Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Новыя кошты на паліва — «карупцыйны» падатак


Другі раз цягам верасьня падаражэлі бэнзін і салярка. Гэтым разам — у сярэднім больш чым на 8%. У канцэрне «Белнафтахім» традыцыйна спасылаюцца на неабходнасьць выраўноўваньня коштаў аўтамабільнага паліва ў рамках Мытнага зьвязу. Між тым маніторынг цэнаў сьведчыць, што Беларусь у гэтым ужо апярэдзіла і Расею, і Казахстан.

Цана паліва перасягнула псыхалягічную адзнаку — 1 даляр у эквіваленце за літар.

Крыху больш за гэтую велічыню цяпер каштуе літар гатунку Аі-95 (рост ад 8300 да 9100 рублёў). Але найбольш істотная падвышка тычыцца дызэльнага паліва: цяпер за літар стандартнай саляркі трэба аддаць 9200 рублёў, за эўра-5 — 9400 (1,02 і 1,04 даляра адпаведна). Такім чынам, з улікам трох падаражэньняў ад пачатку году кошт бэнзіну «Нармаль-80» падвысіўся на 17% , на Аі-92 і дызпаліва — на 20% , на Аі-95 — на 21%.

Новыя цэны

Гатунак Новая цэна На колькі падаражэла, у %
Нармаль-80 7 900 6,8
Аі-92 8 200 - 8 400 6,5-7,7
Аі-95 9 100 9,6
Дызпаліва (самае таннае) 9 200 8,2


Кіроўцаў на аўтазалівачных станцыях абурае, што паліва даражэе без аніякага эканамічнага абгрунтаваньня — рубель хоць і абясцэньваецца, але ўсё ж ня так шпарка, а заробкі ўвогуле стаяць на месцы:

Кіроўца «Опэля»: «Ня ведаю, далей ужо расьці нібыта няма куды. Але ж расьце. Мабыць, давядзецца хутка на ровар пераходзіць. Праўда, зіма на носе, ня лепшы момант».

Кіроўца «Мазды»: «Падвышэньне ідзе пастаянна. І ніякай іншай рэакцыі, апроч абурэньня, гэта не выклікае. Рабуюць насельніцтва самым натуральным чынам».

Кіроўца «Шкоды»: «У параўнаньні з заробкамі, я лічу, кошты паліва растуць нашмат хутчэй. То бок у нашых умовах гэта вельмі дорага, і аб’ектыўна ня ўсе могуць пацягнуць такія цэны».

Спрэчным выглядае і ківаньне «Белнафтахіму» на Расею — маўляў, гэта Масква патрабуе выраўноўваць цэнавую плянку. Аднак выглядае, што кошт саляркі ў Беларусі ўжо вышэйшы ня толькі за памежныя рэгіёны (Смаленская, Бранская, Пскоўская вобласьці і г.д.), але і за маскоўскія. Сувымерныя цэньнікі і на бэнзіны — пры тым, што сярэдні заробак па Маскве наблізіўся да 1500 даляраў, тым часам як у Беларусі ён ня ўсюды дарос і да паўтысячы. Што да Казахстану, то цэны і на бэнзін, і на салярку там самыя нізкія ў Мытным зьвязе — менш за 1 даляр у эквіваленце.

Чаму пры льготных коштах расейскай нафты цэны на паліва ўвесь час растуць? Раней у інтэрвію Радыё Свабода кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка зазначыў, што Беларусь купляе нафту па 380 даляраў за тону — самую танную за апошнія гады. Пры тым, што для ўнутраных патрэбаў неабходна 7 мільёнаў тон нафты, НПЗ у Мазыры і Наваполацку перапрацоўваюць больш за 20 мільёнаў тон. Пры такіх коштах і аб’ёмах, на думку аналітыка, паліва для беларусаў павінна каштаваць у паўтара раза менш, чым цяпер.

Тым часам экспэрт у энэргетычнай галіне Аляксандар Мех зазначае, што чарговае падаражэньне нафтапрадуктаў супала з прыездам у Менск прэзыдэнта расейскай кампаніі «Роснефть» Ігара Сечына і кіраўніка «Газпрома» Аляксея Мілера:

«Якія там у іх былі дамоўленасьці, мы можам толькі ўяўляць, таму што грамадзкасьці іх вынікі не даводзяцца. Але сутнасьць у тым, што пасьля ўсіх гэтых візытаў і пасьля размоваў Лукашэнкі з гэтымі алігархамі кошт паліва для беларусаў значна падвысіўся. Пра што гэта сьведчыць? Цана нафты на ўсясьветных біржах на 8% за гэты час не павялічылася. Таму гэта азначае толькі тое, што нехта будзе класьці прыбытак сабе ў кішэню. Іншымі словамі, наша насельніцтва ўжо плаціць ня проста нейкі інфляцыйны падатак, а будзем лічыць гэта карупцыйным складнікам, карупцыйным падаткам. Прычым робіцца ўсё на міждзяржаўным узроўні».

Перад папярэднім падвышэньнем коштаў 3 верасьня міністар эканомікі Мікалай Снапкоў сьцьвярджаў, што ў любым разе беларускае паліва будзе на 8-10% таньней, чым у Расеі. Аднак на справе аказалася, што прагнозы эканамічнага ведамства ня спраўдзіліся. Меркаваньне на гэты конт выказвае Аляксандар Мех:

«Ведаеце, тое, што кажуць усе гэтыя чыноўнікі, на гэта ня трэба зьвяртаць ніякай увагі. У іх язык як памяло, ім бяз розьніцы, што казаць, яны кожную бязглузьдзіцу могуць чымсьці апраўдаць. Насамрэч іх ужо ніхто ня слухае. Таму што разумеюць: ніякага лягічнага тлумачэньня дзеяньням дзяржавы ў іх словах няма. Безумоўна, у людзей будзе законнае абурэньне. Пакуль што людзі абураюцца ціха, але ж урэшце прарве...»

Летась цэны на аўтамабільнае паліва падвышаліся чатыры разы. Але рэкорд належыць 2011 году, калі ва ўмовах трохразовага абясцэньваньня рубля цэны зьмяняліся ажно 11 разоў. Тады розныя гарады Беларусі скаланулі шматтысячныя акцыі «Стоп-бэнзін», вынікам якіх стала кароткатэрміновае адкручваньне цэнаў назад. Праўда, неўзабаве яны зноў упэўнена папаўзьлі ўверх.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG