Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таджыцкія ісламісты вылучылі ў прэзыдэнты жанчыну


Айніхол Бабаназарава

Айніхол Бабаназарава

Ісламская партыя Таджыкістану на пазачарговым зьезьдзе падтрымала ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты вядомую праваабаронцу Айніхол Бабаназараву.

За яе кандыдатуру прагаласавалі 479 з 488 дэлегатаў зьезду другога па колькасьці палітычнага аб'яднаньня краіны. Бабаназарава мае быць агульным кандыдатам ад аб'яднаных апазыцыйных сілаў Таджыкістану на прэзыдэнцкіх выбарах 6 лістапада.

"Кааліцыя апазыцыйных партый – гэта першы крок да стварэньня кааліцыйнага ўраду. Падтрымка жанчыны Ісламскай партыяй была сапраўды няпростым рашэньнем, зь якім шмат якія нашы прыхільнікі былі ня згодныя. Тым болей улічваючы наша традыцыйнае грамадзтва. Але гэта быў сьвядомы выбар", -- цытуе Бі-бі-сі лідэра Ісламскай партыі Таджыкістану Мухыдзіна Кабіры.

У канцы 1980-х гадоў Айніхол Бабаназарава была адной са стваральніц Дэмакратычнай партыі Таджыкістану. У 1993 годзе яна была арыштаваная паводле абвінавачаньня ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту і ў здрадзе радзіме. Пасьля вызваленьня яна вярнулася да праваабарончай дзейнасьці. Бабаназарава адпрацавала болей за 10 гадоў дарадцай па правах чалавека ў офісе АБСЭ ў Душанбэ. Ды іншых міжнародных арганізацыях. Апошнія некалькі гадоў яна ўзначальвае грамадзкае аб'яднаньне "Пэрспэктыва+", якое абараняе правы жанчын, працоўных мігрантаў і ахвяраў катаваньняў.
XS
SM
MD
LG