Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19 верасьня 1991 году, калі я нетаропка еў кашу ў дзіцячым садку, бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» сталі дзяржаўнымі, а назва краіны зь Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ператварылася ў Рэспубліку Беларусь.

Перабіраючы ня так даўно хатні сямейны архіў, я знайшоў стос сваіх малюнкаў, паштовак, вышыванак на кавалках тканіны з махрамі, якія старанна склала і захоўвае мая мама. Гэта ўсё я маляваў, выразаў і вышываў у садку ды ў першыя школьныя гады, дарыў бацькам. Нешта з гэтага па школьнай завядзёнцы дарылі мне дзяўчаткі і аднаклясьнікі на 23 лютага або Новы год.

Найбольш уразіла і ўсьцешыла мяне паштовачка з 1994 года з подпісам «Барташэвіч». У першай клясе на 23 лютага мне яе падарыла аднаклясьніца-выдатніца Лена Барташэвіч. На квадратнай паштоўцы дзіцячай рукой вымаляваны бел-чырвона-белы сьцяг, выразаныя з каляровай паперы і наклееныя кветка ды чырвоная зорка.



Час зьмяніўся. Цяпер на прапанову надаць бел-чырвона-беламу сьцягу статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці Міністэрства культуры просіць абгрунтаваньне. Гэта гучыць сапраўды сьмешна і недарэчна, але так патрабуе беларускі закон. У гэтым месяцы калектыў «Арт Сядзібы» разам з гісторыкамі, мастакамі і дэпутатамі Вярхоўнага Савету БССР 12-га скліканьня гэтае абгрунтаваньне перададуць у Міністэрства культуры.

Але я б перадаў туды толькі гэтую сьціплую дзіцячую паштоўку, якой у лютым споўніцца 20 гадоў, як адзіны і галоўны доказ каштоўнасьці бел-чырвона-белага сьцяга.

У дадатак нагадаў бы Міністру культуры легенду, якую распавядала настаўніца ў першыя мае школьныя гады і якую я памятаю і цяпер. Легенда прысьвечаная адважнаму ваяру, які быў паранены ў баі і перавязаў белай стужкай галаву. Калі яго войскі пачалі саступаць, то ён ужо скрываўленую бел-чырвона-белую стужку зьняў з галавы і ўзняўшы над сабою павёў войска да перамогі над ворагамі. І, адпаведна, нашыя войскі перамаглі.

Я думаю, што ў большасьці з тых, хто нарадзіўся ў 80-я, чые дзіцячыя і школьныя гады прыпалі на час, калі бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» былі дзяржаўнымі сымбалямі Беларусі, захаваліся малюнкі, паштоўкі, значкі, дзіцячыя падзелкі, фатаздымкі з гэтымі знакамі.

Дасылайце фатаздымкі сваіх дзіцячых гістарычных «абгрунтаваньняў каштоўнасьці» бел-чырвона-белага сьцяга і гербу «Пагоня» на скрыню: radiosvaboda@gmail.com. Празь некалькі дзён Радыё Свабода апублікуе гэтыя фатаздымкі на сайце і на сваіх старонках у сацыяльных сетках.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG