Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка страхуецца на выпадак байкоту ЧС-2014


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка сваім указам загадаў застрахаваць страты ў выпадку адмены, байкатаваньня або пераносу тэрмінаў правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году ў Менску.

Паводле ўказу дырэкцыя па правядзеньні чэмпіянату сьвету мае заключыць са страхавой арганізацыяй — рэзыдэнтам Беларусі дамову страхаваньня стратаў (страты прыбытку) дырэкцыі, Міжнароднай фэдэрацыі хакея ў выпадку адмены, байкатаваньня або пераносу тэрмінаў правядзеньня чэмпіянату.

Акрамя таго, ад выплаты ПДВ вызваляюцца абароты кампаніі Infront Sports & Media AG, якая займаецца прыцягненьнем афіцыйных партнэраў і рэклямай у рамках чэмпіянату.

Менскім уладам загадана зрабіць захады, каб прадухіліць беспадстаўны рост цэнаў на паслугі гатэляў і іншых установаў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца грамадзкім харчаваньнем, падчас правядзеньня чэмпіянату. Менгарвыканам таксама абавязаны прадставіць дырэкцыі чэмпіянату ў бязвыплатнае карыстаньне спарткомплексы «Менск-Арэна» і «Чыжоўка-Арэна» з 25 красавіка да 31 траўня і забясьпечыць для асобаў, акрэдытаваных для ўдзелу ў чэмпіянаце, бясплатны праезд у грамадзкім транспарце (за выключэньнем таксовак).

У сваёй рэзалюцыі Эўрапарлямэнт заклікае Міжнародную хакейную фэдэрацыю перагледзець рашэньне аб правядзеньні чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі ў сувязі з катаваньнямі палітычных зьняволеных, паведамляе EU Observer.

У 2009 годзе Міжнародная хакейная фэдэрацыя пастанавіла правесьці чэмпіянат сьвету-2014 у Менску. У траўні 2013 году гэта рашэньне было зацьверджана, нягледзячы на пярэчаньні праваабаронцаў і шэрагу эўрапейскіх палітыкаў.
XS
SM
MD
LG