Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магілеў: будзе суд за ўлёткі супраць расейскай авіябазы


Юры Новікаў

Юры Новікаў

На старшыню выканкаму Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сілаў і сябра Свабоднага прафсаюзу Беларускага Юрыя Новікава складзены пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня за распаўсюджваньне ўлётак супраць разьмяшчэньня ў Беларусі замежных ваенных базаў.

Новікава чакае суд. Яму пагражае штраф.

Паводле Юрыя Новікава, у пратаколе яго абвінавачваюць, што ён, «ня будучы распаўсюднікам сродкаў масавай інфармацыі, раздаваў мінакам на вуліцы Ленінскай у Магілёве ўлёткі з заклікам «Не — ваенным базам на беларускай зямлі».

«Калі я запытаў у міліцыянта, які складаў пратакол, ці ўлёткі зьяўляюцца сродкамі масавай інфармацыі, ён адказаў, што, відаць, не. Ён заявіў, што калі пратакол начальству не спадабаецца, то яго перапіша. Я ж буду чакаць суду і штрафу», паведаміў Радыё Свабода Юры Новікаў.

8 верасьня актывісты апазыцыйных арганізацыяў абласнога цэнтру пачалі маратон супраць замежных вайсковых базаў. У межах гэтага маратону і адбываўся збор подпісаў на вуліцы Ленінскай. Калі акцыя скончылася, Юрыя Новікава затрымалі.

8 верасьня ў Магілёве меўся адбыцца мітынг супраць намераў улады разьмясьціць у Беларусі расейскую авіябазу. Гарвыканкам ня даў дазволу на правядзеньне акцыі пратэсту. У адказ актывісты выйшлі да людзей, каб тыя выказалі сваё стаўленьне да магчымага зьяўленьня ў краіне замежных базаў.
XS
SM
MD
LG