Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек звыкся хавацца за шырокімі сьпінамі жывёлаў; калі ўся надзея баязьлівага гома сапіенса на несьмяротнасьць жыве ў сэрцы лябараторнага пацука — пра якіх гаспадароў прыроды можа ісьці гаворка? Белка унд Стрэлка — вось імёны чалавечага страху. Напэўна, нешта падобнае да перажываньняў сабак-касманаўтаў давялося ў 1783-м адчуць і ім, першым пасажырам лятальнага апарату ў гісторыі авіяцыі, сьціплым героям яшчэ цнатлівых нябесных высяў — авечцы, качцы і пеўню. Так і хочацца дадаць: гальскаму пеўню, але выбар жывёлаў наўрад ці быў абумоўлены нацыянальнай гордасьцю: што блыталася пад нагамі, тое і запусьцілі. Гэта толькі касманаўтаў бяруць выключна ў спэцстайнях і супэрінкубатарах...

Імёнаў адважных першапраходцаў гісторыя не захавала. Можа, авечка і мела нейкае мяно, але качак і пеўняў ні папы, ні пэйзане дакладна ня хрысьцяць. Што захавалася, дык гэта расфарбаваная гравюра васямнаццатага стагодзьдзя, якая ня горш за фотаздымак перадае атмасфэру тых падзей. 19 верасьня таго слаўнага году ў неба над Вэрсалем узьняўся напоўнены дымам паветраны шар з падвешанай да яго клеткай, дзе жаласьліва крычалі, кожны на свой лад, трое няшчасных жывёлін.

А можа, і ня жаласьліва. Можа, яны горда абвяшчалі сьвету пра тое, што жывёла можа ўсё, а чалавек — баіцца. Можа, яны проста крычалі: «Паехалі!», як трое гагарынаў, а ніхто не зразумеў намёку. Больш за астатніх ганарыцца певень. Ясна чаму.

На пляцы амаль не відаць вольнага месца — як перад рэвалюцыяй або пасьля футболу. Але Кісьляк яшчэ не забіў, і ніводзін боінг яшчэ не забіўся. Калі ўслухацца, з гравюры чуваць, як шуміць народ: Яно ляціць! Пакрыўджана адварочваюцца халодныя вэрсальскія статуі — маўляў, о людзі, недасканалыя стварэньні, дзіцячы садок: знайшлі чым любавацца. Сіне-залаты шар засланяе хмары, доўгі дымны хвост нагадвае пра ўжо блізкую брудную будучыню. Яно — ляціць.

«Яно» праляцела чатыры кілямэтры за восем хвілін і плаўна, як парашут анёла, апусьцілася на зямлю. Гэта быў ня першы палёт паветранага шара, зладжаны братамі Мангальф’е — яшчэ 5 чэрвеня яны пасьпяхова запусьцілі ў неба над Парыжам сваю самакрутку. Аднак верасьнёўскі палёт зрабіўся вяхою: жыць можна і на вышыні. Галоўнае — правільна абраць авіякампанію.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG