гэтым тле зьявіліся меркаваньні, што гэта канфлікт не між Беларусьсю і Расеяй, а ўсяго толькі між беларускай дзяржавай і «Ўралкаліем» альбо паміж афіцыйным Менскам і «адным з расейскіх уладных кланаў».

З гэтым, мусіць, нельга пагадзіцца. Бо да канфлікту падключыліся дзяржаўныя інстытуты Расеі. У абарону Баўмгертнэра выступілі МЗС, урад Расеі ў асобах двух віцэ-прэм’ераў, старшыня міжнароднай камісіі Савету Фэдэрацыі, памочнік прэзыдэнта РФ. Калі віцэ-прэм’ера Аркадзя Дварковіча можна аднесьці да клану Мядзьведзева, то няма сумневу, што МЗС кантралюецца асабіста Пуціным.

Усё залежала ад пазыцыі прэзыдэнта Расеі. А ён не прыняў выкліку, ухіліўся ад канфрантацыі, вырашыў спусьціць напружанасьць на тармазах, сфармуляваўшы сваю лінію так: «Зацішша зьвязанае з тым, што мы хочам праблему вырашыць, а не заганяць яе ў тупік, што вельмі лёгка зрабіць, пачынаючы шум і гам па гэтым пытаньні». Як казаў калісьці Леў Троцкі, «ні міру, ні вайны, а войска распусьціць».

Цяпер стала зразумела, якім Пуцін бачыў разьвязаньне гэтай праблемы. Найперш было задаволена патрабаваньне афіцыйнага Менску аб зьмене ўласьніка «Ўралкалія». Увесь мінулы тыдзень расійскія СМІ паведамлялі, што галоўны акцыянэр Сулейман Керымаў сьпешна прадае сваю долю ў кампаніі. Сярод алігархаў пачалася канкурэнцыя за куплю гэтага актыву. У пятніцу зьявілася інфармацыя, што зьдзелка адбылася, акцыі выкупляе банкір Уладзімір Коган, які ўжо выплаціў першы транш, а ўся працэдура зьмены ўласьніка павінна завяршыцца цягам бліжэйшых двух-трох тыдняў.

Вось Financial Times са спасылкай на крыніцу, блізкую да Керымава, тлумачыць ягоныя дзеяньні тым, што ён «сур’ёзна непакоіцца за жыцьцё і здароўе» арыштаванага ў Менску Баўмгертнэра. Але ў гуманізм і чалавекалюбства алігарха, вядомага жорсткімі рэйдэрскімі захопамі чужой маёмасьці, верыцца зь цяжкасьцю. Думаецца, важным чыньнікам продажу Керымавым акцыяў «Уралкалія» быў ціск з Крамля. Важна падкрэсьліць, што Ўладзімір Коган, які купляе акцыі «Ўралкалія», — досыць блізкі да Ўладзіміра Пуціна чалавек. Такім чынам, акрамя замірэньня зь Беларусьсю, выгадны бізнэс пераходзіць банкіру з пуцінскага клану.
Так у старажытныя часы і ў сярэднявеччы прасілі міру ў грознага праціўніка

Тым часам 12–13 верасьня ў Менск прыехалі і былі прынятыя Аляксандрам Лукашэнкам тры топ-мэнэджэры найбуйнейшых расейскіх дзяржаўных бізнэс-структур: прэзыдэнт кампаніі «Роснефть» Ігар Сечын, кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер і старшыня праўленьня «Ашчадбанку» Расеі Герман Грэф. Прычым усе яны прыехалі ня проста так, а з падарункамі для беларускага кіраўніцтва. Ігар Сечын парадаваў навіной, што ніякага скарачэньня паставак расейскай нафты ў Беларусь ня будзе, апавядаў пра вялікія інвэстыцыйныя пляны. Кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер абяцаў павялічыць транзыт газу празь Беларусь, распавёў аб праекце новага магістральнага газаправоду «Ямал—Эўропа-2» , будоўлі новага комплексу ў ААТ «Гродна Азот». Кіраўнік «Ашчадбанку» РФ Герман Грэф прывёз 800 млн даляраў інвэстыцыяў для Мазырскага НПЗ і БелАЗа і абвясьціў, што крэдыт у 1 млрд даляраў, выдадзены ў 2011 годзе гэтым банкам «Беларуськалію» пад урадавыя гарантыі, можа быць рэфінансаваны. Што для Беларусі надзвычай важна, бо валюты, каб вяртаць доўг, няма. Цікава і тое, што расейскія топ-мэнэджэры актыўна рэклямавалі свае дабрачынныя акцыі ў Беларусі.

Усё гэта выглядала так, што Лукашэнку задобрывалі падарункамі. Так у старажытныя часы і ў сярэднявеччы прасілі міру ў грознага праціўніка.

Галоўнае пытаньне, якое ўзьнікае ў сувязі з гэтым: чаму Ўладзімір Пуцін стаў на шлях залагоджваньня афіцыйнага Менску? Прычын некалькі, але спынюся на самай важнай, на мой погляд, геапалітычнай.

Напярэдадні віленскага саміту праграмы «Ўсходняе партнэрства» ЭЗ рэзка абвастрылася барацьба паміж Расеяй і Эўразьвязам за кантроль над постсавецкай прасторай. Брусэль плянуе падпісаць у літоўскай сталіцы пагадненьні зь некаторымі краінамі аб іх інтэграцыі ў Эўропу. У адказ Масква распачала магутны контранаступ. Правялі паказальную мытную вайну з Украінай. Армэнію прымусілі заявіць аб уступленьні ў Мытны зьвяз, то бок далучыцца да Расеі, Беларусі і Казахстану. Забарону на імпарт малдаўскага віна ў РФ экспэрты таксама разглядаюць як спосаб ціску на Малдову, каб заахвоціць яе інтэгравацца ў альянс, які патрануецца Масквой. І на гэтым фоне вайна зь Беларусьсю для расейскага кіраўніцтва аказалася цалкам недарэчы. Няўдалы час.

Ужо гатовы і мэханізм разьвязаньня «справы Баўмгертнэра» з захаваньнем твару афіцыйнага Менску. Зьявілася паведамленьне, што крымінальную справу адносна кіраўніцтва «Ўралкалія» Беларусь перадае расейскім праваахоўным органам. Рызыкну прагназаваць, што хутка абвесьцяць: маўляў, кіруючыся пачуцьцём славянскага братэрства, Баўмгертнэра пераводзяць зь беларускай турмы ў расейскую. А там хутка вызваляць.

І нават з тэрмінамі разьвязкі гэтага канфлікту можна вызначыцца. 20–26 верасьня на тэрыторыі Беларусі пройдуць сумесныя беларуска-расейскія вучэньні, на якія зьбіраецца прыехаць Пуцін. Да гэтага часу Баўмгертнэр павінен быць вызвалены.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG