Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля інтэнсіўнай трэніроўкі, нават кароткай, менш хочацца есьці, чым пасьля лёгкіх фізычных практыкаваньняў. Пра гэта сьведчаць вынікі некалькіх нядаўніх дасьледаваньняў.

Раней шмат дасьледаваньняў паказвалі, што кароткія інтэнсіўныя практыкаваньні дапамагаюць палепшыць некаторыя паказьнікі, зьвязаныя са здароўем – у тым ліку крывяны ціск. Але было няясна, наколькі такія трэніроўкі могуць дапамагчы ў кантролі за вагой.

Апублікаванае ў чэрвені дасьледаваньне навукоўцаў з Унівэрсытэту Заходняй Аўстраліі якраз і ставіла мэтай даведацца, як уплываюць розныя віды практыкаваньняў на цягу людзей да ежы.

У экспэрымэнце ўдзельнічалі 17 мужчын, старэйшыя за 20 і маладзейшыя за 40 гадоў, зь лішняй вагой, але пры гэтым без праблемаў са здароўем.

Падчас экспэрымэнту ўдзельнікам прапаноўвалі падсалоджаную кашу -- прыкладна праз гадзіну пасьля паўгадзіннага адпачынку і пасьля фізычных практыкаваньняў такой жа працягласьці, але рознай інтэнсіўнасьці. У іх таксама бралі аналізы крыві да і пасьля адпачынку і практыкаваньняў, каб вызначыць узровень шэрагу рэчываў, якія ўплываюць на апэтыт.

Высьветлілася, што пасьля інтэнсіўных трэніровак удзельнікі экспэрымэнту елі значна менш, чым пасьля адпачынку ці практыкаваньняў малой інтэнсіўнасьці. Пасьля інтэнсіўных практыкаваньняў у іх таксама быў ніжэйшы ўзровень гармону грэлін, які стымулюе апэтыт, і вышэйшы ўзровень малочнай кіслаты і цукру – рэчываў, якія зьмяншаюць апэтыт.

Удзельнікі экспэрымэнту таксама запісвалі сваё спажываньне ежы цягам усяго экспэрымэнту. Высьветлілася, што ў наступныя 24 гадзіны пасьля экспэрымэнтальнай сэсіі найменш калёрыяў яны спажывалі, калі трэніраваліся найбольш інтэнсіўна.

Вынікі гэтага экспэрымэнту ў значнай ступені падобныя на высновы дасьледчыкаў у іншым экспэрымэнце з атлусьцелымі падлеткамі. Аднак навукоўцы папярэджваюць, што абодва гэтыя дасьледаваньні былі кароткатэрміновымі. Акрамя таго, у іх удзельнічала толькі моладзь мужчынскага полу зь лішняй вагой. Таму невядома, ці вынікі ў такой жа ступені адпаведнымі для жанчын, старэйшых мужчын ці асобаў любога полу з нармальнай вагой.
XS
SM
MD
LG