Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паглядзеўшы на Беларусь, Украіна павярнулася да Эўропы


Аляксандар Палій

Аляксандар Палій

Кабінэт міністраў Украіны на паседжаньні ў сераду ўхваліў тэкст пагадненьня з Эўразьвязам аб асацыяцыі. Украіна разьлічвае падпісаць гэтае пагадненьне на саміце «Усходняга партнэрства» ў Вільні ў лістападзе. Часткай пагадненьня зьяўляецца разьдзел пра зону вольнага гандлю.

Украінскі прэзыдэнт Віктар Януковіч і цяперашні ўрад Украіны раней атрымалі рэпутацыю пра-расейскіх. Ці значыць ухвала пагадненьня з Эўразьвязам, што, нягледзячы на такую рэпутацыю, украінская ўлада зрабіла стратэгічны выбар на карысьць Эўропы? На такое пытаньне мы папрасілі адказаць украінскага палітоляга Аляксандра Палія:

Палій: «На сёньняшні дзень выглядае, што ўхвала гэтага пагадненьня ўрадам сапраўды азначае, што Ўкраіна канчаткова вызначылася ў гэтым пытаньні. Акрамя таго былі зробленыя дастаткова патасныя заявы з нагоды эўрапейскай інтэграцыі, якія сьведчаць, што, хутчэй за ўсё, мы сапраўды зрабілі выбар і назад дарогі няма.

Галоўная прычына такога выбару гэта тое, што Расея не выглядае ў вачах украінскага кіраўніцтва і бізнэсу надзейным партнэрам, на чыё слова можна пакласьціся і які будзе выконваць нейкія правілы і законы. Тая супэрманархічная сыстэма, якая традыцыйна існуе ў Расеі, не пакідае прасторы ні для прыватнага бізнэсу, ні для прадказальных дамоваў.

Дарэчы, мы бачым гэта на прыкладзе беларуска-расейскіх стасункаў, дзе фактычна існуюць дзьве манархічныя сыстэмы, і дзе вецер можа мяняцца літаральна за лічаныя сэкунды, бо ўсё вызначаецца воляй двух манархаў. Такая сыстэма ненадзейная і не дае магчымасьці бізнэсу пачувацца ўпэўнена.

Акрамя таго, трэба сказаць, што інтарэсы вялікага ўкраінскага бізнэсу ляжаць найперш у Эўразьвязе. Гэта і рынкі збыту — ужо на сёньня Ўкраіна экспартуе ў Эўразьвяз на некалькі адсоткаў болей, чым у Расею — але таксама гэта яшчэ і магчымасьці для інавацыяў. Расея на сёньня ня ёсьць нейкім цэнтрам інавацыяў, і там няма чаму навучыцца, акрамя нейкіх карупцыйных практык.

То бок усе інтарэсы нашых уладаў і бізнэсу ляжаць на Захадзе, акрамя аднаго — і ўлады, і значная частка бізнэсу пакуль не навучыліся выконваць закон. Гэта для іх галоўная праблема — выкарыстаньне эўрапейскіх практык і нормаў ня толькі ў адносінах да сябе, але і да краіны і простых грамадзян».

Расейскае кіраўніцтва ўжо заяўляла, што у выпадку падпісаньня Ўкраінай пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам, Мытны саюз, у які ўваходзяць таксама Беларусь і Казахстан, будзе вымушаны прыняць захады ў адказ, каб абараніць сваіх вытворцаў ад магчымага наплыву танных тавараў з Эўропы праз Украіну. Мы спыталіся ў Аляксандра Палія, якія крокі можа зрабіць Расея і наколькі гэта можа пашкодзіць украінскім вытворцам.

Палій: «Рэч у тым, што нават прысутнасьць у нейкіх інтэграцыйных структурах з Расеяй — да прыкладу, у Мытным саюзе — не гарантуе нам нармальных умоваў гандлю. Досьвед Беларусі, а таксама Казахстану, нас у гэтым вельмі часта пераконвае. Калі Расея хоча абараніць свайго вытворцу альбо пакараць іншы бок, яна заўсёды знойдзе, як гэта зрабіць, і знойдзе для гэтага фармальную падставу.

Наш экспарт у Расею сапраўды вельмі значны — за першае паўгодзьдзе 2013 году ён склаў 24,6 працэнта ад усяго ўкраінскага экспарту. У той жа час каля 30 адсоткаў ідзе ў краіны Эўразьвязу і каля 40 адсоткаў у краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі. Расея на сёньня можа адмовіцца ад некаторых украінскіх тавараў — найперш ад харчовых тавараў. Але ад дастаткова вялікай колькасьці ўкраінскіх тавараў Расея адмовіцца ня можа. Гаворка ідзе пра прадукцыю машынабудаваньня. У прыватнасьці, калі Расея адмовіцца ад супрацоўніцтва ў вытворчасьці верталётаў, дык ў Расеі папросту ня будзе верталётнай прамысловасьці. Альбо турбіны ці іншая прадукцыя ваенна-прамысловага комплексу, дзе Расея ня можа адмовіцца. Паводле ўкраінскіх ацэнак, Расея можа адмовіцца ад 8-10 працэнтаў украінскага экспарту.

Аднак нават у пытаньні харчовай прамысловасьці мы выдатна разумеем, што праблема ня ў якасьці ўкраінскіх ці беларускіх тавараў, а што гэта спроба пакараць украінскіх вытворцаў. Але калі спадар Анішчанака і ягонае ведамства, Санітарная служба Расеі, намагаецца пакараць Украіну, яны адначасова караюць і ўласных пэнсіянэраў, уласных спажыўцоў».
XS
SM
MD
LG