Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За час сьледзтва Данькоў схуднеў на 30 кіляграмаў

абноўлена

Юры Данькоў, архіўнае фота
Юры Данькоў, архіўнае фота

У Маскоўскім судзе Менску пачаўся працэс над Юрыем Даньковым, уладальнікам «Данькоў-клюбу», вядомым таксама дзякуючы сваёй палітычнай актыўнасьці і дабрачыннасьці.

Судзяць Юрыя Данькова за зачыненымі дзьвярыма. Між тым да пачатку працэсу сваякоў падсуднага, некалькі сяброў і журналістаў пусьцілі ў залю, хоць і забаранілі здымаць усім, акрамя карэспандэнтаў АНТ. Да Юрыя Данькова падышлі для кансультацыяў адвакаты, але спачатку ён паслаў усьмешкі жонцы Натальлі і сваякам. Праз хвіліну ў залю ўвайшла судзьдзя Натальля Кузьняцова, якая адкрыла працэс і адразу паведаміла, што ён будзе закрытым. Прычыны такога рашэньня не назвала:

«Паводле пастановы суду дадзеная крымінальная справа разглядаецца ў закрытым судовым паседжаньні. Усіх асоб, якія ня маюць дачыненьня да крымінальнай справы і не праходзяць па справе, прашу пакінуць судовае паседжаньне».

Юрыя Данькова трымаюць у жалезнай клетцы. Разам зь ім судзяць чалавека па прозьвішчы Лячык, які прыйшоў у суд сам. Паводле Натальлі Даньковай, спадар Лячык — будаўнік, але якое дакладна дачыненьне ён мае да справы, ёй невядома.

Натальля Данькова ведае, што справа налічвае 45 тамоў. Таксама, што будзе заслухана шмат сьведак, у тым ліку былых і дзейных супрацоўнікаў клюбу, якім яна цяпер кіруе. Закрытасьць працэсу Натальля Данькова камэнтаваць не ўзялася, як і ўсю справу. «Магчыма, я скажу нешта пазьней», — адказала яна. Спадарыня Данькова пракамэнтавала стан здароўя і выгляд Юрыя Данькова, якога арыштавалі год таму і трымаюць у ізалятары на вуліцы Валадарскага:

«Стан здароўя ягоны — дрэнны. Ён вельмі схуднеў, як мне падаецца, на кіляграмаў 20–30. Ён вельмі бледны. У мяне вялікія апасеньні за яго здароўе».

За год турмы Натальля бачыла мужа толькі адзін раз, сёлета ў жніўні. Паводле яе, ён скардзіўся на некаторыя хваробы.
«Данькоў-клюб»
«Данькоў-клюб»

Юрыя Данькова абвінавачваюць у шэрагу злачынстваў, у тым ліку арганізацыі прытону, схіленьні да заняткаў прастытуцыяй, падробцы дакумэнтаў, нясплаце падаткаў. Натальля Данькова кажа, што ўсе абвінавачаньні муж не прызнае:

«Ён ня можа прызнаваць сябе вінаватым, бо ён ня лічыць сябе вінаватым. Ён не разумее, у чым яго абвінавачваюць. Ведае, вядома, у чым, але ня лічыць сябе вінаватым, бо нічога злачыннага не рабіў. Клюб наш працягвае працаваць, я ўзяла на сябе кіраўніцтва. Але мне не даюць працаваць, абмежавалі працу клюба — да 10-й гадзіны вечара, калі людзі толькі прыходзяць адпачываць. Спасылаюцца на крымінагенную абстаноўку ў раёне, і, маўляў, таму клюб ня можа працаваць кругласутачна. Такую прычыну прыдумалі ў Маскоўскім РАУС. Зразумела, што бясконца я не змагу ўтрымліваць такі клюб, трымаць людзей, якія там працуюць. Таму думаю і пра закрыцьцё прадпрыемства, бо мне не дадуць працаваць».

У 1990-х гадах Юры Данькоў, які да адкрыцьця бізнэсу насіў прозьвішча Шыцік, быў абраны дэпутатам Менскага гарадзкога савету, спрабаваў стаць дэпутатам парлямэнту. Таксама Юры Данькоў вядомы як чалавек, які ўкладаў шмат грошай у дабрачыннасьць, у тым ліку ў ахову жывёл.

У 2001 годзе Юрый Данькоў быў прэтэндэнтам у кандыдаты на прэзыдэнта Беларусі, але для яго прэзыдэнцкая кампанія скончылася на этапе збору подпісаў і рэгістрацыі кандыдатам.

Натальля Данькова пра крымінальную справу свайго мужа Юрыя Данькова
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:22 0:00
Наўпроставы лінк


Юрый Данькоў быў затрыманы ў верасьні 2012 году і з таго часу застаецца пад вартай. Паводле Сьледчага камітэту, Данькову інкрымінавана некалькі злачынстваў, у тым ліку ўтрыманьне пры клюбе прытону, уцягваньне ў прастытуцыю, падробка дакумэнтаў, ухіленьне ад падаткаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG