Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ермакова: «Наўмысна стрымліваць курс Нацыянальны банк ня будзе»


«Наўмысна стрымліваць курс Нацыянальны банк ня будзе. Пастаўленая перад ім задача — толькі абмяжоўваць рэзкія курсавыя ваганьні на валютным рынку», — заявіла старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Надзея Ермакова, адказваючы на пытаньні падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце інфармацыйнага агенцтва БелТА.

«Аслабленьне курсу беларускага рубля апошнім часам зьвязанае зь перавышэньнем попыту над прапановай з-за сытуацыі, якая складаецца ў зьнешнім гандлі, і зьмены паводзін насельніцтва», — кажа Ермакова.

«Далейшая дынаміка курсу будзе залежаць ад разьвіцьця макраэканамічнай сытуацыі ў краіне. Пры захаваньні больш высокага попыту на валюту над прапановай працягнецца і аслабленьне беларускага рубля — наўмысна стрымліваць курс Нацыянальны банк ня будзе. Пастаўленая перад ім задача — толькі абмяжоўваць рэзкія курсавыя ваганьні на валютным рынку».

Інфляцыя ў 2014 годзе – 11%, стаўка рэфінансаваньня – 15–17%


У Беларусі ў 2014 годзе інфляцыя складзе 11%, стаўка рэфінансаваньня Нацбанку пры такім прагнозе складзецца ў памеры 15–17%, золатавалютныя рэзэрвы краіны вырастуць на 200–500 мільёнаў даляраў, заявіла Ермакова.

«Распрацаваны цяпер праект Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2014 год прадугледжвае, што ўзровень інфляцыі зьнізіцца да 11%, а золатавалютныя рэзэрвы павялічацца на 200–500 млн даляраў», — заявіла Надзея Ермакова падчас онлайн-канфэрэнцыі.

Яна адзначыла, што памер стаўкі рэфінансаваньня будзе падтрымлівацца на ўзроўні, неабходным для дасягненьня цэнавай стабільнасьці ў эканоміцы, і яе значэньне будзе залежаць ад таго, як складаецца сытуацыя ў эканоміцы.

Ермакова: «Мы ўжо прыходзім да таго, што дэнамінацыю трэба рабіць»


На пытаньне, ці чакаецца дэнамінацыя ў 2014 годзе, старшыня Нацбанку Надзея Ермакова адказала:

«Пакуль не магу сказаць, чакаецца ці не, але ўжо прыходзім да таго, што дэнамінацыю трэба рабіць. Трэба яшчэ вызначыць, калі яна будзе. Раней думалі, што інфляцыя будзе зьніжацца і ў наступным годзе надыдзе пэрыяд, калі маглі б падысьці да дэнамінацыі. Але, на жаль, іншыя фактары на валютным рынку нас пакуль стрымліваюць, таму я не магу абяцаць абавязковую дэнамінацыю ў 2014 годзе. Будзем лічыць, шукаць варыянты. Спэцыялісты вызначаюць, калі надыдзе прыдатны пэрыяд, каб гэта не паўплывала істотна на пытаньні дэвальвацыі і больш на інфляцыю».
XS
SM
MD
LG