Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мазэці – Лукашэнку: Купі самалёт


Ганна Ліна Фрэй і Тумас Мазэці ў кабіне самалёта

Ганна Ліна Фрэй і Тумас Мазэці ў кабіне самалёта

Cамалёт, які летась 4 ліпеня скінуў на Беларусь «мядзьведжы дэсант», выстаўлены на продаж на віртуальным аўкцыёне eBay.

Тумас Мазэці, швэдзкі пілёт, які летась 4 ліпеня скінуў на Беларусь «мядзьведжы дэсант», паведамляе, што драўляны самалёт, на якім ён зьдзейсьніў той палёт разам са сваёй будучай жонкай Ганнай Лінай Фрэй, выстаўлены на продаж на віртуальным аўкцыёне eBay.

Стартавая цана самалёта: 1 амэрыканскі даляр. У аўкцыёне можа ўзяць удзел кожны, хто пройдзе стандартную працэдуру рэгістрацыі на гэтым аўкцыённым сайце.

Тумас Мазэці таксама паведамляе, што грошы за продаж самалёта пойдуць на падтрымку «змагароў за правы чалавека ў Беларусі».

У іранічным дадатку да свайго паведамленьня швэдзкі пілёт і рэклямны адмысловец Тумас Мазэці прапануе купіць самалёт Аляксандру Лукашэнку, каб «вартая мільярды даляраў беларуская паветраная абарона магла папрактыкавацца ў выкрываньні драўляных самалёцікаў».

Нагадаем, што аднаматорны самалёт са швэдзкім экіпажам і з плюшавымі мядзьведзікамі на борце перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня 2012 году. Прыкладна паўтары гадзіны ён правёў у паветранай прасторы краіны. За гэты час ён скінуў над Івянцом і ўскраінай Менску больш за 800 цацак з надпісамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

31 ліпеня Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад пасадаў старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і Войскамі паветранай абароны Ўзброеных сіл генэрал-маёра Дзьмітрыя Пахмелкіна. Падставай для звальненьня стала «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», паведаміла тады прэсавая служба Лукашэнкі.

Аб няпоўнай службовай адпаведнасьці папярэджаныя міністар абароны Юры Жадобін і начальнік Генштабу Ўзброеных сілаў – першы намесьнік міністра абароны генэрал-маёр Пётар Ціханоўскі. Былі абвешчаныя вымовы дзяржсакратару Савету бясьпекі Леаніду Мальцаву і старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву.

Акцыю з плюшавымі мядзьведзікамі зладзіла швэдзкае агенцтва Studio Total. Непасрэдна ў падрыхтоўцы палёту ўдзельнічалі Пэр Кромвэл, Томас Мазэці і Ганна Ліна Фрэй. У сувязі з расьсьледаваньнем гэтай справы беларускі КДБ выпісаў ім позвы. Але прадстаўнікі Studio Total адказалі ў тым сэнсе, што няхай кіраўнік Беларусі прыедзе ў Швэцыю, калі хоча пагаварыць зь імі.
XS
SM
MD
LG