Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства ўнутраных спраў прызнала, што сытуацыя з асабліва цяжкімі злачынствамі ў Беларусі няпростая — кожны дзень здараецца адно забойства і тры выпадкі нанясеньня цяжкіх цялесных пашкоджаньняў.

Асноўнай іх прычынай называюць рост алькагалізацыі насельніцтва.

«Прычыны ўчыненьня асабліва цяжкіх злачынстваў шматгранныя, але асноўныя — гэта ўстойлівыя асацыяльныя паводзіны, злоўжываньне алькаголем, нежаданьне асобных катэгорыяў грамадзян займацца грамадзка-карыснай працай, зьмяненьне ня ў лепшы бок маральных арыентыраў», — такое меркаваньне выказалі Інтэрфаксу ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі.

У праваахоўных органах адзначаюць павелічэньне апошнім часам колькасьці забойстваў, у тым ліку ўчыненых з асаблівай жорсткасьцю. Толькі за апошні месяц-два ўчынена некалькі падвойных забойстваў.

Сярод прычынаў забойстваў у МУС называюць і псыхічныя расстройствы. Экспэрты таксама прызнаюць «зусім невытлумачальную рэч, калі з цалкам незразумелых прычын пасьля так званага зацішша зьдзяйсьняецца чарада жорсткіх забойстваў, зусім не зьвязаных паміж сабой, у розных рэгіёнах краіны».

Сёлета за 8 месяцаў ад забойстваў і наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджаньняў загінула больш за 320 чалавек, а 116 трапілі ў лякарні і ў далейшым могуць застацца інвалідамі.

Паводле экспэртаў, у грамадзтве ўсё больш людзей пачалі схіляцца да думкі, што сьмяротнае пакараньне ня стрымлівае злачынцаў і што колькасьць забойстваў дзякуючы яму не зьмяншаецца.

У МУС таксама адзначаюць, што п’янства набыло пагрозьлівыя маштабы. Паводле Нацыянальнага статкамітэту, у краіне за пэрыяд 2001–2012 гг. рэалізацыя алькагольных напояў і піва вырасла з 8,8 да 12,6 літраў на душу насельніцтва ў пераліку на абсалютны алькаголь. А гэта значна перавысіла вызначаны Сусьветнай арганізацыяй аховы здароўя крытычны парог — 8 літраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG