Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ў IV квартале скароціць пастаўкі нафты ў Беларусь на 41,5%


Мазырскі НПЗ

Мазырскі НПЗ

Расея паставіць у Беларусь у IV квартале 3,1 мільёна тон нафты.

Такі аб’ём прадугледжаны графікам транспартаваньня нафты па сыстэме нафтаправодаў за межы Расейскай Фэдэрацыі. Пра гэта паведамляе прэс-служба расейскага Мінэнэрга.

У ІІІ квартале Расея паставіць у Беларусь па сыстэме «Транснафты» 5,3 мільёна тон нафты. То бок экспарт расейскай нафты ў Беларусь у IV квартале ў параўнаньні з III кварталам зьнізіцца на 41,5%.

Расея і Беларусь на працягу ўсяго 2013 году не маглі ўзгадніць гадавы балянс паставак нафты. Расея настойвала на пастаўках 18,5 мільёна тон у год, Беларусь — на 23 мільёнах тон. Канкрэтныя аб’ёмы зацьвярджаліся ў штоквартальных графіках паставак нафты. Так, у I квартале «Раснафта» паставіла ў Беларусь 5,75 мільёна тон, у II і Ш квартале — па 5,3 мільёна тон.

Пасьля арышту беларускімі ўладамі кіраўніка «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра віцэ-прэм’ер Расейскай Фэдэрацыі Аркадзь Дварковіч заявіў, што Расея ў апошнім квартале году можа скараціць пастаўкі нафты ў параўнаньні з III кварталам. Зьніжэньне будзе разьлічвацца зыходзячы з абавязаньняў РФ па пастаўцы 18,5 мільёна тон.

Адначасова «Транснафта» паведаміла, што з-за рамонту на нафтаправодзе «Дружба» пастаўкі нафты ў Беларусь у верасьні будуць скарочаныя з 1,6 да 1,37 млн тон. Прэзыдэнт «Раснафты » Ігар Сечын, у сваю чаргу, адзначаў, што ягоная кампанія разьлічвае захаваць пастаўкі нафты ў Беларусь у ранейшых аб’ёмах.
XS
SM
MD
LG